Перайсці да зместу

Квадратура (мастацтва)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віла Фарнезіна ў Рыме. Зала перспектывы. Роспіс Бальдасарэ Перуцы (1508—1511)
Ілюзорны купал Андрэа Поца ў касцёле Святога Ігнацыя ў Рыме (1685), які стварае ілюзію рэальнай архітэктурнай прасторы на злёгку ўвагнутай паверхні
«Салон квадратуры». XVIII ст. Каралеўскі палац у Порцічы

Квадрату́ра (лац.: ad quadratum, ад сярэдневяковага лац.: quadratura — наданне квадратнай формы) — у позняй антычнасці, эліністычным і рымскім мастацтве, а таксама ў мастацтве рэнесансу і барока — прыём і стыль дэкаратыўнага роспісу сцен і скляпенняў, які стварае ілюзію працягу архітэктуры ва ўяўнай прасторы[1].

У іншым значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў гісторыі і тэорыі архітэктурнай кампазіцыі для абазначэння аднаго са спосабаў прапарцыянавання будынкаў.

У манументальным жывапісе

[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя і развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

Класічныя прыёмы квадратуры маюцца ў так званых архітэктурным і перспектыўным стылях роспісу дамоў старажытных Пампеяў (пачатак I стагоддзя н. э.). Назва паходзіць ад характэрных выяў вертыкаляў і гарызанталяў архітэктурных канструкцый, прамавугольных і квадратных праёмаў накшталт вокнаў ці ўяўных парталаў, скрозь якія бачныя архітэктурныя і прыродныя ландшафты[1].

Андрэа Мантэнья, плафон у Камера дэльі Спозі, Палаца Дукале ў Мантуі

У мастацтве італьянскага Адраджэння, маньерызму і барока жывапісцы-дэкарататоры выкарыстоўвалі прыёмы квадратуры (італ.: quadri riportati — карціны ў абрамленні) для стварэння ўражання працягу прасторы інтэр'ера ў экстэр'еры. Першым плафонам, распісаным з мэтай імітацыі адкрытай прасторы, лічыцца твор Андрэа Мантэньі ў Камера дэльі Спозі ў Палаца Дукале ў Мантуі (1474). Мастак давёў мастацтва ілюзорнай перспектывы да новых межаў, распісаўшы сцены ілюзорнымі сцэнамі прыдворнага жыцця, а столь ператварыўшы ва ўяўны окулюс, адкрыты ў неба. Гэты прыём назірання знізу ўверх атрымаў у італьянскім мастацтве назву di sotto in sù. Пазней падобны падыход быў развіты Мелоца да Фарлі (так званая «перспектыва Мелоца») і Антоніа да Карэджа, які ў роспісах купалаў у Парме (1520—1524) ператварыў усю паверхню ў бязмежнае і пазбаўленае рамак нябеснае скляпенне, дзе фігуры нібы лунаюць у той жа архітэктурнай прасторы, у якой стаіць глядач[2]. Яшчэ адным раннім прыкладам з'яўляюцца «падманныя» роспісы салона першага паверху вілы Фарнезіна ў Рыме, створаныя Бальдасарэ Перуцы з выявай панарамы горада, нібыта размешчанага ў праёмах намаляваных на сцяне калон (1508—1511)[1].

Уласна тэрмін «квадратура» быў уведзены ў XVII стагоддзі і стаў асабліва папулярным сярод мастакоў эпохі барока. У адрозненне ад іншых тэхнік падману зроку (фр.: trompe-l'œil) або папярэдніх дэкарацый di sotto in sù, якія часта абапіраліся на інтуітыўныя мастацкія падыходы, квадратура наўпрост звязана з тэорыямі перспектывы і рэпрэзентацыяй архітэктурнай прасторы XVII стагоддзя. Дзякуючы апоры на тэорыю лінейнай перспектывы, яна больш поўна аб'ядноўвае архітэктуру, жывапіс і скульптуру і стварае больш моцнае ўражанне ілюзіянізму, чым ранейшыя прыклады[2]. Мастак маляваў ілюзорную архітэктуру ў перспектыве на плоскай або цыліндрычнай столі такім чынам, што яна здавалася працягам існуючай архітэктуры, пры гэтым усе лініі сіходзіліся ў адным фокусным цэнтры. Рэзкія ракурсы фігур, намаляваныя сцены і калоны выкарыстоўваліся для стварэння ілюзіі глыбокага паглыблення, нябеснай сферы або адкрытага неба. З тэхнікай квадратуры часта звязваецца прымяненне анамарфозы — выяў, прызначаных для разглядання пад пэўным вуглом[3].

