Ян Рустэм

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ян Рустэм
Фатаграфія
«Аўтапартрэт з палітрай», 1810-я
Дата нараджэння 1762[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 чэрвеня 1835(1835-06-21)[4][3][…]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, выкладчык універсітэта
Месца працы
Жанр мастак-партрэціст
Мастацкі кірунак пераходны ад класіцызму да рамантызму
Уплыў на Караль Рыпінскі і Ян Ётэйка
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Ян Рустэм (польск.: Jan Rustem, літ.: Jonas Rustemas, арм.: Յան Ռուստամ; 1762, Канстанцінопаль — 9 (21) чэрвеня 1835, Дукшцялі, цяпер Ігналінскі раён, Літва) — мастак, стваральнік Віленскай мастацкай школы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Па розных версіях Рустэм быў армянскага, грэчаскага альбо турэцкага паходжання.

Нарадзіўся ў Канстанцінопалі[6]. Дзесяцігадовы сірата быў прывезены ў 1774 годзе князем Адамам Казімірам Чартарыйскім у Варшаву. На яго сродкі выхоўваўся і вучыўся выяўленчаму мастацтву спачатку ў Варшаве ў Яна Пятра Норбліна. У 1788—1790 гадах дапоўніў адукацыію ў Германіі, па вяртанні надалей вучыўся ў Норбліна, а таксама ў каралеўскага мастака Марчэла Бачарэлі. Надалей працаваў партрэтыстам і вучыў мастацтву сярод літоўскай шляхты. Так, у 1790 годзе працаваў мастаком у тэатры Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме, дзе праектаваў дэкарацыі. У 1793-1798 гадах жыў у маёнтку Станіслава Солтана і Францішкі Тэафіліі з Радзівілаў Солтан у Дзятлаве[7]. У 1795-1796 гадах у Дзятлаве мастак ажаніўся з Ганнай з Кунертаў, там сама нарадзілася іх дачка Ганна-Францішка-Фларыяна[8].

З 1798 года пры кафедры жывапісу выкладаў у Галоўнай віленскай школе, у 1803 годзе ператворанай у Імператарскі Віленскі ўніверсітэт, спачатку ў якасці ад’юнкта на кафедры жывапісу прыпрафесары Францішку Смуглевічы[6]. У 1800 годзе атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў і званне акадэміка. Пасля смерці Смуглевіча ў 1807 годзе Рустэм стаў прафесарам і загадваў Віленскай мастацкай школай пры ўніверсітэце[6]. Разам з графікам Джозэфам Саўндэрсам, рэфармаваў сістэму навучання, была ўведзена трохступенная школа рысунку, толькі пасля сканчэння якой наступаў выбар спецыялізацыі — жывапіс, гравюра ці скульптура. Сам выкладаў рысунак, а пазеней таксама жывапіс — ад 1811 года як надзвычайны прафесар, а з 1821 года як звычайны прафесар. З 1818 года, пасля ад’езду Саўндэрса, самастойна кіраваў усёй школай. Упершыню ўвёў у навучальны працэс працу з натуры[6].

Адам Шэмеш пакінуў наступныя ўспаміны пра навучальны працэс пад кіраўніцтвам Рустэма:

У гэты разнастайным натоўпе лёгка было распазнаць прафесара Рустэма, па яго выразнаму твару і галаве, пакрытай фескай. Ён з цяжкасцю праціскваўся паміж шчыльна застаўленымі сталамі і мальбертамі вучняў, упаўголас папраўляў іх працы. А ў залі панавала поўная цішыня, хоць там ніколі не было надзіральнікаў. Дастаткова было прысутнасці любімага і шанаванага прафесара[9].

Таксама ў 1803-07 гадах навучаў рысунку ў Віленскай гімназіі. Быў педагогам з паклікання, любіў сваіх вучняў і дбаў пра іх, здабываў стыпендыі і фінансавую дапамогу для бедных студэнтаў.

З 1810 года супрацоўнічаў з віленскім тэатрам, праектаваў дэкарацыі і касцюмы, удзельнічаў у падрыхтоўцы аматарскіх спектакляў.

У 1820 годзе арганізаваў першую ў Літве выстаўку выяўленчага мастацтва, на якой былі прадстаўлены работы яго вучняў.

