Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Смальяны)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
54°35′58,70″ пн. ш. 30°03′37,46″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Смальяны
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Заснавальнік Геранім Сангушка
Дата пабудовы 2-я пал. XVIII стагоддзя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000138шыфр 212Г000138
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар дамініканцаў — помнік архітэктуры позняга барока, знаходзіцца ў цэнтры вёскі Смальяны (Аршанскі раён, Віцебская вобласць).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дамініканскі кляштар пры касцёле ў Смальянах быў заснаваны 20 сакавіка 1680 г. на сродкі ўладальніка мястэчка князя Гераніма Сангушкі. Комплекс кляштарных пабудоў першапачаткова быў драўляны.

Пасля смерці ў 1729 г. сваёй жонкі Марыі Ганны Любамірскай князь Павел Кароль Сангушка пабудаваў у Смальянах для ксяндзоў-дамініканцаў новы драўляны касцёл, а ў 1734 г. — драўляны кляштар.

Мураваны касцёл быў узведзены ў 1786 г. коштам князя Гераніма Сангушкі, сына Паўла Караля. Мураваны кляштар пачаў узводзіцца адначасова з касцёлам, аднак будаўніцтва яго было скончана толькі на пачатку XIX ст.

Да 1832 г. у кляштарным будынку жылі манахі-дамініканцы, тут жа размяшчалася і невялікая парафіяльная школа. У 1832 г. кляштар быў ліквідаваны. Касцёл быў пераўтвораны ў парафіяльны, у кляштарным будынку размясцілася плябанія. У 1837 г. у ёй быў зроблены новы гонтавы дах. У жніўні 1853 г. у Смальянах здарыўся пажар, у якім пашкоджаны кляштарныя пабудовы. На плябаніі агнём быў знішчаны дах, адноўлены ў 1854 г.

К канцу XIX ст. будынкі былога кляштара прыйшлі ў заняпад. У 1898 г. на прыватныя ахвяраванні пабудовы плябаніі былі капітальна адрамантаваны. У наступным годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Даўкшы  (руск.) ўмацавалі падмуркі касцёла і ўпрыгожылі яго інтэр'еры. У 1903 г. на двары плябаніі былі пабудаваны новыя вазоўня і лядоўня.

У 1920-я гг. касцёл у Смальянах быў закрыты, у памяшканнях былога кляштара размяшчалася польская школа. У 1930-я гг. кляштарны будынак перададзены машынна-трактарнай станцыі і да 1989 г. выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, што прывяло да фактычнага яго знішчэння. Цяпер у занядбаным стане.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Апсіда

Трохнефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і паўкруглай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Двух'ярусная 3-восевая кампазіцыя галоўнага фасада падкрэслена пілястрамі, якія разбіваюць яго на 3 злёгку ўвагнутыя паверхні. Двух'ярусныя бакавыя вежы аб'ядноўваюцца на ўзроўні карнізнай цягі фігурным франтонам. Трансепт вылучаны толькі на ўзроўні 2-га яруса, у 1-м ярусе ён выкананы ў адным аб'ёме з бакавымі капэламі, якія пераходзяць у 1-ярусныя сакрысціі. Крылы трансепта таксама завершаны фігурнымі франтонамі. Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, абапёртымі на пілоны складанага сячэння. Дэкаратыўнае афармленне інтэр'ера і алтароў не захаваліся.

Бакавы фасад

Мураваны аднапавярховы кляштарны будынак калідорнага тыпу размешчаны паралельна паўночнаму фасаду касцёла. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем, абапал яго келлі і гаспадарчыя памяшканні.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дамініканскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 113—114.
  • Дамініканскі касцёл // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2000. — Кн. 2. — С. 465—466.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 231.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]