Выбітныя майстры і творы

[правіць | правіць зыходнік]
Скляпенне Езуіцкага касцёла ў Вене, роспіс А. Поца (1703)

Сярод найбольш выдатных прыкладаў выкарыстання квадратуры вылучаюцца працы езуіта Андрэа Поца ў касцёле Святога Ігнацыя ў Рыме і Езуіцкім касцёле ў Вене. Гэты майстар таксама выклаў тэарэтычныя асновы сваіх мастацкіх ідэй у двухтомным трактаце «Perspectiva pictorum et architectorum» (Рым, 1693—1700), які аказаў каласальны ўплыў на мастацтва ўсёй Еўропы. Іншымі значнымі прыкладамі з'яўляюцца роспісы П'етра да Картона ў Палаца Барберыні, працы Джавані Батыста Цьепала ў Ка-Рэцоніка ў Венецыі, на Віле Пізані ў Стра і ў Троннай зале Каралеўскага палаца ў Мадрыдзе, а таксама фрэскі Паала Веранезэ на Віле Барбара ў Мазеры[1][2]. Сярод іншых вядомых майстроў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якія працавалі ў гэтым жанры, вылучаюцца Джыралама Менгоцы-Калона, Антоніа Фелічэ Ферары, Віторыа Бігары, Стэфана Арландзі, Джузэпэ Танелі і П'етра Андэрліні. Тэхніка таксама шырока распаўсюдзілася за межамі Італіі, у прыватнасці, у Аўстрыі, Германіі, Рэчы Паспалітай і іншых краінах[4].

Квадратура ў Вялікім Княстве Літоўскім

[правіць | правіць зыходнік]

У сакральным мастацтве Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) прыёмы квадратуры і ілюзорнага жывапісу набылі надзвычайную папулярнасць у эпоху позняга барока і ракако XVIII — першай паловы XIX стагоддзя. Вялізны ўплыў на мясцовых майстроў аказалі заходнееўрапейскія тэарэтычныя трактаты. У першую чаргу гэта праца італьянскага езуіта Андрэа Поца «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (лац.: Perspectivae pictorum atque architectorum, 1693—1700), а таксама выданні Іагана Якаба Шублера[5]. Гэтыя кнігі змяшчалі гатовыя схемы для пабудовы ілюзорнай прасторы, якія часта капіраваліся або творча перапрацоўваліся мастакамі ў ВКЛ[6].

Галоўнымі папулярызатарамі квадратуры ў Рэчы Паспалітай і ВКЛ сталі манахі-езуіты. Яны актыўна выкарыстоўвалі прыёмы перспектыўнага жывапісу для стварэння так званага «свяшчэннага тэатра» (лац.: theatrum sacrum) — маштабных часовых дэкарацый для 40-гадзінных еўхарыстычных набажэнстваў (Quarantore), кананізацый і школьных спектакляў[7]. Паступова гэтыя аказіянальныя формы перайшлі ў манументальны жывапіс: замест дарагіх аб’ёмных алтароў з дрэва або каменя ў храмах пачалі масава ствараць «намаляваныя» (аптычныя) алтары на сценах, драўляных шчытах ці палатне[8]. Падлічана, што ў XVIII — першай палове XIX стагоддзя ў храмах ВКЛ існавала каля 1000 такіх ілюзорных алтароў[9].

