Перайсці да зместу

Лідзія Андрэеўна Мініч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лідзія Андрэеўна Мініч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 22 студзеня 1940(1940-01-22) (85 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэтэса, перакладчыца, заатэхнік, выкладчыца ўніверсітэта
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у

Лідзія Андрэеўна Мініч (Андрэева; нар. 22 студзеня 1940, вёска Рэкта, Клімавіцкі раён, Магілёўская вобласць) — беларуская паэтэса, перакладчыца, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт.

Нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям’і Андрэя Лявонавіча (1898 г.н.) і Ганны Максімаўны (1902 г.н.) Галкоўскіх, усіх дзяцей было сямёра. У час Вялікай Айчыннай вайны сям’і давялося пэўны час жыць у лесе, цярпець ад голаду і холаду.

У 1958 з срэбным медалём скончыла Клімавіцкую сярэднюю школу № 3.

У 1964 — заатэхнічны факультэт Беларускай селькагаспадарчай акадэміі (БДСГА). Працавала ў Горацкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі. З 1966 года вучылася ў аспірантуры на кафедры «Развядзення сельскагаспадарчых жывёл». Пасля працавала асістэнтам на той жа кафедры, малодшым навуковым супрацоўнікам на доследнай станцыі БДСГА.

У 1975 годзе з мужам Аляксандрам была накіравана ў Алжыр.

У 1989 годзе абараніла дысертацыю на атрыманне навуковай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук, з 1990 года — дацэнт.

Працавала старшым выкладчыкам, дацэнтам у акадэміі, выбіралася дэпутатам Горацкага гарадскога савета, членам прэзідыума прафкама БДСГА.

Аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў і метадычных работ аб праблемах сельскай гаспадаркі.

У 1994 і 1998 была пераможцам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

Літаратурная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Літаратурны дэбют Лідзіі Мініч адбыўся ў 1999 пад псеўданімам Лідзія Андрэева на старонках раённай газеты «Ленінскі шлях».

У 2005 выйшаў ейны першы зборнік вершаў «Спешу сказать…» на рускай і беларускай мовах. У 2007 годзе — другі зборнік вершаў таксама на рускай і беларускай мовах «Жыватворная крыніца». У 2010 годзе — кніга вершаў «Споведзь», у якой выкарыстаны розныя формы верша.

У 2012 свет пабачыла кніга «На хвалях вечнасці», у якой сабраны міфы і легенды старажытнай Элады ў вершах.

У 2013 — кніга «І боль, і мары, і любоў» з вершамі Мініч, а таксама ейнымі перакладамі Ахматавай, Блока, Някрасава, Майкава, Сіманава, Шчыпачова і іншых паэтаў ды аўтараў папулярных рускіх рамансаў XIX стагоддзя.

Паэтэса вельмі любіць беларускую мову і перажывае, што знікаюць на вёсках беларускамоўныя школы, што амаль няма беларускамоўных класаў у гарадах, а кнігі на беларускай мове выдаюцца мізэрнымі накладамі, зніжаюцца наклады беларускіх часопісаў, а ўсе раённыя газеты перайшлі на рускую мову. Аўтар разумее, што любоў да роднай мовы трэба выхоўваць з дзяцінства, таму ў 2009 выдала кніжку-алфавіт для дзяцей «Мая сям’я ад А да Я». У 2015 у другой кнізе для дзяцей «У сваім краі, як у раі» на простых будзённых прыкладах знаёміла дзяцей з багаццем роднай мовы, вучыла ганарыцца і даражыць усім сваім.

У 2018 апублікавала паэму «Тут росы бялей…» пра гісторыю Горацкага краю.

У 2019 выйшла кніга «Атожылкі» — патрыятычна-філасофскі сказ, народная філасофія ў мастацкіх вобразах, прысвечаная малой радзіме аўтаркі.

Лідзія Мініч таксама аўтар прозы. У 2015 з’явіліся нарысы ў ейнай кнізе «Цвіла каліна: вершы і проза».

Вершы паэтэсы друкаваліся на старонках альманахаў «Брама», «Славянская ліра — 2017», «Славянская ліра — 2018», «Под небом Рязанским», у часопісе «Вожык», у газетах «Літаратура і Мастацтва», «Культура», «Белорусская нива», «Зямля і людзі», у раённым друку і інш.

