Бітва пад Оршай (1514)
Бітва пад Оршай | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім (руска—літоўская вайна) 1512—1522 г. | |||
Дата | 8 верасня 1514 | ||
Месца | Орша (ВКЛ) | ||
Вынік | Перамога літоўскіх войск | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бітва пад Оршай (8 верасня 1514) — бітва падчас вайны 1512—1522 гадоў паміж вялікалітоўска-польскімі (пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага) і маскоўскімі (пад камандаваннем Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Голіцы) войскамі на беразе Дняпра, за 5 км ад Оршы.
Бітва скончылася перамогай саюзных вялікалітоўска-польскіх войск, што на пэўны час сцішыла хаду вайны, аднак, не мела трывалых ваенных наступстваў.
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Магчыма ў бітве пад Оршай атрымана адна са значнейшых перамог вялікалітоўскага войска над маскоўскім[15], таксама яна мела шырокі розгалас у тагачаснай Еўропе, трывалы адбітак у беларускай культуры (напр., «Пахвала князю Астрожскаму» у Валынскім летапісе, народная песня «У нядзельку, параненька» і інш.).
Перамога пад Оршай займала прыкметнае, а часам і галоўнае месца ў ваеннай гістарыяграфіі, якая стваралася беларускай дыяспарай у 1920—1930-я гады і палітычнай эміграцыяй 1940-х гадоў. У час Перабудовы частка беларускага грамадства пачала святкаваць 8 верасня як «Дзень беларускай вайсковай славы».
Сілы бакоў
[правіць | правіць зыходнік]ВКЛ
[правіць | правіць зыходнік]Войска пад агульным кіраўніцтвам караля і вялікага князя Жыгімонту Старога складалася з кантынгентаў абедзвюх яго дзяржаў. Падчас кампаніі 1514 года ў агульным складзе войска былі, паводле звестак хронік і летапісаў, 16 тыс. коннікаў[заўв 2], 3 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай польскай пяхоты і каля 2,5 тыс. конных добраахвотнікаў з Малой і Вялікай Польшчы.
Непасрэдна ў паходзе да Оршы і ў бітве пад камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага ўдзельнічалі каля 30 тыс. ч. з неакрэсленай колькасцю гармат.[заўв 3][16] Лёгкую конніцу ўзначальваў Юрый Мікалаевіч Радзівіл, польскіх наймітаў — Януш Свярчоўскі, надворнае каралеўскае войска і атрады паноў — Войцех Сампаліньскі.
Масква
[правіць | правіць зыходнік]Агульная колькасць маскоўскага коннага войска пад камандаваннем ваяводы баярына Івана Андрэевіча Чалядніна складала 80 тыс. ч. Баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, фармальна падпарадкаваны яму, самастойна камандаваў сваімі палкамі. Войска цалкам складалася з конніцы феадальнага апалчэння.[16] Мелася артылерыя нявызначанага складу і колькасці, але без цяжкіх гармат[17].
Перад бітвай
[правіць | правіць зыходнік]Маскоўскія военачальнікі ведалі пра набліжэнне войска Астрожскага і першымі днямі верасня адвялі войска на левы бераг Дняпра і занялі добрае для бітвы месца паміж Оршай і Дуброўнай на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад лесу на Дняпры каля в. Рукліна. Такім чынам, для руху свайго непрыяцеля маскоўскія ваяводы пакідалі прастору ў лукавіне Дняпра каля Оршы, і спадзяваліся ў вальнай бітве разбіць колькасна слабейшае вялікалітоўскае войска і скончыць вайну.
Войска ВКЛ падышло да Дняпра 7 верасня каля Оршы, і Астрожскі, не зважаючы на сілы бакоў, таксама пастанавіў даць вальную бітву. Каб не перапраўляцца пад абстрэлам, Астрожскі правёў дэманстрацыйны манеўр з пераправай уброд на вачах маскоўскага войска некалькіх тысяч конніцы. Тым часам, асноўная частка войска ўвечары віцебскай дарогай перайшло паўночней, а ўночы на 8 верасня ўпотай пераправілася на левы бераг двума пантоннымі мастамі і бродам аршанскай крэпасці. Пасля гэтага войска сканцэнтравалася каля в. Пашына.
Чаляднін даведаўся пра пераправу са спазненнем, і не згадзіўся з прапановай сваіх ваявод атакаваць ужо перапраўленую частку войска ВКЛ. Лічыцца, што Чаляднін спадзяваўся на вялікую колькасную перавагу і хацеў бітвы адразу з усім войскам Астрожскага.
Бітва
[правіць | правіць зыходнік]Войска Маскоўскай дзяржавы было пастаўлена ў тры лініі. Наперадзе стаў полк перадавой стражы, у цэнтры — вялікі полк (на фронце шырынёй 5 км), на правым флангу — полк правай рукі, на левым, каля в. Рукліна — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком стаяў полк тылавой стражы (рэзерв). Баявыя парадкі маскоўскага войска былі расцягнутымі, у спадзяванні на ахоп і акружэнне больш малалікага войска ВКЛ.
