Корву
Корву | |
---|---|
парт. Corvo | |
Знешні выгляд | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 17,11 км² |
Насельніцтва | 430 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 25,13 чал./км² |
Размяшчэнне | |
39°40′19″ пн. ш. 31°06′42″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Азорскія астравы |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
![]() |
Корву (парт.: ilha do Corvo) — востраў у Атлантычным акіяне, найменшы з усіх населеных Азорскіх астравоў. Плошча - 17,11 км². Насельніцтва (2011 г.) - 430 чал.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Востраў Корву знаходзіцца ў 18,18 км на паўночны ўсход ад суседняга, большага па памерах вострава Флорэш. Гэта — самы паўночны з усіх населеных Азорскіх астравоў. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 6,33 км. Найбольшая шырыня — 3,88 км.
Корву мае вулканічнае паходжанне. Яго фундамент месціцца на ўскраіне Паўночна-Амерыканскай пліты. Вылучаюць 3 асноўныя этапы фарміравання вострава:
- 1,5 - 1 млн гадоў таму: узнікненне падводнага базальтавага комплекса
- каля 730 тысяч гадоў таму: узнікненне надводнай часткі ў выніку моцнага вывяржэння
- каля 430 тысяч гадоў таму: вывяржэнне на поўначы вострава, фарміраванне сучасных абрысаў кратара.
Пераважаюць горныя ландшафты са стромкімі скаламі. Берагі абрывістыя. На поўдні вылучаюцца спадзістыя схілы. Найвышэйшы пункт — вулкан Мора-душ-Оменс(718 м). Яго кальдэра ўмяшчае невялікае возера.
Клімат марскі ўмераны. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ад 14°C да 20°C. Большая частка ападкаў прыходзіцца на зімовыя месяцы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У 2010 г. археолагі выявілі рэшткі паселішча, якое магло быць заснавана каля 2000 гадоў таму. Аднак да моманта адкрыцця партугальцамі ў 1452 г. ён ужо быў незаселены. З 1458 г. Корву выкарыстоўвалі для выпасу статкаў свойскай жывёлы. У 1580 г. пачалося засяленне выхадцамі з суседняга вострава Флорэш. У 1674 г. утворана самастойная парафія. Цывільная адміністрацыя з'явілася толькі ў 1832 г.
З другой паловы канцы XIX ст. навакольныя воды наведвалі амерыканскія кітабоі. Яны ахвотна наймалі маладых тубыльцаў. Да 1970-ых гг. працягваўся перыяд сталай эміграцыі ў ЗША. Жыхары Корву захавалі асабісты дыялект, блізкі да старой партугальскай мовы.
У 2008 г. для аховы флоры і фаўны на востраве Корву створаны прыродны парк.
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
На поўдні вострава Корву знаходзіцца самае буйное паселішча, вёска Віла-ду-Корву, — цэнтр мясцовага муніцыпалітэта. Муніцыпалітэт валодае трацінай усёй зямлі вострава. Астатняя — у прыватнай маёмасці. Асноўны занятак мясцовых жыхароў — жывёлагадоўля. Трымаюць кароў і авечак. Вытворчасць сыру складае важную галіну эканомікі. Земляробства накіравана на задавальненне ўнутраных патрэб. Палеткі месцяцца пераважна на ўсходзе вострава, а таксама ў кратэры вулкана. Вырошчваюць бульбу, авёс, цытрусавыя. Развіваецца турызм.
Паміж востравам Корву і востравам Флорэш існуе лодкавая пераправа. У 1993 г. пабудаваны невялікі аэрапорт, з якога самалёты лётаюць на Флорэш і Фаял.