Эфэ (пігмеі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эфэ
Агульная колькасць 53000 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання  ДР Конга
Мова лесэ
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы лесэ, мангбету

Эфэ́ (фр.: Efé) — група пігмеяў, што насяляе лес Ітуры на паўночным усходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Звычайна адносяцца да буйнейшай групы бамбуці. Агульная колькасць (2024 г.) — 53 000 чалавек.[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Эфэ маюць адзінае генетычнае паходжанне з іншымі пігмеямі-бамбуці. Адносная генетычная аднастайнасць назіраецца і знутры групы. Яны жывуць у шчыльнай эканамічнай і культурнай кааперацыі з прадстаўнікамі народа лесэ, размаўляюць на дыялекце яго мовы цэнтральна-суданскага паходжання. Тым не меней, эфэ і лесэ не лічаць сябе супольным этнасам, маюць выразна адрозную тоеснасць.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Значная частка эфэ захавала вандроўны лад жыцця ў лесе Ітуры, дзе займаецца збіральніцтвам і паляваннем. Збіральніцтва — занятак, характэрны для мужчын і жанчын. Ён дае большую частку харчавання. Некаторыя лясныя здабыткі (мяса, лекавыя травы, арэхі, мёд) абменьваюцца на прадукты сельскай гаспадаркі і рамяства. Паляванне лічыцца мужчынскім заняткам. Для паляўнічых характэрна ўжыванне лукаў і стрэл, а не сетак. Такая форма палявання дазваляе займацца здабычай як з іншымі паляўнічымі, так і самастойна. Паляванне з дзідамі патрабуе сумесных намаганняў. Тым не меней, паляванне дае не болей за 20% ад усіх спажываемых пратэінаў.

Важную ролю ў выжыванні эфэ адыгрываюць іх сусвязі з суседнім земляробчым народам лесэ. Паміж імі існуюць даўнія традыцыі абмену. Эфэ часцяком наймаюцца на працу да лесэ. У некаторых раёнах пігмеі ўдзельнічаюць у нарыхтоўцы драўніны. У каланіяльны перыяд пад уплывам навукоўцаў, што даследавалі іх, эфэ самі заняліся земляробствам. Звычйна яны саджаюць клубневыя і бабовыя культуры на ўскрайку лесу і ў канцы сезона збіраюць ураджай. Аднак земляробства мае пераважна дадатковы характар.

Эфэ жывуць у вандроўных групах ад 20 да 100 чалавек. Большасць чальцоў такіх груп — сваякі, але не абавязкова. Група калектыўна валодае навакольнымі тэрыторыямі. Вандроўкі арганізуюцца прыкладна па аднаму маршруту, таму на шляху будуюцца сталыя каркасныя жытлы, крытыя лісцем. Месца для пабудовы такога паселішча выбіраюць у адпаведнасці з размяшчэннем пітной вады, блізкасці вёсак лесэ, угоддзяў для збіральніцтва і палявання.

Традыцыйная вопратка складаецца з насцегневай повязі з кары дрэваў, якая завязваецца ззаду так, што ўтвораецца «хвост». У нашы дні ўсё шырэй распаўсюджваецца сучаснае адзенне.

Большасць мужчын мае тольку адну жонку, хаця палігінія разглядаецца імі як норма. Жаніх павінен зрабіць падарунак бацькам нявесты. Вядома практыка, калі хлопцы прапануюць братам нявесты наўзамен шлюб са сваімі сёстрамі. Знутры вандроўнай групы існуе абавязковая ўзаемадапамога, у тым ліку ў кармленні і выхаванні дзяцей. Даследчыкі выявілі, што маленькія эфэ праводзяць з маці толькі 40% свайго часу, астатні час — з іншымі выхавацелямі сваёй групы. Колькасць дзяцей у групе рэгулюецца. Амаль палова жанчын альбо не маюць дзіцяці, альбо маюць адно дзіця на працягу свайго жыцця.

Эфэ вераць, што сусвет быў створаны лясным богам Тарэ. Яны звяртаюцца за яго дапамогай у найбольш неспрыяльныя моманты жыцця, выклікаюць з дапамогай трубы, гук якой быццам бы імітуе голас Тарэ. Эфэ таксама шануюць духаў лесу і памерлых. Лічыцца, што жыццё барупі пераносіцца ад памерлага да Тарэ мухамі. Эфэ ўдзельнічаюць у некаторых рэлігійных абрадах лесэ.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]