Кастусь Шыталь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кастусь Шыталь
Род дзейнасці краязнавец, журналіст, грамадскі актывіст
Дата нараджэння 11 красавіка 1990(1990-04-11) (34 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Веравызнанне каталіцтва

Кастусь Шыталь, поўнае імя Канстанцін Міхайлавіч Шыталь[1] (нар. 11 красавіка 1990, Крулеўшчына Докшыцкага раёна) — беларускі краязнавец, журналіст, публіцыст, хрысціянскі і грамадскі актывіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Па матчынай лініі далёкі сваяк вядомага ксяндза Францішка Рамейкі (1885—1931), прыхільніка БХДЗ у міжваеннай Польшчы. Ахрышчаны ў касцёле, з дзіцячых гадоў штонядзелі ўдзельнічаў у Святой Імшы, служыў міністрантам падчас Літургіі.[2]

У 1996—2005 гадах вучыўся ў Крулеўшчынскай сярэдняй школе, у 10-11 класе — у сярэдняй школе № 1 у Докшыцах, якую скончыў у 2007 годзе[2]. У 2008 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ[2], аднак, у канцы 2009 года пакінуў навучанне праз рэзкае пагаршэнне здароўя. Адначасова паступіў на завочнае навучанне ў Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, аднак праз стан здароўя не скончыў яго.[3]

Жыў у Параф’янаве Докшыцкага раёна[3]. Пасля палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі, праз пагрозу рэпрэсій у 2021 годзе вымушаны пакінуць краіну, жыве ў Беластоку ў Польшчы.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыяй рэгіёна зацікавіўся ў малодшых класах. Першыя краязнаўчыя артыкулы апублікаваны ў докшыцкай раённай газеты «Родныя вытокі» і незалежнай газеце «Вольнае Глыбокае» у 2003 годзе. У 2004—2006 гадах напаўняў раздзел краязнаўчага партала Radzima.org, прысвечаны Докшыцкаму раёну. Таксама ў школе праявілася грамадская актыўнасць, у 2004 годзе напісаў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай наладзіць нармальнае ацяпленне школы і жылога фонду ў Крулеўшчыне, подпісы пад лістом паставілі дзясяткі вучняў. У 2006 годзе пачаў дасылаць нататкі пра мясцовае жыццё ў «Нашу Ніву».[2]

Адзін з удзельнікаў аднаўлення Беларускай хрысціянская дэмакратыі ў 2000-я гады ў Мінску, Мінскай і Віцебскай абласцях (на гістарычнай Віленшчыне)[2]. У 2007—2009 гадах выдаваў моладзевы альманах хрысціянска-дэмакратычнага кірунку «Прамень»[2]. Наклад «Праменя» дасягаў 1000 асобнікаў, распаўсюджваўся ў 40 паселішчах Беларусі, сетка распаўсюджання і сталыя чытачы альманаха склалі заўважную долю заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях[3]. Быў пераможцам БХД курсаў «Дыджэі Адраджэння» у 2008 годзе[3].

У 2010—2013 гадах працаваў журналістам на рэгіянальным сайце Westki.info, падрыхтоўваў навіны, краязнаўчыя нататкі, рэпартажы з падзей. Потым адышоў ад актыўнага грамадскага жыцця[3]. Перыядычна публікаваў матэрыялы і публіцыстычныя тэксты ў «Нашай Ніве» і на сайце Krynica.info[3].

Каталіцкі вернік[3], актыўны абаронец хрысціянскіх каштоўнасцяў[2]. Працягвае даследаваць гісторыю Глыбокага, Паазер’я, гістарычнай Усходняй Віленшчыны, міжваенную перыёдыку, біяграфіі заснавальнікаў БХД, беларускі нацыянальны рух на гістарычнай Віленшчыне ў міжваенны час[3]. Займаецца выяўленнем дакументальных, візуальных, картаграфічных крыніц, у тым ліку аэрафотаздымкаў часоў 1-й і 2-й сусветных войнаў, публікацый у старых перыядычных выданнях. Шукае і набывае гэтыя матэрыялы, паштоўкі і іншыя рэчы, звязаныя з гісторыяй рэгіёна на інтэрнэт-аўкцыёнах. Частку набытага перадаў Глыбоцкаму гісторыка-этнаграфічнаму музею. Супрацоўнічае, абменьваецца матэрыяламі і кансультуе навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца рэгіёнам. Папулярызуе гісторыю рэгіёну праз публікацыю візуальных матэрыялаў, тэкстаў на краязнаўчыя і грамадскія тэмы ў сацыяльных сетках[3]. Публікуецца ў незалежных беларускіх медыя[3].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]