Клімавіцкі краязнаўчы музей
| Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей | |
|---|---|
| | |
| Адкрыты | 24 ліпеня 1984 |
| Падпарадкаванасць | Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь |
| Краіна | |
| Месцазнаходжанне | Клімавічы, Беларусь |
| Адрас | 213633, Рэспубліка Беларусь, Магілёўская вобласць, г. Клімавічы, вул. Савецкая, 69 |
| klimovichi.museum.by/be | |
Клімавіцкі краязнаўчы музей — музей, створаны ў Клімавічах рашэннем ЦК КПБ ад 11 ліпеня 1978 года. Для наведвальнікаў адкрыты 24 ліпеня 1984 года. З 1979 года музеем кіраваў І. М. Сімакоў. З 1995 года дырэктар Л. М. Андрушкова. Размяшчаецца ў былой сядзібе князёў Мяшчэрскіх па вуліцы Савецкай, 69.
Асноўны фонд музея (2008) налічвае 5849 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 7782 адзінкі. Плошча экспазіцыйных памяшканняў 222 м², выставачнай залы — 60 м².

Найбольш цікавыя прадметы з калекцый музея: бівень маманта, каменныя прылады працы 3—2-га тыс. да н.э., кнігі «Трэбнік» і «Мінеі» 2-й палавіны ХІХ в., прадметы нумізматыкі, ткацтва, народнага побыту, узоры зброі, матэрыялы пра клімавіцкія мужчынскую і жаночую гімназіі пачатку ХХ ст., творы выяўленчага мастацтва.
Экспазіцыя музея, размешчаная ў 6 залах, складаецца з раздзелаў: «Прырода раёна», «Далёкае мінулае», «Сацыялістычная рэвалюцыя», «Вялікая Айчынная вайна», «Прамысловасць раёна», «Знакамітыя землякі».
У музеі праводзяцца лекцыі на краязнаўчую тэматыку, экскурсіі, сустрэчы, выстаўкі, музейныя заняткі, гульнявыя праграмы для дзяцей і школьнікаў. Падрыхтаваны і праведзены выстаўкі мастакоў Клімаўшчыны «Мастацкае асарці», работ навучэнцаў дзіцячай мастацкай школы «Запалі сваю зорку», абразоў «Лікі святых», этнаграфічная «З бабулінага куфэрка» і іншыя.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Экспазіцыя музея. Дыярама "Бой пад Мілаславічамі 8 жніўня 1941 года".
-
Экспазіцыя музея. Двуручная чарка.