Азорскія астравы
| |||||
![]() | |||||
Дэвіз: «Antes morrer livres que em paz sujeitos» | |||||
Дзяржаўны гімн Азорскіх астравоў | |||||
Афіцыйная мова | партугальская | ||||
Сталіца | Понта-Дэлгада Ангра-ду-Эраіжму Орта | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Понта-Дэлгада, Ангра-ду-Эраіжму, Лагоа, Рабу-дэ-Пейшэ | ||||
Форма кіравання | Аўтаномная правінцыя | ||||
Прэзідэнт | Васка Кардэйра | ||||
Плошча • Усяго |
2346 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2011) • Шчыльнасць |
245746 чал. 105,87 чал./км² | ||||
Валюта | еўра | ||||
Інтэрнэт-дамен | .pt | ||||
Тэлефонны код | +351 | ||||
Часавыя паясы | -1, улетку +0 |
Азо́рскія астравы́ (парт.: Açores) — архіпелаг у Атлантычным акіяне. З’яўляецца аўтаномным рэгіёнам Партугаліі (парт.: Região Autónoma dos Açores). На Азорскіх астравах няма адзінай сталіцы. Вышэйшая заканадаўчая ўлада знаходзіцца ў горадзе Орта (востраў Фаял), вышэйшая выканаўчая ўлада — у горадзе Понта-Дэлгада (востраў Сан-Мігел), вышэйшая судовая ўлада — у горадзе Ангра-ду-Эраіжму (востраў Тэрсейра).
Агульная плошча сушы — 2 346 км². Насельніцтва (2011 г.) — 245 746 чал.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва астравоў, хутчэй за ўсё, паходзіць ад састарэлага партугальскага слова «azures» (літаральна «блакітныя»). Існуе больш паэтычная версія, якая сцвярджае, што сваю назву астравы атрымалі ад слова «Açor» — ястраб (Ястрабінымі астравы звалі арабы). Згодна паданню мараплаўцаў, ястрабы ляцелі да сваіх гнёздаў і паказалі шлях да астравоў. Аднак паколькі гэта птушка ніколі не існавала ў гэтым рэгіёне, навукоўцы лічаць дадзеную версію найменш верагоднай.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Склад архіпелага
[правіць | правіць зыходнік]Азорскі архіпелаг размяшчаецца ў цэнтральнай частцы Паўночнай Атлантыкі ў 1368 км ад бліжэйшага берага Еўрапейскага кантынента, у 1513 км ад Афрыкі і ў 1945 км ад Паўночнай Амерыцы. Складаецца з трох буйных груп астравоў:
- Заходняя група:
- Цэнтральная група:
- Усходняя група:
- Санта-Марыя (96,89 км²)
- Сан-Мігел (744,55 км²)
Да архіпелага адносіцца таксама вялікая колькасць малых астравоў і груп, якія незаселены.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]Азорскія астравы ўзніклі ў выніку вулканічнай дзейнасці на на стыку трох буйных тэктанічных пліт — Еўрапейскай, Афрыканскай і Паўночнаамерыканскай. Цэнтральная і ўсходняя групы астравоў месцяцца на так званай Азорскай субпліце, якая з’яўляецца ўскраінай Еўрапейскай буйной тэктанічнай пліты. Заходняя група астравоў належыць да Паўночнаамерыканскай буйной тэктанічнай пліты[1]. Найбольш стары востраў Санта-Марыя сфарміраваўся каля 7 млн гадоў таму. Найбольш малады востраў Піку — каля 300 тысяч гадоў таму[2].
Усе астравы маюць базальтавыя платформы, кальдэры старых і маладых вулканаў. Так, на самым вялікім востраве Сан-Мігел налічваецца 5 вулканічных кратараў, прычым 3 з гэтых вулканаў актыўныя. На астравах усходняй і некаторых астравах цэнтральнай груп на ўзбярэжжы маюцца пясчаныя пляжы. Востраў Тэрсейра знакаміты сваімі бухтамі, прыдатнымі для стаянкі суднаў. Аднак для большасці астравоў характэрны стромкія скалістыя берагі са спадзістымі платформамі фажас[3], створанымі лававымі струменямі.
