Крыжаўзвіжанская царква (Бабры)
Праваслаўны храм | |
Крыжаўзвіжанская царква | |
---|---|
53°43′46″ пн. ш. 25°09′39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Бабры |
Канфесія | Беларуская Праваслаўная Царква |
Епархія | Лідская епархія |
Архітэктурны стыль | народнае дойлідства |
Дата пабудовы | 1810 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000338 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга — праваслаўны храм у в. Бабры (Лідскі раён). Размешчана ў цэнтры вёскі. Храм вырашаны ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1810 г.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На пачатку XIX ст. маёмасць Бабры набыў у Радзвілаў Караль Лясковіч. Да 1810 г. ён фундаваў тут будаўніцтва драўлянай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. Каля новай царквы тады пасадзілі дуб, які расце да гэтага часу. Дуб настолькі магутны і шырокі, што трэба з дзясятак рук, каб абхапіць ствол дрэва. Існуе меркаванне, што гэтаму дубу можа быць і чатырыста гадоў.
У 1829 г. пры Баброўскай царкве дзейнічаў шпіталь для адзінокіх старых і сірот, жылі ў ім 6 чалавек.
Вядомы наступныя грэка-каталіцкія святары Баброўскай царквы.
- Мікалай Дамінікоўскі, сын Ігната, у 1819 г. з’яўляўся адміністратарам царквы ў Бабрах.
- Іосіф Канаховіч, нарадзіўся ў 1793 г., у 1832 г. святар царквы ў в. Бабры, пасля пераведзены ў царкву в. Сабакінцы.
- Мацей Бараноўскі, сын Васіля, нарадзіўся ў 1800 г., вучыўся ў школе пры Жыровіцкім кляштары. У 1832 г. — вікарый у Голдаўскай царкве, з 1834 па 1837 гг. — святар царквы ў Бабрах.
- Тэадор Сцепурынскі (Сцяпура), нарадзіўся ў 1808 г., у 1837 г. — адміністратар царквы ў Бабрах.
У 1880 г. над бабінцам царквы надбудавалі званіцу, а пры ўваходзе зрабілі тамбур. Царква агароджана невысокім мурам, з якога найлепш захавалася фасадная частка.
Пры канцы XIX ст. царква мела 2 дзесяціны раллі. Замест сенакосу да 1891 г. маёнтак плаціў святару «ругу». Прыход налічваў 120 двароў, 478 мужчын і 457 жанчын. Псаломшчык гэтай царквы Ігнат Філіповіч выкладаў у Баброўскай школе пісьменнасці, Закон Божы выкладаў святар.
Вядома, што праваслаўным святаром на пачатку 1920-х гг. у Бабрах быў Аляксандр Бяляеў. Ён распаўсюджваў сярод вернікаў беларускую газету «Крыніца», праводзіў беларускую асветніцкую працу. Наступны святар, Канстанцін Мяцеліца, з 10.09.1927 г. быў адміністратарам царкоўнай філіі ў Бабрах Лябёдскай гміны. 15 траўня 1931 г. сюды быў пераведзены (з паніжэннем) святар-беларус Мікалай Мышкоўскі, дзеці якога вучыліся ў беларускай гімназіі ў Вільні.
У 1935 г. Баброўскі храм быў рэстаўраваны.
4 сакавіка 1937 года ў айца Мышкоўскага на Лідскім вакзале з кішэні злодзеі выцягнулі 500 злотых. Святар ехаў у Вільню, каб зрабіць заказ, і гэтыя грошы былі сабраны парафіянамі на закуп царкоўнага звона. Магчыма, здарылася гэта з-за прыхільнасці айца да моцных напояў.
На пачатку 1960-х г. атэістычныя ўлады зачынілі царкву і забаранілі набажэнствы. Вялікія стосы царкоўных кніг выкінулі тады ў гразь на вясковую вулiцу, кнігі загінулі. У царкве зрабілі калгасны склад.
З 1990-х царква ў Бабрах знаходзіцца ў добрым стане і дзейнічае.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Падоўжна-восевая кампазіцыя храма складаецца з прытвора, бабінца, малітоўнай залы, прамавугольнай апсіды з трымя рызніцамі. Над бабінцам у 1880 г. ўзведзены шатровы чацвярык званіца з макаўкай у завяршэнні. Архітэктурная выразнасць будынка дасягаецца ярусным спалучэннем асобных дахаў зрубаў (агульнага над асноўным аб’ёмам і апсідай), вылучэннем на вертыкальнай шалёўцы сцен прамавугольных аконных праёмаў у простых ліштвах.
У малітоўную залу шырокімі прасветамі адкрываюцца бабінец і апсіда, вылучанная драўляным іканастасам. У апсідзе захавалася маляўнічая размалёўка з выявай краявіду.
Камень-следавік
[правіць | правіць зыходнік]На царкоўным двары на поўнач ад храма знаходзіцца камень-валун вышынёй 0,5 м з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовым паданням гэты след належыць Маці Божай. Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 1920-х гадах быў прывезены да храма і асвенчаны мясцовым святаром.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.- 371 с., іл.
- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
- Лаўрэш Л. Прыходы ў Голдаве і Бабрах // Лідскі Летапісец № 4 (84). 2019.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крыжаўзвіжанская царква (Бабры)
- Камень-следавік у в. Бабры — pawet.net
- Крыжаўзвіжанская царква (Бабры) на сайце Radzima.org
- Крыжаўзвіжанская царква (Бабры) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Крыжаўзвіжанская царква (Бабры) на сайце «Архіварта»