Даўжыня цела 62—70 см, размах крылаў 130—158 см. Маса самца 700—1150 г, самкі 875—1450 г.
Вялікагаловая сава, афарбоўка попельна-шэрая без рудых адценняў. Вочы жоўтыя з цёмнымі канцэнтрычнымі палосамі. Чорная пляма пад дзюбай, падобная да барады, за што гэты від атрымаў сваю назву. Ніжні бок крыла паласаты. Надхвосце рыжае. Лапы густа апераны да кіпцюроў, светла- або цёмна-шэрыя, з цёмнымі крапінамі. Радужына ярка-жоўтая, дзюба жоўтая, кіпцюры буравата-шэрыя.
Селіцца ў глыбі спелых, вялікіх па плошчы дрэвастояў (асабліва ў рачных далінах, паблізу тарфянікаў, мохавых балот, вялікіх палян).
Еўраазіяцкія папуляцыі аселыя або качуючыя (у некаторыя гады адбываюцца моцныя павелічэнні колькасці, тады качуюць крыху далей на поўдзень ад гнездавога арэала), амерыканскія — аселыя або часткова пералётныя.
Палюе пераважна на дробных грызуноў, часам на вавёрак і дробных птушак. Палюе ў прыцемку, зрэдку днём, аблятаючы адкрытыя ўчасткі балот, рачныя поймы і лясныя высечкі. Зрэдку падпільноўвае здабычу, седзячы на купіне або дрэве.
Займае гнёзды пасля іншых вялікіх птушак, асабліва драпежных (шулякоў і мышаловаў), часцей за ўсё ў цэнтр частцы кроны каля ствала пад навісам галін, часам уверсе паламанага дрэва або на зямлі. Перабудоўвае іх і высцілае дробнымі галінкамі (пераважна хваёвых дрэў).
Яйкі (3—5, часам 1—9), набліжаныя да авальных, падоўжаныя, белыя (звычайна матавыя). Наседжванне каля 30 сутак. Амаль месяц птушаняты знаходзяцца ў гняздзе. Пачынаюць самастойна карміцца ва ўзросце 50—60 сутак.
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. — ISBN 5-85700-095-5.