Лунда (дзяржава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Лунда
Лунда на карце гістарычных дзяржаў Афрыкі
Лунда на карце гістарычных дзяржаў Афрыкі
 >
 >
 >
XVI стагоддзе — 1887

Сталіца Мусумба
Рэлігія анімізм
Форма кіравання Манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лу́нда — гістарычная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Сфарміравалася меркавана ў канцы XVI ст. Страціла незалежнасць пасля 1887 г. Галоўным палітычным цэнтрам з'яўляўся горад Мусумба.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржава Лунда ўзнікла да канца XVI ст. на тэрыторыі плато Лунда, дзе меліся спрыяльныя ўмовы для развіцця трапічнага земляробства. Брытанскі гісторык Х'ю Томас лічыў, што продкі народа лунда прыйшлі ў Цэнтральную Афрыку з паўднёвага ўсходу і першасна ўяўлялі сабою вандроўныя ваенныя фарміраванні, якія здзяйснялі напады на земляробаў і практыкавалі канібалізм[1]. Яны замацаваліся сярод заваяваных імі тубыльцаў плато Лунда толькі ў другой палове XVII ст. Аднак фальклор лунда звязвае ўзнікненне дзяржавы з Ілунгам Тшыбіндам, сынам манарха дзяржавы Луба. Ён ажаніўся з дачкой правадыра мясцовай сельскай абшчыны і захаваў тытул свайго цесця мваат яаў.

Ужо ў другой палове XVII ст. дзяржава Лунда кантралявала плошчу каля 150 тысяч км². Да сярэдзіны XIX ст. яна падвоілася. Акрамя таго, ад дзяржавы Лунда залежалі суседнія народы. У XVII - XVIII стст. выхадцы з Лунды заснавалі дзяржаўныя ўтварэнні каля возера Танганьіка і на тэрыторыі Замбіі. Лунда адыгрывала значную ролю ў гандлі рабамі, якіх дастаўлялі да ўзбярэжжаў Атлантычнага і Індыйскага акіянаў. У 1850 г. каля траціны рабоў, што вывозіліся з Афрыкі, захопліваліся выхадцамі з дзяржавы Лунда.

У другой палове XIX ст. Лунда была саслаблена заваёўніцкай палітыкай чоквэ. У 1887 г. чоквэ захапілі мясцовасць вакол Мусумба-Кекесэ і такім чынам паклалі канец яе незалежнасці. У 1908 г. улады Бельгійскага Конга прызналі мваат яаў як традыцыйнага кіраўніка з рэзідэнцыяй у Мусумба-Кекесэ. Гэты тытул і аўтаномнае кіраванне захоўваюцца да нашых дзён.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Манархі мваат яаў былі сакралізаванымі ўладарамі. Галоўным цэнтрам іх валоданняў з'яўлялася мясцовасць у раёне сучаснага горада Мусумба. Астатнія тэрыторыі кантраляваліся мясцовымі правадырамі лунда або правадырамі заваяваных плямён. Такія правадыры мелі тытул уладальнікаў мваат. Яны павінны былі падпарадкоўвацца мваат яаў і выплочваць штогадовую даніну, пераважна прадуктамі сельскай гаспадаркі.

Функцыянаванне дзяржавы падтрымлівалі чыноўнікі кавата. Яны правяралі даніну, суправаджалі гандлёвыя караваны і іншаземцаў, наведвалі аддаленыя землі, выступалі дарадцамі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]