Перайсці да зместу

Медпласт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Медпласт
Заснаванне 1936
Краіна
Колькасць супрацоўнікаў
  • каля 300 чал.[1]
Сайт medplast.by

ААТ «Медпласт» (раней — Гомельскі завод пластмасавых вырабаў, ААТ «Гомельпласт») — беларускае прадпрыемства па вытворчасці аднаразовых шпрыцаў і іншых медыцынскіх пластмасавых вырабаў, размешчанае ў Гомелі.

У 1936 годзе ў Гомелі была заснавана арцель «Металабытрэмонт», якая вырабляла колы, падковы, конскую вупраж, посуд, металічную тару, а таксама займалася рамонтам механічных вырабаў і транспарту. У 1941 годзе абсталяванне арцелі было эвакуіравана ва Ульянаўскую вобласць. У 1944 годзе арцель аднавіла дзейнасць[2].

У 1960 годзе арцель ператворана ў завод металабытавых вырабаў, які неўзабаве перайменаваны ў механічны завод[3]. У 1966 годзе прадпрыемства перайменавана ў завод пластмасавых вырабаў, у тым жа годзе быў засвоены выпуск гучнагаварыцеляў[2][3].

У 1992 годзе завод пачаў вытворчасць аднаразовых шпрыцаў аб’ёмам 5 мл[3]. У 1996 годзе завод выпускаў шпрыцы, пыласосы, гучнагаварыцелі, мэблю, пластмасавыя вядра і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і іншыя тавары народнага спажывання[2]. У 1999 годзе арэнднае прадпрыемства «Гомельскі завод пластмасавых вырабаў» было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельпласт»[3].

У 2007 годзе ААТ «Гомельпласт» было перайменавана ў ААТ «Медпласт»[4]. У 2006 годзе ў цэху па вытворчасці радыёпрыбораў пачалася рэканструкцыя ў цэх па вытворчасці медыцынскіх палімераў[3]. У 2013 годзе прадпрыемства перададзена ў склад холдынгу «Белрэсурсы»[5]. У 2018 годзе завод паведаміў пра намер рэалізаваць інвестыцыйны праект па вытворчасці вакуумных кантэйнераў для збораў крыві (вакутэйнераў), у 2019 годзе было абвешчана аб падрыхтоўцы да будаўніцтва новага цэха для вытворчасці гэтай прадукцыі[4][6].

Завод спецыялізуецца на вытворчасці аднаразовых медыцынскіх шпрыцаў некалькіх тыпаў, а таксама аднаразовых пластмасавых кантэйнераў 120 мл[7]. У 2012 годзе доля прадпрыемства на рынку аднаразовых медыцынскіх шпрыцаў Рэспублікі Беларусь складала 77,2%[8]. У 2012 годзе было выраблена 63,9 млн шпрыцаў 5 мл Луер 5Б, 33,1 млн шпрыцаў 2 мл Луер 2А, 30,5 млн шпрыцаў 10 мл Луер 10Б, 13,8 млн шпрыцаў 20 мл Луер 20Б, 7,2 млн інсулінавых шпрыцаў Луер 1А і 0,4 млн — туберкулінавых Луер 1А[8]. Магутнасці прадпрыемства складаюць 190 млн шпрыцаў штогод (2012 год)[8].

У 2019 годзе чысты прыбытак прадпрыемства склаў 233 тыс. рублёў (каля 110 тыс. долараў). 99,94% акцый знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы[8].

  1. https://export.by/news/gomel-based-medplast-plans-to-produce-vacutainer-tubes
  2. а б в Го́мельскі заво́д пластма́савых вы́рабаў. 345 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  3. а б в г д О компании. Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2020. Праверана 15 чэрвеня 2020.
  4. а б Гомельский «Медпласт» планирует реализовать инвестпроект по производству вакутайнеров стоимостью 9,5 млн бел руб. Архівавана з першакрыніцы 7 ліпеня 2020. Праверана 15 чэрвеня 2020.
  5. Власти РБ укрепляют «Белресурсы». Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2020. Праверана 15 чэрвеня 2020.
  6. Гомельский «Медпласт» наладит производство вакутайнеров. Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2020. Праверана 15 чэрвеня 2020.
  7. Прайс продукции. Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2020. Праверана 15 чэрвеня 2020.
  8. а б в г ОАО «МЕДПЛАСТ», информационное сообщение Национального агентства инвестиций и приватизаций Республики Беларусь