Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай (дыяметр яе 2—32 мм), складаецца з галавы, вантробнага мяшка і нагі. Ракавіна з 4—8 абаротамі завіта ў адной плоскасці, дыскападобная, аліўкава-карычневага або карычневага колеру з рознымі адценнямі. На галаве ротавая адтуліна, адна пара доўгіх ніткападобных шчупальцаў, каля асновы іх размешчана пара вачэй.
Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўразіі. На Беларусі адзначана больш 10 відаў. Трапляюцца ў прыбярэжнай зоне азёр, сажалках, канавах, іншых плыткіх вадаёмах са стаячай або слаба праточнай вадой.
Гаўрылаў С. Катушкі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983.—522 с.— 10 000 экз.