Камандаванне фармальна належала Івану Чалядніну, але на справе кожны з ваявод камандаваў сваім палком самастойна, і адзінага кіраўніцтва не было.
Войска ВКЛ заняло пазіцыі абапал яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Дняпро. Наперадзе стаялі два конныя гуфцы (палкі), ВКЛ і польскі, пад камандамі Астрожскага і Сампаліньскага. Паміж імі стаяла пяхота са стрэльбамі і пішчалямі. У другой лініі стаялі два конныя палкі, ВКЛ і польскі, пад камандамі Радзівіла і Свярчоўскага. На правым і левым крылах другой лініі стаялі па тры дапаможныя палкі лёгкай конніцы. На працягу правага крыла другой лініі, пад пакровам лесу, патаемна размясцілі ўсе гарматы і частку пяхоты з агнястрэльнай зброяй.
Непасрэдна бітва адбывалася на прасторы даўжынёй 3 км уздоўж Дняпра, за 200—400 м ад берага ў першай фазе і за 3,5 км у другой фазе бітвы. У глыбіню поле бою ў кожнай з фаз займала каля 3 км.
Першая фаза
[правіць | правіць зыходнік]Найперш, баявы парадак маскоўскага войска ў цэнтры трохі прасунуўся наперад, а крылы адыйшлі далей ад асноўнай масы войска, дзеля лягчэйшага ахопу баявога парадку войска ВКЛ. Пасля «гарцаў» Астрожскі загадаў конным палкам павольна рухацца наперад. Гэты рух маскоўскія ваяводы палічылі за сігнал да атакі і ў сваю чаргу перайшлі ў агульны наступ. Маскоўскі полк правай рукі князя Голіцы ўдарыў на левае крыло войска ВКЛ. Полк левай рукі наступаў на правае крыло войска ВКЛ, але без вялікай імклівасці, што дазволіла Астрожскаму вызваліць там частку сіл. Іншыя палкі былі пасланы ў абход.
Войска ВКЛ на сваім левым крыле адбіла атаку і перайшло ў контратаку, атрымаўшы падмацаванне. Полк цяжкіх латнікаў Сампаліньскага прайшоў перад фронтам і ўдарыў на маскоўскі полк правай рукі з фланга.
Аднак, полк князя Голіцы атрымаў падмацаванні, аднавіў баявы парадак і маскоўскія сілы пачалі другую атаку. Войска ВКЛ стрымала яе, а потым падвяло маскоўскія сілы пад агонь сваёй пяхоты. Шэрагі маскоўскага палка змяшаліся, і тады пад камандай Астрожскага контратакаваў галоўны полк войска ВКЛ. Да гэтага моманту бітвы адносіцца і прамова Астрожскага да войска, сказаная па-старабеларуску[18]. Нарэшце, конніца Голіцы была разбіта і стала ўцякаць, а кавалерыя ВКЛ уварвалася ў другую маскоўскую лінію.
Нерастлумачаным застаецца тое, чаму Чаляднін не дапамог палку Голіцы сваімі асноўнымі сіламі. Храністы, летапісцы і гісторыкі тлумачаць гэта спаборніцтвам паміж галоўнымі ваяводамі і іх імкненнем атрымаць перамогу самастойна.
Другая фаза
[правіць | правіць зыходнік]Мяркуецца, што ўвесь гэты час Чаляднін чакаў, што ўсе сілы ВКЛ, у тым ліку і з левага крыла, пасля разбіцця палка правай рукі, звяжуцца боем з яго палком левай рукі, а тады свежымі сіламі можна будзе іх разграміць.
Нарэшце настаў такі момант, што конніца Астрожскага спыніла атакі, пачала адступаць, а потым і кінулася ўцякаць. Чаляднін кінуў у пераследаванне ўсе свае сілы. Але выявілася, што ўцёкі конніцы ВКЛ былі загадзя ўмоўленай хітрасцю, якая вывела пагоню маскоўскага войска на стралкова-артылерыйскую засаду. Шматразовыя залпы гармат і пішчалей прычынілі маскоўскаму войску вялікія страты ў людзях і конях, пачалася паніка, і рэшткі левага крыла маскоўскага войска, следам за правым, кінуліся наўцёкі. Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх воінаў затрымацца, але яго не слухалі.
Пасля гэтага пачалося зацятае праследаванне і жорсткае вынішчэнне ўцекачоў, якое цягнулася да заходу сонца, а часам і назаўтра. За некаторымі з уцекачоў гналіся на 8 літоўскіх міль (каля 60 км). Адныя ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Легендарнай стала рака Крапіўна наводдаль поля бітвы, вада ў якой стала крывавай, а сама рака з-за вялікай колькасці трупаў «запаволіла свой бег».
