Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Няцеч)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Міхаіла
Касьцёл Сьв. Міхаіла Няцеч.JPG
53°42′31,99″ пн. ш. 25°13′50,23″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Няцеч (Тарноўскі сельсавет)
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Будаўніцтва 1837—??? гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000361шыфр 413Г000361
Стан дзейнічае

Касцёл Святога Міхаіла (Гродзенская вобласць)
Касцёл Святога Міхаіла
Касцёл Святога Міхаіла

Касцёл Святога Міхаіла — каталіцкі храм у вёсцы Няцеч Лідскага раёна. Помнік культавай архітэктуры з утрыраванымі формамі класіцызму[1], занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. Пабудаваны ў XIX стагоддзі з цэглы і дрэва[1]. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл, першапачаткова асвечаны пад тытулам Пана Езуса, быў заснаваны тут у 1715 годзе. Ваўкавыскі лоўчы Казімір Станіслаў Калушэўскі і яго жонка Марыяна з Невяроўскіх фундавалі ў Нецечы касцёл і 19 жніўня 1715 г. надалі новастворанай рыма-каталіцкай парафіі фундуш: 3 валокі зямлі, 10 прыгонных сялян і карчму. Першым пробашчам парафіі стаў ксёндз Антоні, родны брат фундатара.

Апошні будынак святыні, асвечаны пад тытулам Міхала Арханёла, пабудаваны з дрэва на цагляных пабеленых слупах на старых могілках у 1837 годзе (капітальна перабудаваны, а на ўваходным камяні-прыступку перад дзвярыма ў сакрыстыю адзначаны 1821 год) у стылі класіцызму маршалкам Станіславам Ласковічам, лідскім павятовым старастам. Да 1860-х гг. пры касцёле існавала парафіяльная школа, а таксама шпіталь, які фундавалі Францішка Буржымоўская, кс. Носевіч і кс. Сіпайла. Да гэтага ж часу існавала і капліца на могілках.

Перад ІІ Сусветнай вайной парафія налічвала амаль 4000 вернікаў. У 1943 фашысты расстралялі мясцовага пробашча кс. Аляксандра Аўгусціновіча разам з іншымі васьмю каталіцкімі святарамі з ваколіц Ліды. Пасля вайны касцёл быў зачынены. Вернуты парафіянам у 1989 годзе. У 1990 святыню, ужо аб’яўленую помнікам архітэктуры, рэстаўрыравалі.

Да парафіі па-ранейшаму належыць капліца ў в. Бахматы. Цікава мясцовая традыцыя будаўніцтва прыдарожных каплічак на ўчастках перад хатамі ў выглядзе драўляных слупкоў з завяршэннямі «домікамі» з укрыжаваннем ці фігуркай Маці Божай.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Уваход у касцёл

Касцёл пабудаваны ў цэнтры вёскі, арыентаваны алтаром на ўсход.

Прамавугольны ў плане накрыты двухсхільным дахам аб’ём з трохграннай алтарнай часткай. На фасадах будынка вылучаны канструкцыйны каркас у выглядзе цагляных слупоў. Драўляныя прасценкі ашаляваны і прарэзаны аконнымі праёмамі. Галоўны фасад вылучаны 4 калонамі і завершаны трохвугольным шчытом з вежачкай-званіцай над ім. Унутраная прастора 4 гранёнымі слупамі падзелена на 3 нефы, цэнтральны з якіх (а таксама і паніжаны прэсбітэрый) перакрыта цыліндрычным падшыўным дашчатым скляпеннем, бакавыя — плоскай падшыўной столлю. Унутраныя перагародкі вылучаюць у алтарнай частцы дзве сіметрычныя бакавыя сакрысціі. Алтарнай перагародкай аддзелены аб’ёмы апсіды. Над уваходам — хоры на 2 калонах[1].

Інтэр’ер касцёла

У інтэр’еры 3 алтары. Галоўны алтар уяўляе сабою барокавы табернакль у атачэнні фігур святых Антонія і Юзафа, над ім змешчаны абраз Святой Сям’і. Бакавыя алтары трактаваны як дзвюхкалонныя мураваныя дарычныя порцікі, левы — Маці Божай Вастрабрамскай, правы — Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Над уваходам зроблены хоры на двух слупах.

Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе 4 цагляных атынкаваных слупкоў. Злева ад касцёла, у куце ўчастка, стаяла двух’ярусная драўляная званіца, якую ў першай трэці ХХ ст. змяніла цагляная і атынкаваная, трох’ярусная, накрытая чатырохсхільным дахам з глаўкай. Перад касцёлам у 1990 г. айцы рэдэмптарысты ўсталявалі высокі драўляны вулічны крыж.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Збор помнікаў гісторыі і культуры. Гродзенская вобласць

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]