Шапка ў дыяметры 7—18 см[1], спачатку злёгку выпуклая, потым лейкападобная[1], у маладых пладовых цел з падагнутымі бакамі, якія затым распраўляюцца і становяцца хвалістымі. Скурка белага колеру, матавая, гладкая або злёгку аксаміцістая. Пласцінкі вузкія, частыя, па ножцы часам расшчэпленыя, маецца мноства кароткіх пласцінак.
Споравы парашок белы, споры 8—9 × 6—7 мкм, арнаментаваныя, амаль круглай формы, бясколерныя, шыпаватыя, амілоідныя. Ножка 3—7 см у вышыню, ∅ 2—3 см[1], цыліндрычная, белая, суцэльная, вельмі шчыльная, звужваецца ля асновы, гладкая або злёгку зморшчаная[1]. Мякаць белая, шчыльная, ломкая. Млечны сок густы, ліпкі, белы, вельмі едкі, пры высыханні колер не мяняе або злёгку жаўцее[1].
Колер шапкі бывае зусім белым ці з крэмавым адценнем, яна, як правіла, у цэнтры больш цёмная, чым па краях. Пласцінкі спачатку белыя, потым крэмавыя, пры пашкоджанні пакрываюцца жаўтавата-карычневымі плямамі.
Часта лічыцца неядомым з-за вельмі вострага густу. У прынцыпе, умоўна-ядомы, часам ужываецца, пасля дбайнай апрацоўкі, у салёным выглядзе[1]. Таксама часам яго сушаць, расціраюць у парашок і выкарыстоўваюць у якасці пякучай прыправы замест перцу.
Кароўка прыгнятальна дзейнічае на туберкулёзную палачку[2]. У народнай медыцыне гэты грыб у злёгку падсмажаным выглядзе ўжывалі для лячэння нырачна-каменнай хваробы[3].