Минское эхо
«Минское эхо» | |
---|---|
Тып | газета |
«Минское эхо» — штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета ліберальна-буржуазнага кірунку. Выдавалася 30 мая (12 чэрвеня) 1908 да 20 верасня (3 кастрычніка) 1909 гг. у Мінску на рускай мове. Выдаўцы: У. Світыч (заснавальнік), С. Левінсон, В. Тасьман, таварыства «Мінчанін», рэдактары Н. Світыч, Л. Штэйнберг. Выступала за буржуазна-дэмакратычныя рэформы, абмежаванае культурна-нацыянальнае самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакцыйныя выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб'явы, антываенную публіцыстыку, белетрыстыку, мастацкія творы мясцовых аўтараў. Апублікавала інфармацыю пра судовыя працэсы над рэдактарамі газет «Северо-Западный край», «Жизнь провинции», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер» (4 лістапада 1908, 6 — 7 лютага і 5 мая 1909). Інфармавала пра тэатральнае і музычнае жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літаратурна-артыстычнага таварыства. Пры асвятленні эстэтычных праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літаратурна-крытычныя нататкі, літаратурныя агляды пра рускіх, беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў (Л. Андрэева, М. Арцыбашава, С. Гарадзецкага, М. Гумілёва, М. Горкага, А.Каменскага, Я. Купалу, Л. Талстога, П. Чайкоўскага, А. Чэхава), а таксама замежных (М. Метэрлінка, Ю. Славацкага), пра юбілеі М. Гогаля, І. Тургенева.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Конан, В. М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. — Мн., 1985. — С. 136—153.