Медыцынская п’яўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Медыцынская п’яўка
Svømmende blodigle.JPG
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Hirudo medicinalis Linnaeus, 1758

Ахоўны статус
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  69417
NCBI  6421
EOL  401376

Медыцынская п'яўка (Hirudo medicinalis) — від бясхобатных п'явак.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даволі буйныя п'яўкі са шчыльным целам, даўжыня якога можа дасягаць 12-20 см. Пярэдні канец цела вузейшы. Суадносіны шырыні і даўжыні цела прыблізна 1:10. Афарбоўка жывёл вельмі зменлівая і можа вар'іраваць ад карычневых да зялёных тонаў. Брушны і спінны бок цела аблямаваны аранжава-жоўтай палоскай. Акрамя таго, на спінным баку маецца яшчэ дзве падоўжныя аранжава-пярэстыя палосы. На пярэднім канцы цела знаходзяцца размешчаныя дугой 5 пар вачэй, не заўсёды добра прыкметных. Буйная задняя прысоска па дыяметры перавышае палову максімальнай шырыні цела. На спінным баку крыху вышэй задняй прысоскі змяшчаецца невялікая анальная адтуліна.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Эндэмік Палеарктыкі. Аддае перавагу невялікім і неглыбокім вадаёмам, якія добра праграваюцца і маюць багатую расліннасць. Жыве ў вадаёмах усёй Паўднёвай Еўропы, а таксама Паўночнай Афрыкі і Заходняй Азіі. У Беларусі сустракаецца ў вадаёмах на поўдні і захадзе Палесся, дзе праходзіць паўночная мяжа арэалу гэтага цеплалюбівага віда.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Гермафрадыт. Размножваецца палавым спосабам. Апладненне ўнутранае. Аплодненыя яйцы пакуюцца ў рудавата-шэры кокан, які п'яўкі, выпаўзаючы на бераг, адкладаюць у вільготны грунт прыбярэжнай паласы. Колькасць яец у кокане (10-25), а таксама лік фармаваных адной асобінай коканаў (1-4) вызначаюцца трафічнымі ўмовамі падчас росту і палавога паспявання. У прыродзе п'яўкі сілкуюцца крывёй халоднакроўных (жаб) і цеплакроўных жывёл, якія жывуць у вадаёме ці наведваюць яго для вадапою ці палявання. Пры разнастайных крыніцах сілкавання п'яўкі хутчэй растуць і спеюць, больш эфектыўна размножваюцца. Медыцынскім п'яўкам патрабуецца каля 3 гадоў для дасягнення палавой спеласці.

Медыцынская п'яўка ў працэсе ссання

Спецыяльнае бялковае рэчыва — гірудзін, якое паступае пры ўкусе п'яўкі з яе слінных залоз, перашкаджае згортванню крыві ў ахвяры. Гэта дазваляе захоўваць кроў у страўніку драпежніка і выкарыстоўваць яе для запатрабаванняў арганізму, які расце, да сустрэчы з наступнай ахвярай.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Унікальная здольнасць медыцынскай п'яўкі выпрацоўваць рэчывы, якія разрэджваюць кроў, на працягу шматлікіх стагоддзяў дазваляла выкарыстоўваць гэтых жывёл для лячэння хворых з высокім ціскам, тромбафлебітам, інсультам і іншымі хваробамі.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

Від уключаны ў Чырвоны спіс МСАП, спіс Бернскай канвенцыі, Чырвоную кнігу Беларусі, мае нацыянальны статус аховы ў Літве і Латвіі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
II катэгорыя (EN)