Перайсці да зместу

Наша Ніва (1991)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Наша Ніва»
Арыгінальная
назва
Naša Nìva[1]
Тып штотыднёвік, штомесячнік
Фармат А3, 16 палос
Выдавец ПВУП «Суродзічы»
Краіна
Галоўны рэдактар Ягор Аляксандравіч Марціновіч
Заснавана 1991
Спыненне публікацый 2018
Мова беларуская
Галоўны офіс
Тыраж 8051 (№11 (800), 20 сакавіка 2013)
ISSN 1819-1614
Вэб-сайт nashaniva.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Наша Ніва» — штотыднёвая, з ліпеня 2016 да чэрвеня 2018 года штомесячная беларуская газета, электронны партал.

Трэцяя газета з такою назвай (гл. таксама «Наша ніва (1906)», «Наша ніва (1920)»). Заснавана ў маі 1991 года ў Вільні. Першым галоўным рэдактарам быў Сяргей Дубавец. Пазіцыянавала сябе пераемніцай газеты «Наша ніва», якая выходзіла ў Вільні ў пачатку XX ст. Галоўны рэдактар — Ягор Марціновіч (з 2017 года).

«Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», ад самаізаляцыі, уласцівых многім беларускамоўным выданням савецкае пары. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўніверсальныя тэмы, з’явілася вялікая колькасць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносін народаў рэгіёна.

У Беларусі тым часам ішлі складаныя працэсы будаўніцтва нацыі, узяла верх аўтарытарная мадэль. У гэтых умовах у 1996 годзе прынята рашэнне пра перанос рэдакцыі ў Мінск. «Наша Ніва» зноў стала ўласна газетаю, якая надае вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і свеце.

У 1998 годзе газета дабіваецца сімвалічнай перамогі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, адстойваючы права выдавацца «тарашкевіцай».

З 2000 года рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераймае Андрэй Дынько (галоўны рэдактар у 2000—2006), газета вяртаецца да штотыднёвае перыядычнасці. Адбываецца трансфармацыя «Нашай Нівы» з выдання літаратурна-інтэлектуальнага ў выданне грамадска-палітычна-культурнага характару. Гэты працэс быў паступовы.

Ад 2002 года аб’ём газеты павялічваецца з 12 да 16 старонак, ад 2005 года — да 24-х. На сваім піку тыраж газеты дасягае 8000 асобнікаў.

У лістападзе 2005 «Наша Ніва» была выдалена з каталогу падпіскі РУП «Белпошта». З таго часу распаўсюджваецца намаганнямі ўласнай службы дастаўкі і пераходзіць у кішэнны фармат і павялічвае колькасць старонак да 48-мі[2].

Але газета ператварае праблему ў шанец і бярэ курс на развіццё інтэрнэт-сайта nn.by (пазней nashaniva.by). Ад 2006 года інтэрнэт-вэрсія «Наша Ніва» эвалюцыянуе ў фармат інтэрнэт-платформы, прыстасоўваючы тэхналогію выдання да эпохі электронных СМІ.

У 2010 годзе сайт «Нашай Нівы» робіцца самым папулярным рэсурсам на беларускай мове і застаецца такім да сённяшняга дня. Па статыстыцы Гугл Аналітыкс у 2016—2017 гадах у сярэднім штомесяц сайт НН наведвалі каля 600 000 унікальных наведвальнікаў, праглядаючы каля 7 000 000 старонак. Прыкладна 84 % наведвальнікаў — з Беларусі, 49 % — з Мінска.

З 2006 года да рэдактарства газеты далучаецца Андрэй Скурко. Андрэй Дынько робіцца рэдактарам сайта nn.by. А Алесь Кудрыцкі стварае сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка робіцца Зміцер Панкавец.

У снежні 2008 года ўлады Беларусі ізноў дазволілі распаўсюджанне газеты ў дзяржаўнай сетцы «Белсаюздрук». Першы з такіх нумароў выйшаў у колеры і меў абвешчаны тыраж 5126 асобнікаў.

Ад заснавання і да № 595 (45) за 4 снежня 2008 года газета друкавалася «тарашкевіцай»[3]. Аднак, на сайце газеты перадрук паведамленняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў з іншых беларускамоўных выданняў на беларускай літаратурнай мове размяшчаўся і раней. Выкарыстанне газетай старога правапісу стала падставай для дыскусій як сярод аўтараў НН[4], так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газеты[5] ў сувязі з абавязковым пераводам выдання з 1 верасня 2010 года на новы правапіс паводле Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі[6]. У 2007 годзе заснавальнік газеты і першы яе рэдактар Сяргей Дубавец прызнаў ранейшую слушнасць[7], але далейшую бесперспектыўнасць выбару газеты на карысць «тарашкевіцы»[8].