Хоць у 1826 годзе выйшаў на пенсію, але выкладаў і надалей, ажно да закрыцця ўніверсітэта ў 1831 годзе.

У 1830 г. атрымаў ордэн святой Ганны 2-й ступені.

Яшчэ ў маладосці, падчас побыту ў Германіі, быў прыняты ў масоны, быў актыўным масонам, чальцом ложаў «Руплівы літвін» і «Добры пастар».

Апошнія гады жыцця, пасля закрыцця ўніверсітэта, жыў у маёнтку свайго сябры П’етра Пізані Пушкі пад Дукштамі, дзе і пахаваны.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт Ганны з Пучынскіх. Нацыянальны музей у Варшаве

Другой жонкай у 1826 годзе стала Ганна з Пучынскіх (1789—1868), удава Яна Зайдлера, уладальніка аптэкі «Пад лебедзем»[10]. Захаваліся прынамсі два яе партрэты пэндзлю Я. Рустэма. Адзін захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, а другі — у Літоўскім мастацкім музеі(руск.) бел..

Выкладчыцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Ян Рустэм. Аўтапартрэт

Вучнямі Я. Рустэма былі між іншых: І. Аляшкевіч, Валянцін Ваньковіч, Ян Дамель, Н. Орда, К. Русецкі, І. Хруцкі, В. І. Дмахоўскі, Ц. Бычкоўскі, К. Бахматовіч, А. Шэмеш, Т. Шаўчэнка, Ю. Азямблоўскі, П. Ётэйка[6]. Да найбольш адораных вучняў Рустэма адносяць Канута Русецкага[11].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Рустэм быў перадусім партрэтыстам. У сваіх творах случаў прынцыпы класіцызму з пэўным сентыменталізмам і раннерамантычнымі тэндэнцыямі. Стварыў партрэты мяшчанства, віленскай інтэлігенцыі, прафесараў і студэнтаў унівесрітэта. Часцей за ўсё рабіў пагрудныя партрэты, асноўную ўвагу засяроджваў на глыбокай характарыстыцы асобаў і выразе іх твараў.

Вядомыя творы[правіць | правіць зыходнік]

