Павілле
Павілле (Павелле, Павіленне [1]) — гістарычная вобласць на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы. Ахоплівае частку тэрыторый сучасных Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей Беларусі і паўднёвыя раёны Літвы ў басейне ракі Вілія (Вялля). На тэрыторыях беларускага Павілля размешчаны сем раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Валожынскі, Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі і Смаргонскі. Агульная плошча — каля 12 тыс. км² (5,8 % плошчы Беларусі).
Агульныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Павілле размешчана ў басейне ракі Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне і Ашмянскім узвышшы. Тэрыторыя Павілля прыблізна супадае з Маладзечанскай вобласцю (1944—1960).
Даследванні
[правіць | правіць зыходнік]Першым даследчыкам старажытнасцей Беларускага Павілля быў Я. П. Тышкевіч, які па праву лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Важнейшай работай, у якой сабраны звесткі па археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, фальклору і тапаніміцы рэгіёну, з’яўляецца манаграфія «Вілія і яе берагі», якую завяршыў яго брат, К. П. Тышкевіч, у 1858 годзе. Падчас падарожжа К. П. Тышкевіч наведаў каля 300 вёсак і мястэчак, зрабіў падрабязныя апісанні шматлікіх гарадзішч і помнікаў старажытнай архітэктуры і правёў раскопкі некаторых могільнікаў.
У 1850-я гады вялікія разведачныя працы ў Павіллі правёў Адам Кіркор. У працы «Археалагічнае падарожжа па Віленскай губерні» ён змясціў кароткія гістарычныя даведкі пра Міхалішкі, Свір, Дабраўляны, Мядзел і іншыя мясціны.
Ф. В. Пакроўскі ў канцы XIX стагоддзя раскапаў каля 100 курганоў толькі ў межах сучасных Мядзельскага і Астравецкага раёнаў.
У пачатку XX стагоддзя тэрыторыі абследвалі С. Яроцкі, П. С. Рыкаў, Х. Цэглак-Галубовіч і У. Галубовіч.
У другой палове XX стагоддзя і пазней Павілле даследавалі А. Р. Мітрафанаў, М. А. Ткачоў, Я. Г. Звяруга, М. М. Чарняўскі і многія іншыя археолагі.
У выніку працы некалькіх пакаленняў археолагаў Павілле аказалася адным з найбольш грунтоўна даследаваных рэгіёнаў Беларусі. Па ступені археалагічнага асваення з ім хіба што могуць параўнацца ваколіцы Мінска ды яшчэ 2-3 рэгіёны краіны. Здабытыя матэрыялы дазваляюць даволі поўна ўстанавіць гісторыю насельніцтва за амаль два апошнія тысячагоддзі[2].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Анатоль Рогач — беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля.[3]
- Яраслаў Генрыхавіч Звяруга — даследчык Павілля.
- Вілейскі строй — беларускае народнае адзенне, распаўсюджанае на тэрыторыі Павілля.
- Рэгіянальная газета — СМІ Павілля.
Зноскі
- ↑ Чарняўскі М. М. Першыя людзі на ўзбярэжжы Віліі // Вілейскі краязнаўчы зборнік — Вілейка.: «Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей», 2001. — Стар. 4—9.
- ↑ Звяруга Я. Г. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі Архівавана 29 лістапада 2014. // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005
- ↑ Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // Рэгіянальная газета
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чарняўскі М. М. Першыя людзі на ўзбярэжжы Віліі // Вілейскі краязнаўчы зборнік — Вілейка.: «Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей», 2001. — Стар. 4—9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Онлайн-версія «Рэгіянальнай газеты» Архівавана 18 верасня 2020.
- Звяруга Я. Г. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэдневякоўі Архівавана 29 лістапада 2014.
- Лойка П. Унутраная палітыка ВКЛ (XIV — сярэдзіна XV ст.)
- Мястэчка Буйвіды над Віліяй атрымала герб Архівавана 6 сакавіка 2016.
- Экспедыцыя — не паўтарэнне пройдзенага Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Вяз, з вышыні якога бачныя адразу тры гарады — Маладзечна, Вілейку і Смаргонь Архівавана 18 сакавіка 2017.
- Маршруты Віталя Кастэнкі Архівавана 16 чэрвеня 2017.