Унутраныя ландшафты астравоў звычайна гарыстыя. На Азорскіх астравах знаходзіцца найвышэйшы пункт усёй Партугаліі — вулкан Піку (2351 м) на аднайменным востраве. Геалагічная зона, у якую ўваходзіць архіпелаг, сейсмічна актыўныя. Назіраюцца частыя землетрасенні.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат Азорскіх астравоў міжземнаморскі мяккі акіянічны, вызначаны высокай вільготнасцю паветраных мас і ўздзеяннем цёплай плыні Гальфстрым[4]. На працягу года дамінуюць паўднёва-ўсходнія і паўночна-заходнія вятры, якія могуць дасягаць 18 м у секунду і выклікаць моцнае хваляванне да 6 м каля берагоў астравоў. Аднак базальтавыя скалы звычайна добра ахоўваюць сушу ад затаплення. Выпадкаў паводак, выкліканых штармамі не зафіксавана.
Сярэднегадавая дзённая тэмпература вагаецца ад +14 °C да +22 °C[5]. Змены тэмпературнага рэжыма адлюстраваны ў наступнай табліцы:
Месяц | Студзень | Люты | Сакавік | Красавік | Май | Чэрвень |
Сярэдняя тэмпература | 14,1 °C | 13,8 °C | 14,2 °C | 14,9 °C | 16,3 °C | 18,5 °C |
Месяц | Ліпень | Жнівень | Верасень | Кастрычнік | Лістапад | Снежань |
Сярэдняя тэмпература | 21 °C | 22,2 °C | 21,3 °C | 18,9 °C | 16,5 °C | 14,9 °C |
Сярэднегадавая норма ападкаў — каля 1 099 мм. Найбольш вільготны сезон цягнецца з кастрычніка да сакавіка. Найбольш сонечны і сухі месяц — ліпень.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Флора
[правіць | правіць зыходнік]![]() | ||||||||||
Азарына — адзін з эндэмікаў Азорскіх астравоў.
|
Флора Азорскіх астравоў характэрная для рэгіёна Макаранезія, адна з самых багатых у Еўропе. Да прыбыцця еўрапейскіх каланістаў у XV ст. большая частка сушы была пакрыта густымі шыракалістымі лаўровымі лясамі Laurissilva, травяністымі пусткамі і хмызнякамі. У наш час рэшткі лясоў і гаі сустракаюцца амаль на ўсіх буйных астравах, але найлепш захаваліся на астравах Піку, Тэрсейра, Сан-Мігел. Звычайна яны месцяцца на вулканічных плато і схілах гор. Усяго налічваецца каля 1200 відаў дзікіх раслін[6]. Каля 60 відаў — уласна азорскія эндэмікі. 700 відаў раслін былі ўвезены чалавекам звонку выпадкова або з камерцыйнымі мэтамі[7]. Сярод эндэмікаў асабліва вядомы азорскі лаўр (Laurus azorica) і азарына (Azorina).
Фаўна
[правіць | правіць зыходнік]Азорскія астравы ніколі не былі злучаны з кантынентамі, таму большасць наземных жывёл прадстаўлены птушкамі і казуркамі[8], у тым ліку знакамітым азорскім снягіром (Pyrrhula murina)[9]. Налічваецца ўсяго 9 відаў сысуноў, але толькі кажаны маюць мясцовае паходжанне. Астатнія (трусы, вожыкі, грызуны, тхары) былі завезены чалавекам. Радзей сустракаюцца яшчаркі, чарапахі і жабы[10]. Навакольныя акіянічныя воды насяляюць рэдкія віды акул, кітоў, дэльфінаў і іншых марскіх жывёл.
Ахова
[правіць | правіць зыходнік]На Азорскіх астравах існуе шэраг прыродных паркаў. У 1995 годзе аўтаномія атрымала прэмію ЕС за захаванне першароднай прыроды і развіццё экалагічнага турызму.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першаадкрывальнікамі Азорскіх астравоў лічацца партугальскія мараплаўцы Дыёгу ды Сілвеш і Гонкалу Велью Кабрал[11]. Дыёгу ды Сілвеш высадзіўся на Санта-Марыі і Сан-Мігеле ў 1427 г. У 1432 г. даследаванне Азорскіх астравоў працягваў Гонкалу Велью Кабрал. Заходняя група астравоў была адкрыта толькі ў 1452 г.
Ужо з XVI ст. некаторыя даследчыкі абвяргалі першынство партугальцаў у адкрыцці Азорскіх астравоў. На аснове пісьмовых запісаў, легенд і сярэдневяковых карт паказвалася, што шэраг астравоў быў вядомы яшчэ з часоў Старажытнага Рыма. Аднак дадзеныя, на якія спасылаліся даследчыкі, былі даволі спрэчнымі. У пачатку XXI ст. сітуацыя змянілася дзякуючы археалагічным раскопкам на астравах Корву і Тэрсейра. Былі выяўлены рэшткі старажытных пахаванняў, рэчаў і нават рымскае і арабскае пісьмо, што сведчылі пра наведванне астравоў чалавекам з IV ст. да н.э. У 2011 г. археолагамі на Тэрсейры даследаваны наскальныя малюнкі, што могуць адносіцца да бронзавага века[12]. У 2013 г. з’явіліся звесткі аб адкрыцці на дне акіяна паміж астравамі Тэрсейра і Сан-Мігел штучных пірамід[13]. Тым не менш, у XV ст., калі партугальцы зрабілі сваё адкрыццё, Азорскія астравы былі бязлюднымі.
