Лунда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Лунда
(Balunda, Luunda, Ruund)
Group of Ka-Lundas-1909.jpg
Малюнак 1909 г.
Агульная колькасць 874 000 (2017 г.)
Рэгіёны пражывання Цэнтральная Афрыка:

Flag of Angola.svg Ангола — 290 тыс.
Flag of Zambia.svg Замбія — 393 тыс.
Flag of the Democratic Republic of the Congo.svg ДР Конга — 191 тыс.

Мова чылунда
Рэлігія хрысціянства, анімізм
Блізкія этнічныя групы луба, чоквэ

Лу́нда (саманазвы: Balunda, Luunda, Ruund) — народ на поўдні Цэнтральнай Афрыкі. Жывуць у Анголе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі. Агульная колькасць (2017 г.) — каля 874 тысяч чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лунда з'яўляюцца нашчадкамі жыхароў дзяржавы Лунда, што склалася ў XVI ст. на тэрыторыі паўднёвага захаду сучаснай Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. З XVII ст. выхадцы з дзяржавы Лунда мігрыравалі ў іншыя раёны Афрыкі, дзе стваралі дзяржаўныя ўтварэнні. Часам у новых месцах рассялення лунда фарміравалі пласт высакароднага насельніцтва, якое супрацьпастаўлялася тубыльцам. У выніку склалася некалькі буйных субэтнічных груп са сваімі дыялектнымі і культурнымі асаблівасцямі.

У канцы XIX ст. дзяржаўныя ўтварэнні лунда трапілі ў склад калоній Партугаліі, Вялікабрытаніі і Бельгіі. Хаця каланіяльныя адміністрацыі лічыліся з традыцыйнай сістэмай улады лунда, эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні садзейнічалі яе заняпаду. Пасля абвяшчэння незалежнасці былых калоній лунда Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Катангі і Замбіі здолелі захаваць некаторыя рысы традыцыйнага самакіравання.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйнымі заняткамі лунда здаўна былі ручное земляробства і жывёлагадоўля. Клопат пра гаспадарку і працу на зямлі звычайна клаўся на жанчын. Мужчыны займаліся паляваннем, расчышчалі новыя палеткі, лавілі рыбу, займаліся ваеннай справай. Распаўсюджаныя рамёствы: здабыча і апрацоўка медзі і жалеза, пляценне, разьбярства і г. д. Ужо з часоў існавання дзяржавы Лунда важную ролю адыгрываў гандаль.

Большасць лунда жыве ў сельскай мясцовасці. Міграцыя ў буйныя гарады пачалася толькі ў другой палове XX ст. Характэрна, што нават гарадскія жыхары аддаюць перавагу прыгарадам, дзе можна весці самастойную гаспадарку. Традыцыйныя сельскія паселішчы маюць круглявую планіроўку. У цэнтры будуецца вялікая хаціна для збору абшчыны, паабапал яе — жытлы. Вакол паселішча ствараюцца палеткі і пашы. Традыцыйная хаціна каркаснага тыпу, абмазаная глінай.

Асноўнай грамадскай адзінкай доўгі час з'яўляўся матрылінейны род. На чале яго стаялі мужчыны, але ўлада перадавалася выключна па жаночай лініі. Найбольш блізкім сваяком лічыцца брат маці мандумі. Манархічныя роды захоўваюць сваю гісторыю на працягу некалькіх стагоддзяў. Вынікам перасяленняў стала геаграфічная раскіданасць родаў і павелічэнне ролі суседскай абшчыны, што кантралявала навакольныя рэсурсы. Лунда звычайна падтрымліваюць сваяцкія сувязі праз гасціннасць, удзел у сваяцкіх святах і рытуалах, але нават знутры рода найбольш важнымі становяцца прыватныя дамоўленасці.

У мінулым пры стварэнні сям'і жаніх загадзя перасяляўся да бацькоў нявесты, аказваў дапамогу ў гаспадарчых і ваенных справах. У нашы дні пераважае выкуп нявесты і пераезд яе да бацькоў жаніха. Дазваляецца палігінія. У ідэале сем'і нуклеарныя. Пашыраныя сем'і з'яўляюцца ў выніку недахопу жытла або для падтрымання старых бацькоў. Да сталення дзеці знаходзяцца каля маці. У юнацкім узросце хлопчыкі праходзілі абрад абразання, пасля чаго ператвараліся ў воінаў і жылі асобна. У лунда высокі працэнт растанняў. У сярэдзіне XX ст. ён дасягаў 66% ад усіх шлюбаў. Яднанню лунда дапамагае супольны рытуал ініцыяцыі муканда. Ён ахоплівае хлопчыкаў ад 10 да 15 гадоў. Жаночая ініцыяцыя нканга мае індывідуальны характар.

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Замбіі захоўваюцца аўтаномныя тэрытарыяльныя ўтварэнні лунда, што бяруць свой пачатак ад старажытных дзяржаў. На чале такіх утварэнняў стаяць манархі, якія прызначаюць мясцовых правадыроў. Але ўлада манархаў абмежавана нацыянальнымі судовымі і выканаўчымі сістэмамі, палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі.

Лунда славяцца мастацкімі вырабамі з медзі і драўніны. Рытуальныя святы суправаджаюцца апрананнем масак, супольнымі песнямі і музычнымі забавамі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Чылунда, родная мова лунда, адносіцца да групы моў банту. У Замбіі мае афіцыйны характар[2]. Выкарыстоўваецца ў школах і СМІ. Пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія лунда заснавана ў веру ў найвышэйшую істоту нзамбі, якая стварыла сусвет. Аднак уяўленні пра нзамбі і яе адносінах да людзей адрозніваліся ў залежнасці ад субэтнічных груп. Лунда таксама верылі ў духаў продкаў, добрых і злых духаў прыроды. Іх умяшальніцтвам тлумачыліся хваробы. Важную грамадскую ролю меў лекар чымбукі. Ён карыстаўся пераважна расліннымі лекамі, арганізоўваў рытуалы.

У XX ст. большасць вернікаў прынялі хрысціянства.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Африка: энциклопедический справочник. Т. 2. Л—Я / Гл. ред. А. Громыко. Ред. колл. В. М. Власов, Н. И. Гаврилов и др. — М.: Советская энциклопедия, 1987. — С. 81. — 671 с. с илл.(руск.) 

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]