Пярэднія крылы — шаравата-карычневыя[2] з шырокай шэрай папярочнай паласой і 3 чарнаватымі зубчастымі лініямі; пасярэдзіне крыла знаходзіцца маленькая белая плямка; заднія крылы аднакалярова-бурыя; наогул, афарбоўка вельмі зменлівая і падобная на колер хваёвай кары[3].
Самка мае размах крылаў да 8,5 см, самец — не больш за 6 см; ён адрозніваецца ад самкі, акрамя таго, больш тоўстымі грабеньчыкавымі вусікамі і больш тонкім тулавам[3].
Буйныя вусені (да 10 см у даўжыню) шэрага колеру, з чырванаватымі валасінкамі і двума цёмна-сінімі выразамі на 2-м і 3-м грудных кольцах; на брушных кольцах знаходзіцца па 1 або па 2 цёмных плямы з больш светлай сярэдзінай. Афарбоўка вусеня, гэтак жа як і матылька, даволі моцна вар'іруе і, акрамя таго, змяняецца з узростам вусеня. Вусень ператвараецца ў цёмна-бурую кукалку, якая ляжыць у даўгаватым шэрага колеру кокане[3].
Маладыя вусені, якія выйшлі з яец у канцы ліпеня, ядуць ігліцу соснаў, восенню спаўзаюць з дрэў і праводзяць зіму ў подсціле каля ствалоў, ранняй вясной абуджаюцца і працягваюць харчавацца да пачатку чэрвеня, калі ператвараюцца ў кукалку.