Канстанцін Фадзеевіч Кукевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Канстанцін Кукевіч)
Канстанцін Кукевіч
Імя пры нараджэнні Канстанцін Фадзеевіч Кукевіч
Дата нараджэння 21 мая 1818(1818-05-21)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 сакавіка 1840(1840-03-03) (21 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Жанр батальны, бытавы жанры
Вучоба
Мастацкі кірунак Жанравы жівапіс
Уплыў А. Г. Венеціянаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Канстанцін Фадзеевіч Кукевіч (руск.: Константин Кукевич; 1817, Вільня — 1842, вёска Веркі Віленскага павету — беларускі і расійскі мастак першай паловы XIX ст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Канстанцін Кукевіч нарадзіўся ў сям’і віленскага адваката. Жівопісу навучаўся ў Яна Рустэма ў Віленскай мастацкай школе пры Віленскім ўніверсітэте. З 1835 навучаўся у Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў у папулярнага ў той час мастака-баталіста А. І. Зауервэйда[1].

Ў 1836 ганараваны другім срэбраным медалём, а ў 1837 за карціну «Гусар верхам у заезнага двара» першым срэбраным медалём Акадэміі. У 1839 скончыў навучанне са званнем мастака XIV класа і шпагай.

Батальны жывапіс валодал ў Акадэміі пэўным прыярытэтам: звычайна гэта былі вялікія палотны з гістарычным сюжэтам. Яны падабаліся імператару Мікалаю I, ― за творчасцю вучняў майстэрні ён сачыў асабіста. Канстанцін Кукевич за свой пецярбургскі перыяд 1835-1839 гг. стварыў 32 батальныя кампазіцыі. Уласна, яго і Януара Сухадольскага з Гродна можна лічыць заснавальнікамі беларускага і літоўскага батальнага жывапісу[2].

Аднак, баталістам Кукевіч не зрабіўся, яго больш займалі жанравыя сцены з народнага і салдацкага побыту.

Працаваў у Вільні і ў маёнтку Веркі. Яму належіць серыя літаграфій са сцэнамі з народнага жыцця ― «Вільна ў 1840 годзе».

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

К. Кукевіч. Букініст

Яшчэ ў Акадэміі Канстанцін Кукевич напісаў працы «Салдат, які разводзіць агонь у лесе» (1836), «Гусары» (1837) і інш. Па сваім стылістычным асаблівасцям і вобразнаму выразе яны вельмі блізкія да ранніх работ А. Венецыянава.

Асабліва цікавыя карціны Кукевича «Рускія салдаты ў вёсцы» і «Прывал ўланаў ля пераправы праз раку», напісаныя ў пецярбургскі перыяд (абедзве знаходзяцца ў пецярбургскім Рускім музеі). Сюжэт карціны «Рускія салдаты ў вёсцы» такі: у вёску на пастой прыбываюць салдаты. Сельскі стараста размяркоўвае іх па хатах. Група салдат спынілася ля ганка небагатага дома, з дзвярэй якога цікавіцца гаспадыня. У некалькіх кроках ад гэтай групы мужык сячэ дровы. Для яго ўсё гэта не ўпершыню, таму ён не звяртае ніякай увагі на салдат і старасту. У карціне усё проста і штодзённа. Тут няма напружаных, вострых сітуацый, імклівага руху, глыбокіх перажыванняў. Такую ж марудлівасць, спакойную штодзённасць можна ўбачыць і ў карціне «Прывал ўланаў ля пераправы праз раку». Сюжэт яе просты: спешаныя уланы вядуць ля пераправы марудлівую гутарку са выпадковымі спадарожнікамі. Тут і гарадскі франт, і вандроўнік-пілігрым, і сялянка. У карціне натуральнасць кампазіцыі арганічна спалучаецца з сацыяльнай характарыстыкай гэтых людзей.

