Купалаўскае (аграхолдынг)
«Купа́лаўскае» — аграхолдынг у Шклоўскім раёне, які спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі з племянным развядзеннем цялушак і вырошчваннем збожжавых культур. Створаны на падставе ўказа № 232 ад 29 чэрвеня 2017 года «Аб стварэнні гаспадарчага таварыства». У склад холдынга ўваходзяць ТАА «Купалаўскае» — кіруючая кампанія холдынга, ЗАТ «Вялікія Славені», ААТ «Амкадор-Шклоў» (у 2017 годзе яго далучылі «Новае Юбілейнае»[1]), ААТ «Новагарадзішчанскае». Колькасць работнікаў аграхолдынга складае 652 чалавекі[2].
Станам на 2018 год агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы складала 17 382 галоў; вытворчасць малака — 26 615 т; сярэдні ўдой малака ад каровы — 4 474 кг; сяреднясутачнае прыбаўленне ў вазе БРЖ — 534 г; гадоўля жывёлы і птушкі (у жывой вазе) — 2 026 т. Вытворчасць збожжа — 32,8 тыс. т. Чысты прыбытак склаў 1 704 тыс. беларускіх рублёў[2].
Улетку 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на прыкладзе холдынгу «Купалаўскае» хоча паказаць, «якім мусіць быць сельгасвытворчасць у XXI стагоддзі». Пры гэтым глава дзяржавы не выключыў, што ў перспектыве «Купалаўскае» можа быць аб’яднана з ААТ «Александрыйскае»[3].
У пачатку 2018 года знялі з пасады старшыні Дрыбінскага райвыканкама і прызначылі на пасаду дырэктара холдынгу «з прычыны вытворчай неабходнасці» Дзмітрыя Васілеўскага. 31 сакавіка 2018 года яго знайшлі павешаным у лесе. Самагубства звязваюць з працоўнай дзейнасцю[1].
26 сакавіка 2019 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс «Сліжы» ААТ «Амкадор-Шклоў», які належыць да аграхолдынга «Купалаўскае», дзе быў абураны ўмовамі, у якіх утрымліваюцца жывёлы, а таксама адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях. У выніку Лукашэнка даручыў зняць з пасад усіх вінаватых і ўзбудзіць крымінальныя справы, старшыню Шклоўскага райвыканкама Васіля Віцюнова было вырашана назначыць кіраўніком аграхолдынга «Купалаўскае», а памочніка Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова — выконваючым абавязкі старшыні райвыканкама[4]. 27 сакавіка Лукашэнка таксама вызваліў ад пасад старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца[5]. Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласці завяло крымінальную справу па фактах злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з боку службовых асоб ААТ «Амкадор-Шклоў» і ТАА «Купалаўскае» (кіруючая кампанія холдынгу)[6].
Зноскі
- ↑ а б «Меўся адказваць перад Лукашэнкам». Што кажуць землякі кіраўніка аграхолдынгу на Шклоўшчыне, які павесіўся
- ↑ а б Аграхолдынг «Купалаўскае» 26.03.2019 // БелТА
- ↑ Экс-председатель Дрибинского райисполкома найден повешенным. Он оставил две предсмертные записки Архівавана 27 сакавіка 2019.
- ↑ Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць 26 сакавіка 2019 года
- ↑ Освобождены от должностей вице-премьер, губернатор и министр — Лукашенко подписал кадровые указы Президент 27.03.2019 | 20:10 // БелТА
- ↑ У дачыненні да кіраўнікоў «Амкадор-Шклоў» і «Купалаўскае» распачалі крымінальную справу