Матэматычныя рэзервы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Матэматычныя рэзервы, тэарэтычныя рэзервы — грашовыя сродкі страхоўшчыка, якія атрыманы ў якасці страхавой прэміі, і прызначаныя для выканання сваіх абавязацельстваў па дагаворы страхавання перад страхавальнікам[1].

Сутнасць матэматычных рэзерваў[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненне матэматычных рэзерваў абумоўлена існаваннем у страхаванні зваротнага («перавернутага») эканамічнага цыклу і выраўноўваннем прэмій па некаторых дагаворах (у прыватнасці, па страхаванні на выпадак смерці). Пры перавернутым эканамічным цыкле кошт паслугі аплачваецца напачатку дзеяння дамовы ў абмен на абавязак страхоўшчыка выплаціць страхавое пакрыццё ў будучыні пры наступленні страхавога выпадку. Гэта адрозненне перавернутага эканамічнага цыклу ад прамога. Як правіла страхавая прэмія ўносіцца ў першы перыяд дзеяння дагавора страхавання, а выплаты адбываюцца праз некалькі гадоў. Такім чынам, атрымліваецца, што страхавальнік выканаў свае фінансавыя абавязацельствы, выплаціўшы страхавую прэмію паводле страхавога тарыфу, а страхоўшчык мае перад ім абавязак да заканчэння дзеяння дагавора страхавання[2].

У краінах з развітым рынкам страхавання сярэдні тэрмін страхавання жыцця перавышае 10 гадоў, таму матэматычныя рэзервы, якія адпавядаюць абавязацельствам на такі працяглы тэрмін маюць важнейшае значэнне ў параўнанні з так званымі рызыковымі відамі страхавання, якія складаюцца звычайна на тэрмін, які не перавышае адзін год. Такім чынам, у страхаванні жыцця вельмі важным з’яўляецца стварэнне адэкватных матэматычных рэзерваў.

Неабходнасць стварэння рэзерваў можа быць выклікана таксама іншымі меркаваннямі. Напрыклад, пры доўгатэрміновым страхаванні на выпадак смерці са штогадовай выплатай страхавой прэміі яе памер кожны год павінен быў бы павялічвацца для страхавальніка, бо з узростам верагоднасць смерці павялічваецца. Выплата страхавой прэміі, якая з часам павялічваецца, прывяла б да ўсведамлення страхавальнікамі, што з цягам часу расце верагоднасць іх смерці. Таму страхоўшчык разлічвае памер страхововой прэміі такім чынам, каб яна была нязменная на працягу ўсяго тэрміну дзеяння дагавора страхавання. У выніку атрымліваецца, што ў пачатковы перыяд страхавы тарыф завышаны, а ў канчатковы перыяд заніжаны. Завышаная ў пачатковы перыяд страхавая прэмія ўяўляе сабою матэматычныя рэзервы страхоўшчыка па дадзеным відзе страхавання[2].

Разлік матэматычных рэзерваў[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі, як было паказана вышэй, матэматычныя рэзервы адлюстроўваюць абавязак страхоўшчыка перад страхавальнікам, то неабходна ўлічваць таксама і тую акалічнасць, што гэтыя абавязацельствы носяць імавернасны характар. Напрыклад, пры страхаванні на выпадак смерці на працяглы тэрмін існуе верагоднасць таго, што застрахаваная асоба дажыве да заканчэння дзеяння дагавора страхавання. У гэтым выпадку абавязацельстваў выплаты з боку страхоўшчыка няма. З іншага боку, у выпадку смерці застрахаванай асобы спыняецца выплата страхавой прэміі, што азначае, што сума страхавых прэмій, якія паступілі на рахунак страхоўшчыка, таксама з’яўляецца выпадковай велічынёй. Такім чынам, узнікае неабходнасць вызначаць верагодны (чаканы) кошт будучых абавязацельстваў як страхоўшчыка, так і страхавальніка. Акрамя таго, паколькі бакі выконваюць свае абавязацельствы ў розныя моманты часу, то ўзнікае эфект капіталізацыі (атрымання інвестыцыйнага прыбытку). Таму пры разліках даводзіцца прыводзіць іх кошт да аднаго моманту часу[2].

Агулам матэматычныя рэзервы ўяўляюць сабою рознасць паміж сучасным верагодным коштам будучых абавязацельстваў страхоўшчыка і сучасным верагодным коштам будучых абавязацельстваў страхавальніка. Такая формула перспектыўнага метаду разліку матэматычных рэзерваў:

Матэматычныя рэзервы = Сучасны верагодны кошт будучых абавязацельстваў страхоўшчыка — Сучасны верагодны кошт будучых абавязацельстваў страхавальніка

Па сутнасці працэс разліку матэматычных рэзерваў па пэўным дагаворы страхавання па дадзеным метадзе зводзіцца да вызначэння сучасных верагодных коштаў будучых абавязацельстваў страхоўшчыка і страхавальніка на дадзены момант часу (як правіла на канец справаздачнага перыяду) і вылічэння іх рознасцяў. Для гэтага неабходна абраць велічыню адсоткавай стаўкі і табліцу смяротнасці. Выбар гэтых значэнняў для разлікаў кантралюецца дзяржаўнымі органамі страхавога нагляду адпаведнай краіны, якім у Беларусі з’язляецца Міністэрства фінансаў[2].

Нароўні з перспектыўным падыходам разліку матэматычных рэзерваў існуе рэтраспектыўны (бухгалтарскі) метад разліку[2].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Математические резервы // Страхование: принципы и практика = Insurance: Principles and Practice / Сост. : Д. Бланд. — М.: Финансы и статистика, 1998. — С. 210. — 416 с. — ISBN 5-279-01962-3.
  2. а б в г д Математические резервы // Страхование: учебник / Под ред. Т. А. Федоровой. — 3-е изд. — М.: Магистр, 2009. — С. 782—827. — 1006 с. — ISBN 978-5-9776-0032-3.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]