Перайсці да зместу

Магдэбургскае права ў Мінску

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Магдэбургскае права нададзена Менску ў 1499 годзе, тым часам правы самакіравання ўжо атрымаў шэраг гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, што было ў рэчышчы еўрапейскага эканамічнага, палітычнага і культурнага працэсу.[1]

Прывілей на магдэбургскае права Менску надаў 14 сакавіка 1499 года вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык, раней такія правы самакіравання ў Вялікім Княстве Літоўскім атрымалі Вільня (1386), Брэст (1390), Гродна (1391), Слуцк (1441) і Высокае (1494) [2] [3] і яшчэ некаторыя гарады.

Прывілеем 1499 года вялікі князь Аляксандр[4] даваў Менску правы фарміравання органаў самакіравання і суда, незалежных ад улады намеснікаў і іншых дзяржаўных ураднікаў. Кіраўніцтва горадам мусіла здзяйсняць рада, члены якой — радцы, выбіралася мяшчанамі і прысягала на верную службу гораду. Сярод сябе радцы па чарзе выбіралі «рочных» бурмістраў і лаўнікаў, спачатку тэрмінам іх паўнамоцтваў («рокам») быў адзін год. Прадстаўніком вялікага князя ў горадзе быў войт, пад яго старшынствам засядаў гарадскі судовы орган — лава, дзе рочныя лаўнікі разглядалі крымінальныя справы. Унутранымі справамі горада, разглядам прыватных і адміністрацыйных судовых спраў, займалася рочныя бурмістры. Па заканчэнні «року» бурмістры і лаўнікі выступалі перад радай са справаздачай. Разам рочныя бурмістры і рочныя лаўнікі ўтваралі магістрат. Асноўнымі задачамі магістрату быў цэнтралізаваны збор падаткаў, абарона інтарэсаў мяшчан, мясцовых купцоў і рамеснікаў, кантроль над гарадскім рынкам. Адкрытая дзейнасць магістрата і справаздачнасць перад радай (поўным складам радцаў) і мяшчанамі былі перашкодай карупцыі і злоўжыванням уладай.

Магдэбургскае права вызваляла мяшчан ад феадальных павіннасцяў, замест іх горад плаціў адзіны вялікі грашовы падатак. Мяшчане былі асабіста вольнымі, мелі права на зямельную ўласнасць, вызваляліся ад улады суда вялікакняскага намесніка. Такім чынам, магдэбургскія гарады былі цэнтрамі свабоднага рамяства, гандлю, культуры, вальнадумства і дэмакратычных традыцый.

Месцам пасяджэнняў рады, бурмістраў, магістрату і лавы, а таксама своеасаблівым сімвалам гарадской свабоды была ратуша. Ратуша ў Менску ўпершыню згадана ў 1582 годзе, але дзе яна размяшчалася не вядома. Да канца XVI ст. пабудавалі новую каменную ратушу ў новым гарадскім цэнтры на Высокім (Новым) рынку.

У 1499 годзе Менск таксама атрымаў права на герб, які мусіў размяшчацца на гарадской пячатцы, сама пячатка была знакам суб’ектнасці горада (незалежнасці ад іншай улады, апроч непасрэдна вялікакняскай).

Магдэбургскае права ўжывалася на тэрыторыі Беларусі да XIX стагоддзя, да далучэння яе цэнтральнай часткі да Расійскай імперыі і некаторы час пасля. Указам расійскага імператара Мікалая I ў 1831 годзе Мінск пазбаўлены самакіравання. Будынак Мінскай ратушы знеслі ў 1852 годзе.