Перайсці да зместу

Лука Васільевіч Шашкоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лука Шашкоў
Лука Васільевіч Шашкоў
Дата нараджэння 15 кастрычніка 1897(1897-10-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 чэрвеня 1968(1968-06-18) (70 гадоў)
Месца пахавання
Род дзейнасці вучоны
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат педагагічных навук

Лука Васільевіч Шашкоў (15 кастрычніка 1897, Магілёўскі павет, Магілёўская губерня — 18 чэрвеня 1968) — беларускі педагог.

Нарадзіўся 15 кастрычніка 1897 года ў сялянскай сям’і ў Магілёўскім павеце. Да ліпеня 1916 года працаваў у гаспадарцы бацькі, вучыўся ў школе. У ліпені 1916 года прызваны на вайсковую службу, дзе знаходзіўся да сакавіка 1918 года.

Улетку 1918 года экстэрнам здаў экзамен на званне настаўніка і затым у Гарадзішчанскай пачатковай школе адпрацаваў год. Наступныя тры гады быў загадчыкам валаснога аддзела народнай адукацыі, пасля — загадчыкам школьнага аддзела народнай адукацыі. З 1 верасня 1922 да 1 верасня 1926 года вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце. Па заканчэнні ўніверсітэта на працягу года дырэктарстваваў і выкладаў грамадазнаўства ў Любанскай сямігадовай школе. У 1927 годзе ў сувязі з цяжкай хваробай жонкі прыехаў у Мінск, настаўнікам вопытнай сямігадовай школы Міністэрства асветы БССР працаваў да лістапада 1929 года. Затым да 1930 года ў Міністэрстве асветы з’яўляўся вучоным сакратаром навукова-метадычнага камітэта, пасля паступіў у аспірантуру па педагогіцы.

У 1933 годзе закончыў аспірантуру і быў прызначаны на працу ў навукова-даследчы інстытут камуністычнага выхавання, па сумяшчальніцтву з’яўляўся выкладчыкам у Мінскім педінстытуце. У кастрычніку 1937 года перайшоў у Белдзяржуніверсітэт.

У час вайны знаходзіўся ў Горкаўскай вобласці, дзе пэўны час працаваў дацэнтам настаўніцкага інстытута, а пасля яго рэарганізацыі перайшоў на працу ў сярэднюю школу. У сакавіку 1942 года прызваны ў Савецкую Армію, дзе знаходзіўся да сакавіка 1944 года.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Белдзяржуніверсітэт. З 1946 г. — загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі БДУ. У 1944—1947 гг. — дэкан гістарычнага факультэта[1], з 1948 па 1951 г. — дэкан філалагічнага факультэта БДУ. У Белдзяржуніверсітэце працягваў працаваць да 1961 года.

Памёр 18 чэрвеня 1968 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску[2].

  • У 1937 годзе вучоным саветам Маскоўскага педагагічнага інстытута Л. В. Шашкову была прысуджана ступень кандыдата педагагічных навук.
  • 23 чэрвеня 1940 г. ён быў зацверджаны ў вучоным званні дацэнта.
  • Антырэлігійнае выхаванне ў школе: З практыкі Мін. цэнтр. даслед. шк.: Для 2-га канцэнтра шк.-сямігодак: Дапам. для настаўнікаў / Л. Шашкоў, І. Самковіч, У. Пігулеўскі і інш. — Мн. : Белдзяржвыд, 1929.
  • Рабочая кніга па грамадазнаўству: 5-ы кл.: Падруч. для 5-га года навучання ФЗС, КС, ШКМ / Л. Шашкоў, А. Яворскі. — Мн. : Беларус. дзярж. выд-ва, 1931.
  • Працоўны пакой: Як пабудаваць працоўны пакой і як арганізаваць працу ў ім / Ю. С. Дардак, Л. В. Шашкоў. — Мн. : Белдзяржвыд, 1931.
  • Что нужно делать родителям для успешной учебы детей. Минск : Издательство АН БССР, 1952.
  • Індывідуальны падыход да вучняў як сродак павышэння іх паспяховасці. — Мн. : Дзярж. вучэб.-пед. выд-ва БССР, 1955.
  • Основы успешного обучения учащихся в советской школе / Белорус. гос. ун-т им. В. И. Ленина. — Минск: Изд-во Белгосун-та, 1959. — 174 с.

Зноскі

  1. Исторический факультет Белорусского государственного университета. История факультета(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2019. Праверана 8 жніўня 2019.
  2. Шашков Лука Васильевич