Канфедэрацыя беларускіх суполак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Канфедэрацыя беларускіх суполак (КБС; Канфедэрацыя беларускіх маладзёжных суполак) — незалежнае грамадска-палітычнае згуртаванне моладзі Беларусі ў 1989—1990 гг.

Уваходзілі маладзёжныя клубы, таварыствы, суполкі, якія ставілі мэтай нацыянальна-культурнае, дэмакратычнае адраджэнне і суверэнітэт Беларусі. Як канфедэратыўнае згуртаванне абвешчана 14-15 студзеня 1989 года на Другім Вальным Сойме Беларускіх Суполак у Вільні.

Створаная нелегальная група «Незалежнасць» пасля спынення ў 1984 дзейнасці Беларускай Спеўна-Драматычнай Майстроўні пастанавіла надалей развіваць рух у легальных культурніцкіх формах, маючы на мэце яго палітызацыю. У лютым 1985 група правяла (ва ўрочышчы Смольня Стаўбцоўскага раёна) нараду моладзі з Мінска, Гомеля, Брэста і Наваполацка, дзе вырашылі спрыяць стварэнню маладзёжных арганізацый грамадска-культурнага кірунку з перспектывай перарастання іх у агульнанацыянальны рух.

У наступныя гады пачалі дзейнасць маладзёжныя аб’яднанні «Талака», «Тутэйшыя», «Світанак», «Агмень», «Нашчадкі», рок-клуб «Няміга» (Мінск), «Талака» (Гомель), «Паходня» (Гродна), «Крыніцы», «Сакавік» і рок-клуб (Наваполацк), «Узгор’е» (Віцебск), «Край» (Брэст), «Повязь» (Орша), «Рунь» (Ліда), «Сябрына» (Вільня), «Маладзік» (Полацк) і інш. Галоўныя іх кірункі ў 1985—1989 — асветная дзейнасць, адраджэнне народных свят, археалагічна-рэстаўрацыйная праца і ахова помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганне за стварэнне беларускіх класаў і школ, за абвешчанне беларускай мовы дзяржаўнай, правядзенне рок-фэстаў.

У ліку іх найбуйнейшых акцый былі масавыя палітызаваныя святкаванні Купалля; беларуска-латышскае экалагічна-патрыятычнае воднае ралі пратэсту супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС «Дзвіна — Daugava-87» (29.04-03.05.1987); экалагічная экспедыцыя «Прыпяць-88» (май 1988); ушанаванне ахвяр палітычных рэпрэсій (01.11.1987); мітынгі ў Мінску ў абарону гістарычнай забудовы Верхняга горада (20.03.1988); у Курапатах (19.06.1988), каля Усходніх могілак у Мінску (30.10.1988); публічнае ўзняццё пытання пра вяртанне гістарычнай сімволікі (жнівень 1988); удзел у стварэнні «Камітэта-58», таварыства «Мартыралог Беларусі», Аргкамітэта БНФ «Адраджэнне».

Дзеля захавання легальнага статусу суполкі часова кантактавалі з ЛКСМБ. У 1987 пры ўдзеле ЦК ЛКСБМ прайшлі 2 каардынацыйныя нарады беларускіх суполак у Мінску і Полацку. У выніку радыкалізацыі маладзёжны нацыянальна-культурны рух на працягу 1988 цалкам пазбавіўся апекі камсамола. Першы Вальны Сойм Беларускіх Суполак 26-27 снежня 1987 года ў в. Палачанка Валожынскага раёна вызначыў курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэнне Беларусі, выказаўся за дзяржаўнасць беларускай мовы. У працэсе падрыхтоўкі да Другога Вальнага Сойма Беларускіх Суполак 20-21 жніўня 1988 года ў Мінску адбылася нарада. Умовы правядзення Сойма, прапанаваныя Мінскім гарвыканкамам, вымусілі правесці Сойм у Вільні. Другі Вальны Сойм прыняў назоў КБС і ўтварыў Каардынацыйны савет. Канфедэрацыя звярнулася да Аргкамітэта БНФ з просьбай лічыць яе аддзелам БНФ і ўлічыць платформу КБС, распрацоўваючы праграму БНФ.

У 1989—1990 КБС правяла шэраг агульнабеларускіх культурных, грамадскіх і палітычных акцый: Каляды, Купаллі, Дзяды (у Мінску, Магілеве і інш.). Суполкі КБС працавалі на раскопах і музейных талоках, у верасні 1989 года адзначылі пад Оршай 475-годдзе аршанскай бітвы 1514 года, удзельнічалі ў Рэспубліканскім Студэнцкім Форуме 21-23 лістапада 1989 года, у асноўных акцыях БНФ, правялі экалагічныя рэйды «Беларусь — Дзявочая Гара — Ракаў» (май 1989) і «Беларусь — бязядзерная зона» (на ракетных базах Лідчыны, красавік — май 1990), наладзілі Купалле ў Вязынцы з удзелам беларускай моладзі з розных краін свету (24-25 чэрвеня 1990 года). З 1989 КБС выдавала ўласную перыёдыку (бюлетэні): «Супольнасць», «Весткі Адраджэння», «Студэнцкая думка» (як выданне КБС выйшлі №№ 5, 6 за 1989).

У 1990 КБС як каардынацыйны орган інтэгравалася ў БНФ «Адраджэнне». Частка суполак спыніла актыўнасць («Світанак», «Тутэйшыя», «Маладзік»), іншыя абнавілі склад і працягвалі дзейнасць («Паходня», мінская і гомельская «Талака», «Выбранецкія шыхты» і інш.). Актывісты КБС утварылі ў 1990 Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гражданские движения в Белоруссии: Документы и материалы, 1986—1991. Масква, 1991
  • Лаврик Ю. Самиздат в Белоруссии // Советская библиография. 1991, № 5;
  • Рощин М. Ю. Неформальное движение среди белорусской молодежи / Молодёжный ренессанс (Проблемы социализации молодёжи). — Масква, 1990.
  • Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 4. Менск, 1997. С. 92-93;
  • Супольнасць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацый. Выпуск 3-4 (5-6). Вясна, 1998. С. 28, 44.
  • Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Даведнік, slounik.org