Муроўка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Муроўка ў архітэктуры — размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны.

Удасканальванне тэхнікі муроўкі, выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця будаўніцтва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак муроўкі неатынкаваных фасадаў з'яўляецца асноўным фактарам паліхроміі ў манументальным дойлідстве. Для архітэктурна-будаўнічнай практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна уласцівы асобныя сістэмы муроўкі.

Вядома са старажытнасці.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная(руск.) бел. і каменная муроўка. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай муроўкі (Opus mixtum)(англ.) бел. — Полацкі Сафійскі сабор (XI ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю муроўкі (тэхніка са «схаваным радам»).

Дэкаратыўная мяшаная муроўка Дабравешчанскай царквы ў Віцебску

Для Полацкай школы дойлідства XII ст. характэрна таксама муроўка са «схаваным радам», якая утварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай муроўкі (Opus incertum)(англ.) бел. будавалася Мінская замкавая царква (XII ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невялікімі прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкаратыўнай мяшанай муроўкі пабудавана Віцебская Дабравешчанская царква (XII ст.). Яе сцены мелі радавую муроўку: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д.

Для Гродзенскай школы дойлідства XII ст. характэрна дэкаратыўная раўнарадавая муроўка, калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр'еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў.

У XIIIXVII стст. ужывалася лусковая муроўка(бел. (тар.)) бел., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для другой паловы XIII — сярэдзіны XIV ст. характэрна цагляная балтыйская муроўка(бел. (тар.)) бел. з чаргаваннем 2—З рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У першай палове XIV ст. існавала каменная муроўка (гранд апарайль; Лідскі замак).

Мяшаная муроўка Мірскага замка
Гатычная муроўка Сынкавіцкай царквы

У XVIXVII стст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай муроўкі: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замак). З сярэдзіны XIV ст. да сярэдзіны XVI ст. пераважала цагляная гатычная муроўка з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынкавіцкая царква-крэпасць). З XV ст. пашырылася дэкаратыўная гатычная муроўка, дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл).

У другой палове XVI ст. з'явілася рэнесансавая муроўка, якая ўяўляла сабой чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы. У XVIXVII стст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай муроўкі, калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква).

У XVIIXVIII стст. вядома і галандская муроўка, у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным будаўніцтве XVIXVIII стст. выкарыстоўвалася старчаковая муроўка (Мураванкаўская царква-крэпасць). З другой паловы XVI ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў XVII ст. да адраджэння раўнарадавай муроўкі (збудаванні Магілёўскай архітэктурнай школы).

У XIX — пачатку XX ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы муроўкі, але часцей гатычную. Для архітэктуры невялікіх капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гаспадарчых пабудоў XIXXX стст. характэрна т.зв. разынкавая муроўка, калі вялікія камяні абмазваліся вапнай і ў яе утыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры.

У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная муроўкі з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкаратыўны эфект муроўкі дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]