Каланізацыя Азораў пачалася ў 1439 г.[14] У асноўным перасяленцы прыязджалі з паўднёвай Партугаліі, паўночнай Францыі і Фландрыі. Яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, вырошчвалі і вывозілі ў Еўропу пшаніцу, цукар, раслінныя фарбавальнікі. З цягам часу важную роль у эканоміцы астравоў стала адыгрываць вінаградарства і вытворчасць віна. У другой палове XVIII ст. - трэцяй чвэрці XX ст. многія астравіцяне займаліся здабычай кітоў. Дзякуючы стратэгічнаму становішчу ў Атлантыцы з перыяду Вялікіх геаграфічных адкрыццяў Азорскія астравы маюць важнае значэнне як транспартны вузел. Іх наведвалі такія славутыя даследчыкі, як Барталамеў Дыяш, Васка да Гама, Хрыстафор Калумб, Чарлз Роберт Дарвін і інш. З другой паловы XX ст. развівіццё атрымалі авіяцыйныя перавозкі.
У 1580 г., калі Партугалія была захоплена войскамі іспанскага караля Філіпа II[15], Азоры некаторы час кантраляваліся прыхільнікамі незалежнай партугальскай кароны. У 1581 г. Філіп II выслаў для заваявання астравоў флот з 10 караблёў. Спроба іспанскіх салдат высадзіцца на Тэрсейры скончылася іх паражэннем ад пасяленцаў[16]. Аднак іспанцы выйгралі марскую бітву каля Понта-Дэлгада[17]. На Азорах было размешчана некалькі іспанскіх гарнізонаў. Напады французскіх, англійскіх і асманскіх карсараў у XVI — XVII стст. вымусілі мясцовыя ўлады пабудаваць для абароны астравоў шэраг крэпасцей. У 1640 г. Партугалія зноў вярнула незалежнасць. У 1641 г. іспанцы канчаткова пакінулі Азорскія астравы. У 1766 г. партугальскія манархі заснавалі асобнае Азорскае генерал-капітанства з цэнтрам у Ангры.
У гады грамадзянскай вайны ў Партугаліі ў 1828 — 1832 гг. Азорскія астравы заставаліся адзінай тэрыторыяй, якая не падпарадкавалася каралю-узурпатару Мігелю I[18]. Мясцовыя лібералы захавалі адданасць каралеве Марыі. 11 жніўня 1829 г. у бітве каля Віла-дэ-Прая на востраве Тэрсейра прыхільнікі Марыі атрымалі бліскучую перамогу над войскамі Мігеля I[19]. Азорцы ўдзельнічалі ў далейшых баях у Партугаліі. У 1836 г. Азорскія астравы былі падзелены на тры раўнапраўныя паветы з цэнтрамі ў Ангры, Орце і Понта-Дэлгада ў складзе Партугаліі.
Падчас Другой сусветнай вайны дыктатар Антоніу ды Алівейра Салазар перадаў частку тэрыторыі астравоў у арэнду ЗША для пабудовы ваенна-паветраных баз. Пасля заканчэння вайны амерыканскія базы засталіся на Санта-Марыі і Тэрсейры.
У 1976 г. Азорскія астравы набылі аўтаномію.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Сістэма аўтаноміі Азорскіх астравоў у складзе Партугаліі была распрацавана падчас рэвалюцыйных падзей 1974 — 1975 гг. і ўвайшла ў партугальскую прававую сістэму пад спецыяльнай назвай палітыка-аўтаномнага статуса Азораў (парт.: Estatuto Político-Administrativo dos Açores, EPARAA)[20]. Яна прадугледжвае наяўнасць асабістага канстытуцыйнага закона і дзеяння агульных азорскіх органаў улады, аднак не дае права на самавызначэнне і выхад са складу Партугаліі. Аўтаномія Азорскіх астравоў была замацавана партугальскай Канстытуцыяй 1976 г. з папраўкамі 2004 г. і 2008 г.
