Канстанцін Іваноўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцін Іваноўскі
Род дзейнасці удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэння 3 студзеня 1930(1930-01-03) (94 гады)
Месца нараджэння

Канстанцін Іваноўскі (3 студзеня 1930) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да смаргонскай групы арганізацыі.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 3 студзеня 1930 г. у в. Дэгісі Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць).

Скончыў Сольскую сямігодку, а затым пайшоў вучыцца ў Смаргонскую сярэднюю школу. Там далучыўся да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля. Вучнёўская арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў.

Кастусь Іваноўскі нейкі час хаваўся, але савецкія карныя органы яго арыштавалі на пачатку 1950 г., калі ён быў вучнем 9 класа. Асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі летам таго ж году па справе той жа арганізацыі на 10 гадоў зняволення «за неданясенне». На допытах адмаўляў усе абвінавачанні, што, магчыма, абумовіла адносна невялікі прысуд — большасць іншых удзельнікаў атрымала 25 гадоў, а Расціслаў Лапіцкі быў расстраляны. На судзе Канстанцін Іваноўскі казаў: «Я ніколі не быў суджаны, і суджаным не буду!», а таксама заявіў, што следчы выбіваў з яго паказанні катаваннямі, але той сказаў, што нікога не біў і што следства адбывалася ў межах закону.

Пакаранне адбываў разам з Зянонам Ахрамовічам і сваім аднавяскоўцам Эдуардам Сташкевічам у Свярдлоўскай вобласці, у Іўдзелі, на лесапавале і будаўнічых работах.

У лютым 1954 г. вызвалены. Вярнуўся ў родную вёску Дэгісі, паступіў вучыцца ў Навагрудак. Удзельнічаў у напісанні успамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».

Жыве ў роднай вёсцы, дзе працуе ў сельскай гаспадарцы. Рэабілітаваны.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154801.html Біяграфія Канстанціна Іваноўскага

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.