У 1839 на акадэмічнай выставе ў Пецярбургу мелі поспех карціны Кукевича «Салдацкі прывал», «Карчма» і «Бівуак», дзе мастак працягвае абраную раней тэму народнага і салдацкага побыту. Але ў яго з'яўляюцца карціны не толькі пра салдат і сялян. Карціна «Жыдоўскія кантрабандысты ў наваколлях Вільні» ― гэта па сутнасці аповяд пра незнаёмае жыццё сацыяльнай праслойкі Заходняга краю.

К. Кукевіч. Жыдоўскія кантрабандысты ў наваколлях Вільны

Кукевіч шмат працаваў і ў графіцы: захавалася некалькі жанравых замалёвак віленскіх жыхароў. З гэтых работ найбольш цікавыя «Гандляр шапкамі», «Букініст», «Старызнік», «Карчма ў прадмесце». Вобразы гараджан, дробных гандляроў, гулякаў тут вельмі выразныя. Мастак глядзіць на сваіх персанажаў з мяккай іроніяй, спачувае ім. Ён намаляваў партрэт віленскага юродзівага бажаволка Крышталевіча, ― віленскі купец Вэйс, ведаючы папулярнасць гэтага паэта-вар'ята, распаўсюдзіў партрэт па ўсім краі, і нядрэнна зарабіў[3].

К. Кукевіч. Карчма ў прадмесці

Некалькі прац К. Кукевіча ёсць ў Альбоме Віленскім Яна Вільчынскага.

Ранняя канчына Кукевіча ў маёнтку Веркі блізу Вільні на 32-м годзе жыцця не дазволіла яго таленту раскрыцца ў поўнай меры, але і тыя працы, што ён пакінуў, увайшлі ў культурную спадчыну як значная з'ява ў міравым жывапісу.

Зноскі

  1. Кукевіч Канстанцін Фадзеевіч // Энціклапедыя гісторыі Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 292.
  2. Усава Н. Пецярбургская Акадэмія мастацтваў і фарміраванне мастацкага асяроддзя на Беларусі ў другой палове ХIХ i пачатку ХХ ст. // Беларускі зборнік. Артыкулы і матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі. — СПб.: Расейская націянальная бібліятэка, 2003. — № 2.
  3. Магіла Крышталевіча. Радыё Свабода.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сяльвестрава-Куль С. Выхаванцы рускіх мастацкіх школ на Беларусі ў ХIХ стагоддзі // Беларуска-рускае культурнае ўзаемадзеянне канца ХIХ — пачатку ХХ ст.: Матэрыялы навук. канф., прысвеч. 150-годдзю з дна нараджэння I.Я.Рэпiна i 100-годдзю знаходжання мастака на Беларусi. ― Віцебск, 1995.
  • Лазука Б.А. Гісторыя беларускага мастацтва у 2 тт. – Мінск: Беларусь, 2007. – Т. 2. XVIII – пачатак XXI стагоддзя. – 351 с.
  • Свирида И. И. Между Петербургом, Варшавой и Вильно. Художник в культурном пространстве. XVIII — середина XIX вв. ― М., 1999
  • Дробаў Л. М. Беларускiя мастакi XIX стагоддзя. ― Мн., 1971
  • Дробаў Л. М. Роля Вiленскай школы жывапiсу у развiццi выявленчага мастацтва Беларусi першай палавiны XIX ст. // Весцi АН БССР. Серыя грамадскiх навук, 1961, № 3
  • Крэпак Б. А. Вяртанне імёнаў: нарысы пра мастакоў: у 2 кн. — Мн., Мастацкая літаратура, 2013―2014.
  • Государственный Русский музей. Живопись. Первая половина XIX века. Каталог (К-Я). Том 3. ― СПб. 1998
  • Stefania Krzysztofowicz-Kozakowska. Malarstwo Polskie w zbiorach za granicą. — Wydawnictwo Kluszczyński, 2003. — ISBN 83-88080-85-7.
  • Od starożytności do współczesności - Malarstwo i rzeźba. — Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN S.A., 2006.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]