Капліца ў імя свяшчэннамучаніка Макарыя Кіеўскага (Скрыгалаў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Капліца ў імя Макарыя Кіеўскага
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Скрыгалаў
Канфесія Праваслаўе
Епархія Тураўская і Мазырская
Благачынне Мазырскае сельскае
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі
Заснавальнік Іаан (Пашын)
Будаўніцтва 19051906 гады
Стан дзейнічае

Капліца ў імя свяшчэннамучаніка Макарыя Кіеўскага — мураваная праваслаўная капліца ў аграгарадку Скрыгалаве Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ініцыятыва па ўшанаванні памяці кіеўскага мітрапаліта Макарыя  (руск.) належыць колішняму настаяцелю Скрыгалаўскай царквы Васілю Завітневічу, які ў 1897 годзе на месцы яго забойства — высокім беразе Прыпяці — паставіў абеліск з памятнай шыльдай і абразом пакутніка[1].

Унук Васіля Завітневіча, айцец Іаан Пашын, распачаў будоўлю цаглянай капліцы імя Макарыя Кіеўскага побач з царквой. Яе асвячэнне адбылося 1 траўня 1905 года. У капліцы захоўваліся прывезеная з Кіева айцом Іаанам старажытная ікона і часцінка мошчаў Макарыя[2][3].

За савецкім часам капліца была закінута. Пасля рэстаўрацыі ў 1990-х гадах над будынкам узвялі новы купал. Штогод 14 траўня ў капліцы адбываюцца ўрачыстыя богаслужэнні, пасля чаго ладзіцца хрэсны ход да помніка мітрапаліту.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Пабудова выканана ў формах маскоўскай царкоўнай архітэктуры XVII стагоддзя, паводле кампазіцыі і вобліка нагадвае Гомельскую капліцу-пахальню Паскевічаў. Камернае цэнтральнае крыжовае ў плане збудаванне, завершанае гранёным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. У аснове архітэктурнага вобраза — форма кілепадобнай аркі і какошніка, якімі вырашаны арачны ўваходны партал і франтоны васьмерыка ў аснаванні шатра. Архітэктурная пластыка дасягаецца высакаякаснай мастацкай цаглянай муроўкай.

Зноскі

  1. І.М. Калбасіна. Праваслаўная царква на Мазыршчыне ў XIX—пачатку XX стст.(недаступная спасылка)МДПУ імя І.П. Шамякіна. (бел.)
  2. Свяшчэннамучанік Іаан (Пашын), епіскап Рыльскі . Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска (18 жніўня 2011). Праверана 11.01.2019.
  3. Виленский календарь на 1909 год. — Вильно, 1908. С. 80. (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4