Сістэма аўтаномнага кіравання заснавана на падзеле ўлады на тры асноўныя галіны — заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Заканадаўчая галіна прадстаўлена мясцовым Заканадаўчым Сходам (52 дэпутаты выбіраюцца на агульных выбарах на 4 гады), які размяшчаецца ў Орце. Артыкул 226 Канстытуцыі Партугаліі замацоўвае абавязковае зацверджанне законаў, прынятых азорскім Заканадаўчым Сходам з боку партугальскага Схода Рэспублікі. Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў, які выконвае функцыі ўрада і знаходзіцца ў Понта-Дэлгада. Савет Міністраў прызначаецца Заканадаўчым Сходам Азорскіх астравоў, яго склад зацвярджаецца ўрадам Партугаліі. Вышэйшая судовая ўлада прадстаўлена Вярхоўным Судом Азорскіх астравоў у горадзе Ангра-ду-Эраіжму.
На Азорскіх астравах дзейнічаюць агульнапартугальскія палітычныя партыі.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Тры асноўныя галіны эканомікі Азорскіх астравоў — сельская гаспадарка, рыбалоўства і турызм. Сельская гаспадарка прадстаўлена малочнай жывёлагадоўляй і земляробствам. Мясцовы клімат дазваляе на працягу ўсяго года вырошчваць свежую гародніну і садавіну. Востраў Сан-Мігел — адзінае месца ў ЕС, дзе існуе камерцыйная вытворчасць ананасаў. Астравіцяне таксама займаюцца вытворчасцю сыру, масла, алею, цыкорыі, віна і цукру.
З развіццём рыбалоўства і перапрацоўкі рыбы звязваюць пераважна перспектыўны рост мясцовай эканомікі[21]. Найбольш важнымі з камерцыйнага пункту гледжання відамі рыб азорскай эксклюзіўнай марской зоны з’яўляюцца тунец, вугор, селядцовыя і інш.
Прамысловасць прадстаўлена пераважна харчовай галіной, вытворчасцю малочных прадуктаў, піва, вэнджанай рыбы, цыгарэт, дробнымі будаўнічымі і мэблевымі прадпрыемствамі. Развіваецца энергетыка. Астравы забяспечаны электрычнасцю ад мясцовых дробных гідра-, ветра- і геатэрмальных станцый.
Турызм з’яўляецца найбольш імклівай галіной гаспадаркі. Наведвальнікі прыбываюць на Азоры на працягу ўсяго года. Каля паловы турыстаў — непасрэдна з Партугаліі. Астатнія — пераважна з іншых краін ЕС.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Fernando VELOSO GOMES, Francisco TAVEIRA PINTO, AZORES ISLANDS (PORTUGAL)
- ↑ Geology: Azores
- ↑ São Jorge: the island of fajãs
- ↑ Climate at the Azores(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2015. Праверана 8 студзеня 2015.
- ↑ Azores Islands Historic Climate Архівавана 5 красавіка 2015.
- ↑ Schäfer, Hanno, Flora of the Azores. A Field Guide(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 красавіка 2015. Праверана 9 студзеня 2015.
- ↑ http://www.azoresweb.com/flora_fauna.html(недаступная спасылка)
- ↑ azoresgeopark.com
- ↑ Azores Bullfinch Pyrrhula murina Архівавана 5 лістапада 2013.
- ↑ More information and photos about land animals, butterflies and more in the Azores
- ↑ Azores — History and Culture
- ↑ Prehistoric rock art found in caves on Terceira Island — Azores
- ↑ Гл.: azores-pyramid.org
- ↑ History of the Azores(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2013. Праверана 9 студзеня 2015.
- ↑ The Spanish annexation of Portugal
- ↑ Battle of Salga
- ↑ J.H. Garner Genealogy Database
- ↑ Miguel I Biography Архівавана 1 мая 2015.
- ↑ Timeline of Portugal’s Liberal Wars
- ↑ PEDIDO DE FISCALIZAÇÃO DA CONSTITUCIONALIDADE
- ↑ Economy(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2020. Праверана 12 студзеня 2015.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Азорскія астравы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Африка: энциклопедический справочник. Т. 1. А—К / Гл. ред. А. Громыко. Ред. колл. В. М. Власов, Н. И. Гаврилов т др. — М.: Советская энциклопедия, 1986. — С. 210. — 672 с. с илл. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Вікісховішча: Атлас: Азорскія астравы
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Азорскія астравы
Azores даведнік на сайце Wikivoyage
- Practical site of Azores
- The Azores Islands, Site with abundant information about Portuguese Azores Islands
- Фотагалерэя