Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Крупава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
53°55′47″ пн. ш. 25°11′57″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Крупава (Лідскі раён)
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль неараманскі стыль
Будаўніцтва 19251928 гады
Стан дзейнічае
Map

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — мураваны каталіцкі храм у в. Крупава (Лідскі раён) Лідскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут у 1460 г. па фундацыі ўдавы Ганны Давойнавай, якая такім чынам выканала «волю мужа нябожчыка Івашкі». Яе дочкі Алена і Ульяна далучыліся да фундацыі, а вось сын Пётр быў супраць. Затое ўжо дачка Пятра Ганна, па мужу Радагольская, у 1545 г. памножыла фундуш сваёй бабкі. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя. Аднак у другой палове XVI ст. парафія страціла самастойнасць, і мясцовы касцёл у якасці філіяльнага быў прыпісаны да парафіі лідскай фары.

У 1766 г. у маёнтку Крупа, які належаў тады маршалку лідскаму Нарбуту, была пабудавана капліца. У 1777 г. у касцёле было чатыры алтары: галоўны — Найсвяцейшай Тройцы, бакавыя — Маці Божай з абразом, намаляваным у рускім стылі, і св. Яна Непамука, а таксама прысценны алтар у гонар св. Яна з Падуі (так напісана ў інвентары, але гэта, хутчэй за ўсё, памылка і маецца на ўвазе св. Антоній).

У ХІХ ст. святыня згадваецца як філія Лідскай фары ў маёнтку Шукевічаў: драўляная, абшытая ў 1851 г. дошкамі, крытая гонтай. У святыні тры алтары: галоўны — Найсвяцейшай Тройцы, бакавыя — Маці Божай і св. Юзафа. Касцёл стаяў на ўзвышшы парафіяльных могілкаў, там, дзе зараз узвышаецца на пастаменце фігура Найсвяцейшай Панны Марыі.

Верагодна, падчас савецка-польскай вайны 1920 г. драўляны касцёл быў знішчаны. Новы ж вырашылі будаваць ужо з каменю. У 1922 г. інжынер Е. Кулеш склаў праект святыні, падпісаны 28 снежня. Праект быў зменены толькі трошкі — так і не былі пабудаваны вулічная статуя Маці Божай і капліца Пана Езуса, і арыентацыя алтара з паўднёва-заходняй (уваходам перпендыкулярна да дарогі Ліда — Валдацішкі) зменена на паўднёва-ўсходнюю (алтаром на Ліду). У астатнім касцёл цалкам адпавядае задумцы дойліда. Гэта аднавежавая святыня з рысамі неарамантычнага стылю.

Будаўніцтва новага касцёла пачалося ў 1925 годзе, а ў 1928 было завершана. 28 мая святыню пад гістарычным тытулам кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, і ў Крупе адрадзілася самастойная парафія. Колькасць парафіян перад ІІ Сусветнай вайной дасягала 4000 вернікаў.

У той жа дзень арцыбіскуп асвяціў і касцёльныя званы. Звон «Рыгор» застаўся са старога касцёла, а астатнія чатыры былі адліты ў Германіі: самы вялікі — «Бернардэм» — на сродкі парафіян, меншы — «Францішак» — на грошы Фердынанда Эйсманта, «Юзаф» — на сродкі пробашча кс. Ю. Сабалеўскага і самы малы — «Павел».

Касцёл дзейнічаў і пры савецкай уладзе, хоць часам без сталага пробашча.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ўяўляе сабою аднавежавы трохнававы храм з трансептам і пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Уваход пазначаны трох’яруснай чацверыковай шатровай вежай-званіцай. Накрыты касцёл двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай. Над алтаром дах завяршае невялікая сігнатурка.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер, перакрыты падшыўной дашчанай каробчатай столлю са «сляпым» купалам над сяродкрыжжам, упрыгожваюць тры двух’ярусныя драўляныя разьбяныя алтары ў неагатычным стылі. У цэнтры галоўнага алтара змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы ў атачэнні фігур св. Юзафа і Маці Божай Ружанцовай, у другім ярусе — абраз св. Антонія. Левы бакавы алтар прысвечаны Маці Божай Вострабрамскай (наверсе абраз св. Тэрэзы ад Крыжа), правы — Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса (наверсе абраз св. Францішка з Асізі). Над уваходам знаходзяцца арганныя хоры, якія абапіраюцца на два слупы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]