Лесэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лесэ
Агульная колькасць 132000 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання  ДР Конга
Мова лесэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы эфэ, мангбету

Лесэ́ (фр.: Lese) — афрыканскі народ, што насяляе лес Ітуры на паўночным усходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Агульная колькасць (2024 г.) — 132 000 чалавек.[1].

Лесэ размаўляюць на мове цэнтральна-суданскага паходжання. Іх продкі мігрыравалі ў лес Ітуры з поўначы. У мінулым яны займаліся падсечным земляробствам, паляваннем і збіральніцтвам, што вымушала іх перыядычна мяняць месца паселішча, каб уладкавацца на новых урадлівых тэрыторыях. Асноўнай палітычнай арганізацыяй былі саюзы буйных родаў.

У першай палове XX ст. насельнікі Ітуры былі падпарадкаваны бельгійскай каланіяльнай адміністрацыяй. Для палягчэння сваёй дзейнасці яна аб'яднала роды, якія размаўлялі на супольных мовах, у адзіныя адміністрацыйныя раёны на чале прызначаных правадыроў. Дадзеная імі назва лесэ мае нявызначанае паходжанне.

У нашы дні лесэ працягваюць весці адносна ізаляваны лад жыцця. Вырошчванне камерцыйных культур і праца па-за межамі хатніх гаспадарак мае абмежаваны характар. Хаця родавыя арганізацыі ў папярэднім выглядзе больш не існуюць, нашчадкі розных родаў захоўваюць уяўленні пра прыналежнасць да іх, што часам прыводзіць да канфліктаў паміж тэрытарыяльнымі групамі.

Лесэ вядомы тым, што падтрымліваюць шчыльныя адносіны з пігмеямі-эфэ, якія імкнуцца сяліцца каля іх вёсак. Звычайна паміж пэўнымі сем'ямі прадстаўнікоў двух народаў узнікаюць саюзы, што доўжацца на працягу пакаленняў. Эфэ аказваюць дапамогу пры апрацоўцы палеткаў і наўзамен атрымоўваюць харчаванне або рамесныя тавары, вядуць абмен прадуктаў палявання і збіральніцтва, удзельнічаюць у сямейных абрадах і святах. У такіх саюзах лесэ разглядаюць эфэ як малодчых чальцоў сваёй сям'і, але не лічаць іх паўнапраўнай часткай свайго грамадства.

Каля паловы вернікаў спавядае хрысціянства. Тым не меней, захоўваюцца анімістычныя ўяўленні, шанаванне духаў лесу і продкаў.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]