«Саламон і царыца Саўская». Размалёўка скляпення трансепта езуіцкага касцёла Божага цела ў Нясвіжы, выкананая Ксаверыем Дамінікам Гескім. 1764

Даследчыкі вылучаюць некалькі тыпаў кампазіцый квадратуры ў храмах ВКЛ. Найбольш складаны тып цалкам грунтаваўся на законах архітэктурнай квадратуры і ствараў ілюзію прарыву прасторы ўгару (тып C паводле класіфікацыі Анджэя Стогі і Магдалены Вітвіньскай). Такія складаныя ілюзорныя купалы і скляпенні былі характэрны для буйных цэнтраў і езуіцкіх храмаў, напрыклад, у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, дзе роспісы візуальна павялічвалі вышыню адносна нізкага інтэр’ера[10]. У невялікіх парафіяльных або філіяльных драўляных храмах малявалі больш простыя архітэктурныя каркасы, якія імітавалі калоны, пілястры і карнізы ў стылі trompe-l'œil[11].

Ілюзорны галоўны алтар у Будслаўскім касцёле

Сярод вядомых майстроў манументальнага жывапісу і квадратуры ў ВКЛ вылучаюцца як замежныя, так і мясцовыя мастакі. Значны ўклад зрабілі езуіты Ігнацій Дарэці, які працаваў у Вільні і Гародні, і Якуб Брэцэр, аўтар роспісаў у Слуцку, Полацку і Мінску[12]. Мясцовы мастак Казімір Анташэўскі ў 1782 годзе стварыў унікальны ансамбль з 9 ілюзорных алтароў у Будслаўскім касцёле, якія імітавалі мармур у тэхніцы грызайль[13]. Да іншых выбітных прыкладаў квадратуры і ілюзорнага жывапісу ў рэгіёне адносяцца роспісы кармеліцкага касцёла ў Мсціславе, выкананыя мастаком Францішкам Неміроўскім, Фарнага касцёла ў Гародні, касцёла Святых Янаў і Святога Духа ў Вільні, а таксама Крыжаўзвіжанскай царквы ў Жыровічах[14].

У архітэктурнай кампазіцыі

[правіць | правіць зыходнік]

У іншым значэнні тэрмін «квадратура» выкарыстоўваюць у гісторыі архітэктуры і ў тэорыі архітэктурнай кампазіцыі для абазначэння аднаго са спосабаў прапарцыянавання будынкаў (знаходжання аптымальных суадносін цэлага і частак). Гэта самы просты спосаб разліку памераў, які ўзыходзіць да антычных «квадратных фігур» і «егіпецкай сістэмы дыяганаляў». Усю пабудову ўпісвалі ў квадрат (у плане і вышынных адносінах), а вытворныя велічыні вызначалі дыяганаллю квадрата, пабудаванага на шырыні галоўнага фасада будынка[15]. Такі спосаб атрымаў найбольшае распаўсюджанне ў архітэктуры раманскага перыяду. Іншы вядомы спосаб — трыянгуляцыя — дамінаваў у архітэктуры гатычнага стылю.

  1. 1 2 3 4 Власов В. Г. Новый энциклопедический словарь изобразительного искусства. СПб.: Азбука-Классика, 2006. — Т. IV. — С. 404—405.
  2. 1 2 3 Wittkower R., Connors J., Montagu J. Art and Architecture in Italy, 1600–1750. — New Haven: Yale University Press, 1999. — Т. 1. — С. 35—36.
  3. Chilvers I. Oksfordzki leksykon sztuki. — Warszawa: Arkady, 2002. — С. 538. ISBN 83-213-4157-8.
  4. kvadratūra // Visuotinė lietuvių enciklopedija : энцыклапедыя.
  5. Klajumienė 2006, с. 23—24, 252.
  6. Klajumienė 2006, с. 39.
  7. Klajumienė 2006, с. 28—31, 253.
  8. Klajumienė 2006, с. 11, 250.
  9. Klajumienė 2006, с. 254.
  10. Klajumienė 2004, с. 78, 269.
  11. Klajumienė 2006, с. 250—251.
  12. Klajumienė 2006, с. 45, 248.
  13. Klajumienė 2006, с. 91—92, 248.
  14. Klajumienė 2006, с. 35, 66, 89, 253.
  15. Шуази О. История архитектуры. М.: Изд-во Вс. Академии архитектуры, 1937. — Т. 2. — С. 359—362.