25 красавіка 2011 года Міністэрствам інфармацыі пададзеныя пазовы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску газет «Наша Ніва» і «Народная Воля» у адпаведнасці з падпунктам 2.2. пункта 2 ст.51 закона Беларусі «Аб сродках масавай інфармацыі» ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям названых выданняў на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў[9]. Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ў сітуацыі з «Нашай Нівай» вызначальным назваў факт публікацыі на старонках газеты хлуслівага матэрыялу пра ліквідацыю наступстваў тэракту ў мінскім метро: «У матэрыяле была абсалютная хлусня, нібы дзяўчына знаходзілася пад заваламі ў метро тры гадзіны, у той час як у 18.30 яна ўжо ляжала на аперацыйным стале». На яго думку, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі акрамя закона аб СМІ павінны кіравацца яшчэ чалавечай мараллю і журналісцкай этыкай.[10].

Ад 1 ліпеня 2016 «Наша Ніва» выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надаецца развіццю інтэрнэт-партала. Навіны на сайце даступны ў двух версіях (на беларускай і рускай мовах).

З 1 сакавіка 2017 года, замест Андрэя Скурко, на пасаду галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» заступае Ягор Марціновіч.[11]

З чэрвеня 2018 года спыніўся рэгулярны выхад папяровай газеты, «Наша Ніва» існуе толькі ў электроннай форме як партал (у маі 2018 года яго наведалі 475 тысяч карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак)[12].

Са жніўня 2020 года доступ да сайта «Нашай Нівы» «nn.by» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заблакіраваны з-за асвятлення парталам пратэстаў у Беларусі[13]. 23 верасня 2020 года сілавікі зрабілі ператрус у кватэры галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і канфіскавалі ўсе тэхнічныя прылады і носьбіты інфармацыі[14]. Яго дапыталі ў Следчым камітэце, пасля чаго ён тры дні сядзеў у адзіночнай камеры[14]. Акрамя таго, супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа за паклёп[14]. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» раскрытыкавала гэтую палітыку ў дачыненні да «Нашай Нівы»[14]. 25 лістапада пасля трох месяцаў улады разблакавалі сайт «Нашай Нівы», першы з сотні забароненых рэсурсаў.

8 ліпеня 2021 года быў абшуканы офіс і дамы галоўных супрацоўнікаў «Нашай Нівы»[15]. Былі арыштаваны Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар дачынных часопісаў «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» Андрэй Дынько нібыта за арганізацыю пратэстаў[15][16], прычым, па інфармацыі рэдакцыі, галоўнага рэдактара збівалі па затрыманні[17]. Былі часова затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў «Нашай Нівы»[15]. З таго ж дня даменнае імя перастала працаваць, сайт «Нашай Нівы» адкрыць нельга[15][17]. Міністэрства інфармацыі Беларусі пакарала рэдакцыю за «забароненую інфармацыю», якая была на сайце[15]. 12 ліпеня 2021 года сумеснай заяваю дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, арыштаваныя супрацоўнікі «Нашай Нівы» былі прызнаны палітычнымі зняволенымі[18][19].

У лістападзе 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Telegram-канал «Нашай Нівы» і яе сацыяльныя сеткі экстрэмісцкімі матэрыяламі. У студзені 2022 года КДБ прызнаў інтэрнэт-рэсурсы партала экстрэмісцкім фарміраваннем[20]. За стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць[21].

15 сакавіка 2022 года Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч атрымалі па два з паловай года калоніі за нявыплату камунальных паслуг[22].