Анатоль Зэкаў — лаўрэат літаратурных прэмій імя Васіля Віткі і «Залаты Купідон», аналізуючы творчасць Лідзіі Мініч адзначаў: «Паэзія Лідзіі Андрэевай чыстая, як настоенае на зёлках баравое паветра, і празрыстае, як ранішнія росы. У ёй не заблытаешся, як у нейкім мудрагелістым лабірынце, бо вершаваныя радкі не кружляюць па абсягах думак і пачуццяў, а пад мернае рытмічнае перагукванне слоў выводзяць нас на шырокі прасцяг разваг над нашым існаваннем у гэтым складаным і супярэчлівым свеце. Паэтка не дае канкрэтных рэцэптаў, хіба што падштурхоўвае чытача да ўсведамлення свайго высокага прызначэння на зямлі…»[1]

Паэзія Лідзіі Андрэевай вызначаецца лірызмам, спавядальнасцю, у ёй дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра наш час, абавязак перад беларускім народам, клопат аб лёсе беларускай мовы.

Паэтэса перакладае з рускай, а таксама кітайскай, іўрыта (з рускага перакладу) і іншых моў.

На ейныя вершы напісана больш за 30 песень.

  • Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў
  • Фіналіст міжнароднага літаратурнага форума «Славянская ліра — 2017» у перакладах.
  • Пераможца ў міжнародным конкурсе форума «Славянская ліра−2018» (3 месца) у перакладах.
  • Лаўрэат у трох намінацыях 15-га міжнароднага конкурсу-фестываля «Пад небам Разанскім» (2018).
  • У намінацыі «Аўтарскі праект» атрымала «Дыплом спецыяльны» па выніках раённага конкурсу мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў Горацкага раёна (2008).
  • Спешу сказать… (на рускай і беларускай мовах) — Могилёв: МГУ им. А. А. Кулешова,2005. — 83 с. ISBN 985-480-149-7
  • Жыватворная крыніца.(на рускай і беларускай мовах) — Горкі: 2007. — 99 с.
  • Мая сям’я ад А да Я.— Мінск: "Белпринт " , 2009. — 64 с. ISBN 978-985-459-163-6
  • Споведзь. — Мінск: «Белпринт», 2010. — 108 с. ISBN 978-985-459-166-7
  • На хвалях вечнасці: міфы і легенды ў вершах. — Мінск: «Белпринт», 2012.- 120 с. ISBN 978-985-459-225-1
  • І боль, і мары. І любоў. — Мінск: «Белпринт»,2013. — 156 с. ISBN 978-985-459-299-2
  • У сваім краі, як у раі. — Мінск: «Белпринт», 2015. — 68 с. ISBN 978-985-459-350-0
  • Цвіла каліна: вершы і проза — Мінск: «Белпринт», 2015. — 84 с. ISBN 978-985-459-360-9
  • Ніці: вершы. — Мінск: «Белпринт», 2017. — 120 с. ISBN 978-985-459-411-8
  • Тут росы бялей… — Мінск: Белпрынт, 2018. — 104 с. ISBN 978-985-459-466-8
  • «Атожылкі»: патрыятычна-філасофскі сказ /народная філасофія ў мастацкіх вобразах/ — Мн.: «Белпринт», 2019.
  • Сугучнасць душ… Сугучнасць слоў… (пераклады). — Мінск: Белпрынт, 2019—136с. ISBN 978—985—459—513—9

Зноскі

  1. Зэкаў, Анатоль. Прадмова. У кн: Л. Андрэева, І боль, і мары. І любоў. — Мінск: «Белпринт»,2013.-С.3-4.
  • Агейчык, А. Хвалюючыя гукі «Мелодыі душы»: [пра юбілейную вечарыну пад назвай «Мелодыя душы», прысвечаную 75-годдзю горацкай паэтэсе, члену Саюза беларускіх пісьменнікаў, народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Лідзіі Андрэевай] // Горацкі веснік (Горкі). 2015. 21 сакавіка. С. 5.
  • Дзеружкова, Людміла. «Твой, Радзіма, пасаг берагу…» // Зямля і людзі (Магілёў), 2017, 5 красавіка
  • Власенко, Михаил. Хождение по наукам. В кн.:На крылах натхнення: да 30-годдзя народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» / уклад. Л. М. Дзеружкова. — Мінск: Белпринт, 2016. С. 78—84.
  • Ліўшыц, Уладзімір. «Заўсёды імкнулася рабіць нешта дзеля роднай мовы…» (пра Лідзію Мініч (Андрэеву)). У кн.: Ліўшыц У. М. Раскопкі вакол Горацкага «Парнаса». Літаратуразнаўчыя нарысы. У 3-х кнігах. Кніга 1. Вучыліся ў акадэміі. Вучыліся і працавалі ў акадэміі. — Горкі: 2019. С. 160—167.
  • Куніцкая, А. М. З любоўю да жыцця і да паэзіі (творчасць Лідзіі Андрэевай) // У сб.: Бацькаўшчына. Зборнік матэрыялаў краязнаўчай канферэнцыі (Горкі, 2010) — Горкі: 2011. С. 114—116.