  • «Партрэт Тадэвуша Касцюшкі» (каля 1794) — Нацыянальны музей у Варшаве. Мініяцюрны партрэт кіраўніка паўстання, якія ў незлічоных колькасцях пашыраліся ў тыя часы. Гэта мініяцюра адрозніваецца тым, што няма прыўзнятай шаблі, якая прысутнічала ў гравюры, што служыла ўзорам.
  • «Партрэт Антонія Тызенгаўза» — у прыватнай калекцыі. Пазнейшая копія невядомага вучня знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільні. Таксама Рустэм стварыў партрэты Канстанціна і Рудольфа Тызенгаўзаў, у форме афіцэраў літоўскіх палкоў на баку Напалеона. Гэтыя партрэты захоўваліся ў калекцыі Пшаздзецкіх у Варшаве і загінулі падчас Другой сусветнай вайны, вядомыя толькі па фатаздымках.
  • «Партрэт Юзафа Кубліцкага» і «Партрэт Караліны з Солтанаў Кубліцкай» (каля 1805) — Нацыянальны музей у Варшаве. Юзаф Кубліцкі — завілейскі суддзя, пабраў шлюбам Караліну, дачку Станіслава Солтана, надворнага маршалка літоўскага.
  • «Партрэт Антонія Ваньковіча» і «Партрэт Ганны з Солтанаў Ваньковіч» (каля 1805) — Нацыянальны музей у Варшаве. Паходзяць з калекцыі Тышкевічаў у Чырвоным двары, пазней знаходзіліся ў Бенедыкта Тышкевіча ў Варшаве. Антоні Ваньковіч у 1807 годзе быў маршалкам шляхты ігуменскага павету, пазней — мінскага павету. Па ўваходзе войск Напалеона ў Мінск стаў членам часовай камісіі ўраду мінскай правінцыі і адным з наглядальнікаў шпіталя ў Мінску, дзе заразіўся тыфам і памёр разам з жонкай. Гэтыя два партрэты адносяцца да досыць рэдкіх у Рустэма поўнафарматных, утрымліваюць рэмінісцэнцыі з брытанскага жывапісу.
Партрэт Марыі Мірскай, Барбары Шумскай і Адама Напалеона Мірскага. Каля 1808. Нацыянальны музей у Варшаве
  • «Марыя Мірская, Адам Напалеон Мірскі і Барбара Шумская» (каля 1808) — Каралеўскі замак у Вавелі, партрэт знаходзіўся спачатку ў валоданні сям’і Мірскіх, потым Шумскіх і Лапацінскіх у Сар’і.. Партрэтаваныя, у антычных строях, сімвалізуюць музы і Купідона.
  • «Патрэт Тэафіліі з Германоўскіх Гуцэвіч» (каля 1809) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт жонкі славутага віленскага архітэктара.
  • «Аўтапартрэт з палітрай» (каля 1810) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Сярод шматлікіх аўтапартрэтаў Рустэма вырозніваецца самай класічнай кампазіцыяй, прастатой і памяроўнасцю ў рэпрэзентацыі.
  • «Партрэт Джозэфа Саўндэрса» (1810—1813) — Нацыянальны музей у Варшаве. Тут адлюстраваны калега па выкладанню ў Віленскім універсітэце, дзякую якому гравёрства было выведзена ў галоўныя спецыялізацыі мастацкай адукацыі. Гэта любімая форма для партрэта ў Рустэма, камерная пагрудная выява, без якіх-небудзь рэквізітаў, адрозніваецца свежасцю і мастацкай свабодай.
  • «Партрэт з Марыі з Зажыцкіх Дабковай» (1811) — Нацыянальны музей у Вроцлаве. Вялікі рэпрэзентацыйны партрэт, зроблены паводле тагачаснай моды на антычнасць, мадэль адлюстраваная ў вобразе музы Эрата, апякункі любоўнай паэзіі.
  • «Партрэт Станіслава Солтана» (каля 1812) — Акруговы музей у Торуні. Станіслаў Солтан — быў адным з найбольш шанаваных віленскіх арыстакратаў. Маршалак надворны літоўскі, слонімскі стараста, Напалеонам быў прызначаны кіраўніком часовай Літоўскай нацыянальнай рады. Уяўляе сабою камерны варыянт афіцыйнага партрэта.
  • «Аўтапартрэт у фесцы» (пасля 1813) — Нацыянальны музей у Варшаве. Паводле ўспамінаў, мастак заўжды насіў феску, што мусіла нагадваць пра яго ўсходняе паходжанне. Таксама ёсць версія аўтапартрэта з фескай ў Літоўскім мастацкім музеі ў Вільні.
  • «Партрэт Станіславы Мірскай» (каля 1815) — Нацыянальны музей у Варшаве, партрэт знаходзіўся спачатку ў валоданні сям’і Мірскіх, потым Шумскіх і Лапацінскіх у Сар’і. Станіслава Мірская была ўдавой Станіслава Войцеха Мірскага, пісара ВКЛ. У яе віленскай сядзібе і таксаму маёнтку ў Завер’і часта гасціў мастак.
  • «Партрэт Яна Фрэдэрыка Нішкоўскага» (перад 1816) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Нішкоўскі быў не толькі папулярным у Вільні хірургам, але быў вядомы як чалавек цвёрдых маральных прынцыпаў.
  • «Партрэт Міхала Ромера» (1818-20) — Літоўскі нацыянальны музей, яшчэ адна версія гэтага партрэта захоўваецца ў Музеі польскага войска ў Варшаве. Быў створаны на замову масонскай ложы «Руплівы літвін» для ўшанавання свайго магістра. Лічыцца адным з лепшым партрэтаў Рустэма.
  • «Партрэт Юзафа Франка» і «Партрэт Крыстыны з Герхардаў Франк» (1819—1820) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Франк быў прафесарам медыцыны ў Віленскім універсітэце. Яго жонка, Крыстына Франк была таленавітай спявачкай і музычным педагогам.
