Малышкаўскае гарадзішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Макет Малышкаўскага гарадзішча ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі

Малышкаўскае гарадзішча — гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі, размешчанае за 0,1 км на захад ад вёскі Малышкі (Вілейскі раён), на высокім (каля 10 м ад узроўню вады) беразе ракі Сэрвач (правы прыток Віліі).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Малышкаўскае гарадзішча адносіцца да ліку такіх паселішч культуры штрыхаванай керамікі, якія з’явіліся ў першых стагоддзях нашай эры, умацоўваліся з моманту свайго ўзнікнення магутнымі валамі і глыбокімі равамі. Як і раней, на грэбені вала будуюцца сцены з бярвенняў.

У адрозненне ад іншых гарадзішч Верхняга Павілля, яно размешчана не на ўзгорку або мысе, а на роўным месцы. Пляцоўка паўавальнай формы. Яе даўжыня складае 52 м, а шырыня 45,5 м. Пляцоўка гарадзішча з трох бакоў (поўначы, усходу, поўдня) умацавана магутным валам, вышыня якога са знешняга боку дасягае 5 м, з унутранага — 4 м. Прыродным умацаваннем з чацвёртага (заходняга) боку з’яўляўся высокі абрывісты бераг ракі. Даследаваннямі ўстаноўлена, што вал тры разы падсыпаўся. Непасрэдна за валам маецца невялікае паніжэнне. Хутчэй за ўсё, гэта сляды рова, які існаваў у старажытнасці, а цяпер заплыў.

А. Р. Мітрафанаў ускрыў рэшткі пяці вялікіх наземных жытлаў. Сляды іх удалося прасачыць па шматлікіх кавалках глінянай абмазкі пазаў паміж бярвеннямі, якая звалілася са сцен пры пажары. Таму амаль на ўсіх кавалках выразна бачны адбіткі даволі тоўстых (да 20-30 см) бярвенняў і адбіткі пальцаў. Гліняная абмазка, перамешаная з вуглямі і попелам, ляжала радамі таўшчынёй да 20-25 см і выразна абводзіла контуры жытлаў. Іх памеры былі амаль аднолькавыя: даўжыня 17-18 м, шырыня 7,5-8 м.

Жытлы мелі аднолькавую планіроўку: усе былі падзелены на чатыры жылыя памяшканні. Кожнае з іх глухой сцяной адбівалася на дзве паловы, памяшканні ў якіх былі аддзелены адно ад другога вузкім калідорам. Ва ўсіх дамах уваходы знаходзіліся з тарцовых бакоў, якія вялі ў калідоры. Уваходы ў асобныя памяшканні знаходзіліся ўнутры калідораў.

Даследаванне[правіць | правіць зыходнік]

Гарадзішча адкрылі і абследавалі ў 1938 годзе Х. Цэгак-Галубовіч і У. Галубовіч. У 19551957, 1969, 19771978 гадах яго даследаваў А. Р. Мітрафанаў, а ў 19901994 гг. Э. М. Загарульскі. А. Р. Мітрафанаў ускрыў 930 м² плошчы. Вынікі работ Э. М. Загарульскага застаюцца неапублікаванымі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Я. Г. Звяруга. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі / Матэрыялы па археологіі Беларусі, Вып. 10. — Мінск: ДНУ «Інстытут гісторіі НАН Беларусі», 2005. — 174 с., іл. ISBN 985-6769-07-8