Абраз Маці Божай Вастрабрамскай
Абраз Ма́ці Бо́жай Вастрабра́мскай — адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі і Літвы, цудатворны абраз Маці Божай, тытул нададзены Рымска-каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі Блаславёнай Панне Марыі, Маці Ісуса Хрыста, цудатворная ікона якой знаходзіцца ў капліцы Вострай брамы ў Вільнюсе.
Абраз адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без дзіцяці на руках. Шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій. Днём асаблівага шанавання Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці стала 16 лістапада.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Арыгінал Іконы Маці Божай Вастрабрамскай памерам 163 x 200 см быў намаляваны, верагодна, у XVI стагоддзі. Пасля ікона была зачынена каля 1671 года срэбнай і залатой сукенкамі.
Хто намаляваў абраз, невядома. Некаторыя прыпісваюць аўтарства кракаўскаму мастаку Лукашу, які намаляваў падобны абраз у 1624 годзе для касцёла Божага Цела ў Кракаве. Па адной з версій, абраз адлюстроўвае знакамітую прыгажуню XVI стагоддзя Барбару Радзівіл. Гісторык Тэадор Нарбут ва ўласцівай яму манеры, са спасылкай на невядомы нікому рукапіс, выказаў у 1839 годзе здагадку, што абраз быў прывезены вялікім князем Альгердам з Крыма. Гэта дало падставу рускім гісторыкам і праваслаўным пісьменнікам развіваць гіпотэзу аб праваслаўным паходжанні абраза, быццам бы вывезенага з царквы ў Корсуні.
Дэталёвае даследаванне і кансервацыя іконы былі праведзены Янам Руткоўскім у 1927 годзе перад яе каранацыяй. Па тэхніцы, грунтоўцы і саставу фарбаў вызначана, што ікона створана ў другой палавіне XVI стагоддзя, верагодна, італьянскім мастаком.
2 ліпеня 1927 Ікона Маці Божай Вастрабрамскай была каранавана пазалочанымі каронамі і названая Блаславёнай Дзевай Марыяй Маці Міласэрнасці.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Абраз змешчаны ў капліцы Вострай брамы ў пачатку XVII стагоддзя. Праслаўлены вобраз Мадонны намаляваны на дубовых дошках таўшчынёй 2 см тэмпернай тэхнікай на клеева-крэйдавай аснове. Памер 165 × 200 см.
Постаць Маці Божай цалкам закрыта бліскучай залатой сукенкай каля 1671 года. Відаць толькі выразны твар і складзеныя накрыж рукі. На самой іконе Вастрабрамская Маці Божая намалявана ў чырвонай туніцы. Шыя закручана шалем, а на галаве белая хустка. Усю постаць Марыі ўкрывае зеленавата-блакітны плашч, свабодна накінуты на галаву і плечы. Фон абраза мае бронзавае адценне. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам «Дзякуй Табе Маці Божая за мае выслуханыя просьбы і прашу Цябе Маці Міласэрнасці захавай мяне ў ласцы», які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза, — вота з 1849 года. На галаве ў Багародзіцы дзве пазалочаныя кароны са срэбра, накладзеныя адна на другую: адна барочная, другая ў стылі ракако.
Каранацыя
[правіць | правіць зыходнік]Урачысты акт каранацыі па дэкрэту папы рымскага Пія XI, які ў 1920 годзе ў якасці апостальскага нунцыя служыў святую імшу ў капліцы Вострай брамы, адбыўся 2 ліпеня 1927 года перад кафедральным саборам у Вільні ў прысутнасці іерархаў каталіцкай царквы і дзяржаўных кіраўнікоў Польшчы, у склад якой у той час уваходзіў Віленскі край. У 1928 годзе ікона Маці Божай Вастрабрамскай змешчана ў адмысловы кантэйнер, які ахоўвае яе ад пажараў і злодзеяў.
Малітвы
[правіць | правіць зыходнік]Існуе мноства разнастайных малітваў і набажэнстваў да Маці Божай Вастрабрамскай, што тлумачыцца яе вялікім шанаваннем хрысціянамі і дзейснасцю, як яны вераць, дапамогі Маці Міласэрнасці.
Самы распаўсюджаны варыянт малітвы:
Будзь вітаная, Каралева, Маці Міласэрнасці, жыццё, суцяшальніца і надзея наша! Мы — выгнаннікі, сыны Евы — просім Цябе, на Цябе спадзяемся, плачучы ў гэтай даліне слёз. О, Заступніца наша, глянь на нас літасціва! А Ісуса — блаславёны плод улоння Твайго — пасля гэтага выгнання дазволь нам бачыць, о Ласкавая, о Літасцівая, о Найсвяцейшая Панна Марыя.
Іншая малітва да Маці Божай Вастрабрамскай:
Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці Міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю Мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Ісусу. Амэн.
Культ
[правіць | правіць зыходнік]Сёння святы абраз распаўсюджаны сярод вернікаў у многіх краінах свету, уключаючы Літву, Беларусь, Польшчу, а таксама ў іх дыяспарах.
У Літве каля 15 цэркваў прысвечаны Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, а таксама літоўскія рымска-каталіцкія парафіі Нью-Ёрка, Манрэаля і Буэнас-Айрэса.
У Беларусі культ Маці Божай Вастрабрамскай распаўсюджаны сярод усіх традыцыйных хрысціянскіх канфесіяў. Асабліва шмат храмаў і капліц, у якіх змешчаны копіі Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, знаходзіцца ў памежных з Літвой раёнах, у тым ліку ў Гродна, Ашмянах, Вілейцы і іншых населеных пунктах.
У Польшчы буйнейшым храмам, прысвечаным Маці Божай Вастрабрамскай, з’яўляецца касцёл Святой Марыі ў Гданьску. Іншыя цэрквы са святой іконай знаходзяцца ў Беластоку, Кэнтшыне, Ольштыне, Уроцлаве, Варшаве і іншых гарадах. Таксама існуе некалькі польскіх парафій Маці Божай Вастрабрамскай у Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі.
Пад канец 90-х гадоў ХХ стагоддзя вялікае развіццё атрымаў звязаны з Маці Божай Вастрабрамскай і Вільняй культ Божай Міласэрнасці, які пачаў пашырацца дзякуючы святой Фаўстыне Кавальскай, манахіні Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасці.
Творы мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Маці Божая Вастрабрамская і Вострая брама ўслаўлены ў вершах (напрыклад, пачатак паэмы «Пан Тадэвуш») і карцінах беларускіх, літоўскіх, польскіх паэтаў і мастакоў.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вастрабрамскі абраз Маці Божай // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 33. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Абраз Маці Божай Вастрабрамскай на Вікісховішчы |