Страты бакоў
[правіць | правіць зыходнік]Страты войска ВКЛ падаюцца заходнімі гісторыкамі як «невялікія» — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых салдат[19]), невядомая колькасць простых салдат[20].
Вядома, што ў палон трапіла каля 5 тыс. маскоўскага войска, галоўныя ваяводы Чаляднін і Голіца, 8 вярхоўных ваявод, 37 меншых военачальнікаў. Быў узяты вялікі абоз, усе маскоўскія сцягі і агнястрэльная зброя. Колькасць забітых на полі і пры ўцёках падаецца як 30 тыс.[21] або 40 тыс.[22].
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]8 верасня 1992 г. на Плошчы Незалежнасці ў Мінску беларусы-афіцэры прынялі ваенную прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазняк і Анатоль Грыцкевіч.
У 2014-м годзе, у гонар святкавання пяцісотгоддзя перамогі пад Оршай, мінскай арт-студыяй «PRAS» была выдадзена эпічная настольная гульня «1514» Архівавана 8 верасня 2014., якая дазваляе апынуцца на полі боя і пагуляць за адзін з бакоў у гэтай бітве.
У літаратурных творах
[правіць | правіць зыходнік]- Верш «Балада перамозе Архівавана 2 сакавіка 2012.» (Алег Грушэцкі, 1994 г.).
- Верш «Шляхецкая» (Андрэй Мельнікаў, 1992 г.).
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Расійскі гісторык А. Лобін на падставе ўскосных падлікаў спрабуе аспрэчыць гэтыя звесткі і называе лічбу 12 тыс.[9]
- ↑ Відаць, феадальнага апалчэння ВКЛ.
- ↑ Паводле звестак М. Д. Любаўскага са спасылкамі на архіўныя дакументы, у іх ліку было не больш за 4 тыс. польскай пяхоты і конніцы, значную частку якіх пакінулі ў Берасці. Яшчэ 4 тыс. войска пакінулі ў Барысаве.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в А. П. Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 187.
- ↑ Грыцкевіч А. Аршанская бітва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 249. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Rainer Lindner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik im Weißrußland im 19. und 20. Jahrhundert. — München, 1999. S. 89.
- ↑ Волков В. Войны и войска Московской Руси. — М., 2004. С. 57.
- ↑ Zarys dziejów wojskowości Polski do roku 1864. T. I: Do roku 1648. — Warszawa, 1965. S. 331—336.
- ↑ Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Т. V. Ч. 2. — М., 1959. С. 246.
- ↑ Philipp Carl Strahl, Ernst Herrmann. Geschichte des russischen Staates. Ausgabe 3. — Hamburg, 1846. S. 22.
- ↑ Stryjkowski, Maciej. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 381.
- ↑ Лобин А. Н. К вопросу о численности вооружённых сил Российского государства в XVI в. // «Studia Slavica et Balcanica Petropolitana» № 1-2, 2009. С. 66.
- ↑ Віталь Гарматны. Аршанская бітва 8 верасня 1514 г. Архівавана 15 верасня 2009. // «ARCHE» №7—8 (70—71), ліпень-жнівень 2008.
- ↑ а б Грыцкевіч А. Аршанская бітва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 250. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Jerzy Samuel Bandtkie. Dzieje narodu polskiego. — Wrocław, 1835. S. 92
- ↑ Alexander von Bronikowski. Die Geschichte Polens. Bd. 2. — Dresden, 1827, S. 50
- ↑ Stryjkowski, Maciej. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 386.
- ↑ Напрыклад, пд. меркавання М. М. Карамзіна.
- ↑ а б З гэтымі лічбамі згаджаюцца М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні, рускія летапісы, С. М. Салаўёў, ваенныя гісторыкі 20 ст.
- ↑ Пд. сведчання М. М. Карамзіна.
- ↑ Паводле звестак М.Стрыйкоўскага.
- ↑ Бельскі.
- ↑ Стрыйкоўскі.
- ↑ Карамзін, Салаўёў.
- ↑ Стрыйкоўскі, Бельскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аляксандр Казакоў Новая вокладка - ранейшыя заганы. Другая версія кнігі пра Аршанскую бітву і вайну 1512-1522 гг. (Рэцэнзія на манаграфію: Лобин, Алексей. "Смоленская война 1512-1522 гг." Москва, Фонд "Русские витязи", 2022) // Беларускі Гістарычны Агляд. — 2023. — Т. ХХХ. — С. 280-303.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 года і яе ўдзельнікі(нявызн.)(недаступная спасылка). ARCHE. Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2021. Праверана 30 снежня 2023.
- Генадзь Сагановіч. Аршанская бітва 1514 г. — канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў. Лекцыі 1—2 – Беларускі Калегіюм(недаступная спасылка). web.archive.org (9 верасня 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2021. Праверана 30 снежня 2023.