  • «Партрэт Пятра Славінскага» (каля 1820) — Літоўскі нацыянальны музей. Астраном, прафесар Віленскага ўніверсітэта.
  • «Партрэт Міхала Длускага» (1820-21) — Архідыяцэзійны музей у Варшаве. Віленскі канонік, актыўны масон, быў намаляваны з масонскімі адзнакамі, пазней перамаляваны, што на доўгія гады прывяло да блытаніны ў ідэнтыфікацыі партрэтуемага.
  • «Партрэт Яна Гвальберта Рудаміны ў цюрбане» (1820-30) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Рудаміна паходзіў з вількамірскай шляхты, быў сакратаром віленскага дабрачыннага таварыства. Партрэт вырозніваецца рамантычным настроем.
  • «Партрэт Станіслава Баніфацыя Юндзіла» (1822) — Нацыянальны мастацкі музей імя Чурлёніса. Партрэт вядомага батаніка, прафесара Віленскаг ўніверсітэта.
  • «Партрэт Эдварда Яна Ромера» (1823-28) — Нацыянальны музей у Варшаве. Ромер быў адным з вучняў Рустэма, браў удзел у выставе 1820 г. Пазней прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-31 гг.
  • «Партрэт Яна Снядэцкага» (1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні, са збораў Антонія Тышкевіча. Снядецкі быў вядомым астрономам, прафесарам і рэктарам Віленскага ўніверсітэта. З серыі партрэтаў прафесуры Віленскага ўніверсітэта.
  • «Партрэт Мацвея Баранкевіча» (1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт вядомага ў Вільні лекара, зроблены ў традыцыйным пагрудным фармаце, адрозніваецца псіхалагізмам.
  • «Партрэт Алойзы Людвіка Капэлі» (каля 1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Па паходжанню італьняец, прафесар права Віленскага ўніверсітэта.
  • «Партрэт Барбары Шумскай» (каля 1823) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Натуральная поза мадэлі, пазбаўлены ідэалізацыі характар выявы сведчыць пра нарастанне рэалістычных тэндэнцый у мастака.
  • «Партрэт Антонія Ф’ярэнціні», «Партрэт Кацярыны з Навамейскіх Ф’ярэнціні», «Партрэт Тэклі з Сулоўскіх Ф’ярэнціні з унучкай» (перад 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Рустэм сябраваў з сямействам Антонія Ф’ярэнціні, італьянца па паходжанню, які трымаў у Вільні модную краму.
  • «Партрэт Пія Тышкевіча» (каля 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэт лагойскага графа, бацькі Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў.
  • «Партрэт Ежы Райкоўскага» (каля 1830) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Лекар Ежы Райкоўскі быў членам Віленскага таварыства дабрачыннасці, сучаснікі падкрэслівалі яго сціпласць і шчырае спачуванне бедным.
  • «Партрэт Марыі Ганны Равіч з сынам» (каля 1830) — Нацыянальны музей у Варшаве. Належыць да апошняй серыі партрэтаў прадстаўнікоў зямянства Міншчыны і Віленшчыны.
  • «Партрэт Медарда Коньчы» (1832) — Літоўскі мастацкі музей у Вільні. Партрэтаваны кіраваў паўстаннем 1831 г. у вількамірскім павеце.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #128793260 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 кастрычніка 2015.
  2. Jan Rustem
  3. 3,0 3,1 Jan Rustem // Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. RKDartists Праверана 26 жніўня 2017.
  5. Bibliothèque nationale de France Jan Rustem // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 356-357. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  7. Jonas Rustemas — dailininkas ir pedagogas. Vilnius: Lietuvos dailes muzejus, 2013.
  8. Зміцер Юркевіч. Беларускімі сцежкамі Яна Рустэма // Культура. № 44 (1535) 31.10.2021 - 06.11.2021 г.
  9. Szemesz Adam. Wspomnienie o Szkole malarskie wilenskiej (1826—1829). Athenaeum. 1844. T. 4. S. 211—212.
  10. Ryszkiewicz w PSB,XXXIII, 1991, s. 164 (hasło Rustem Jan)
  11. Kanutas Ruseckas (літ.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Rūta Janonienė(літ.) бел.. Jonas Rustemas. Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidyklab 1999. 360 p. ISBN 9986-571-49-9.
  • Jonas Rustemas — dailininkas ir pedagogas. Vilnius: Lietuvos dailes muzejus, 2013.
  • Smokowski Wincenty. Jan Rustem. Wizerunki i Roztrząsania Naukowe. 1838. T.4
  • Stefania Krzysztofowicz-Kozakowska(руск.) бел.. Malarstwo Polskie w zbiorach za granicą. — Wydawnictwo Kluszczyński, 2003. — ISBN 83-88080-85-7.
  • Od starożytności do współczesności - Malarstwo i rzeźba. — Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN S.A., 2006.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]