Узнагароды і прэміі

[правіць | правіць зыходнік]
  1. а б The ISSN portalParis: ISSN International Centre, 2005. — ISSN 1819-1614
  2. Пра газету «Наша Ніва»(недаступная спасылка)// Наша Ніва — Дата доступу: 14 верасня 2008
  3. Каментар рэдакцыі Архівавана 25 верасня 2020.// Наша Ніва. № 45 (595) 4 снежня 2008. Старонка 2. ISSN 1819—1614
  4. Андрэй Дынько. Некалькі заўваг да дыскусіі аб пераходзе на адзіны правапіс Архівавана 25 верасня 2020.// Наша Ніва. № 35 (537) 27 верасня 2007. Старонкі 32-33.
  5. Віталь Тарас. Пара прыйсці да аднаго правапісу Архівавана 25 верасня 2020.// Наша Ніва. 29 жніўня 2007
  6. Зміцер Саўка. Заканадаўчая гара супраць мякказначнай мышы Архівавана 25 верасня 2020.// Наша Ніва. № 8 (558) 28 лютага 2008. Старонка 27.
  7. Сяргей Дубавец. Ганс вялікі і Ганс малы Архівавана 25 верасня 2020.// Наша Ніва. № 33 (535) 6 верасня 2007. Старонкі 4-5.
  8. Іван Сай. Sorry-sorry Архівавана 6 красавіка 2009.// Наша Ніва. 25 верасня 2007
  9. Лукашэнка зачыняе «Нашу Ніву» і «Народную Волю». nashaniva.com.
  10. Газета «Народная воля» преднамеренно провоцирует власть — Лукашенко. БелТА
  11. У «Нашай Ніве» змяняецца рэдактар. nashaniva.com.
  12. «Нам удалося ўсё»: «Наша Ніва» цалкам пераходзіць у інтэрнэт. nashaniva.com.
  13. Information Ministry about blocked websites: Creating conflict between society and state (англ.). Белсат (8 верасня 2020).
  14. а б в г Kritik an Lukaschenkos Medienpolitik (ням.). www.reporter-ohne-grenzen.de. Рэпарцёры без межаў (6 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2020. Праверана 6 кастрычніка 2020.
  15. а б в г д Massive crackdown on independent media throughout Belarus (англ.). Белсат (8 ліпеня 2021). Праверана 8 ліпеня 2021.
  16. Силовики пришли в издание «Наша Ніва»: у сотрудников и в офисе провели обыски, сайт недоступен (обновляется) (руск.). ZERKALO.IO (8 ліпеня 2021). Праверана 8 ліпеня 2021.
  17. а б «Мы давно к этому готовились». Что будет с «Нашай Нівай» после блокировки сайта и ареста сотрудников (руск.). ZERKALO.IO (12 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2021. Праверана 13 ліпеня 2021.
  18. Коваль, Илья. В Беларуси ряд сотрудников издания "Наша Нива" признали политзаключенными (руск.). Deutsche Welle (13 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2021. Праверана 13 ліпеня 2021.
  19. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі чатырох супрацоўнікаў "Нашай Нівы" . Еўрапейскае радыё для Беларусі (12 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 12 ліпеня 2021. Праверана 13 ліпеня 2021.
  20. «Наша Нiва» цяпер — экстрэмісцкае фарміраванне. Новы Час (27 студзеня 2022). Праверана 31 студзеня 2022.
  21. БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова(недаступная спасылка). Беларуская асацыяцыя журналістаў (17 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2021. Праверана 22 снежня 2021.
  22. Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко далі па два з паловай года калоніі . Новы Час (15 сакавіка 2022). Праверана 1 красавіка 2022.
  23. Главный редактор белорусскоязычной еженедельной газеты "Наша ніва" Андрей Дынько стал лауреатом ежегодной международной премии "Свобода высказывания" (руск.)(недаступная спасылка). Naviny.by (22 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2020. Праверана 2 жніўня 2020.
  24. Белорусский журналист Андрей Дынько удостоен премии Еврокомиссии имени Лоренцо Натали (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2020. Праверана 8 жніўня 2020.
  25. "Наша Ніва" получила международное признание (руск.). Deutsche Welle (21 чэрвеня 2007). Праверана 2 жніўня 2020.
  26. Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам . Радыё Свабода (20 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2021. Праверана 20 сакавіка 2021.
  27. Шеф-редактор "Нашай нівы" победил в журналистском конкурсе Belarus in Focus (руск.). БелаПАН. Салідарнасць (16 сакавіка 2013). Праверана 24 жніўня 2020.
  28. Наталья Радина и Егор Мартинович стали лауреатами премии "Свобода прессы" организации "Репортеры без границ" (руск.)(недаступная спасылка). Беларуская асацыяцыя журналістаў (11 снежня 2015). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2020. Праверана 2 жніўня 2020.
  29. Журналисты "НН" Мартинович, Гордиенко и Панковец — среди победителей конкурса "Вольнае слова" (руск.). Наша Ніва. Архівавана з першакрыніцы 7 мая 2015. Праверана 8 жніўня 2020.(недаступная спасылка)
  30. Кепински, Ольга. Все награды Free Media Awards присуждены белорусским журналистам (руск.). euronews (12 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2021. Праверана 12 жніўня 2021.