Перайсці да зместу

Музей Беларускай чыгункі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Музей гісторыі Беларускай чыгункі быў створаны 25.11.1971 г. Ля вытокаў стварэння музею стаялі былы Начальнік Беларускай чыгункі Я. П. Юшкевіч і начальнік чыгуначнага цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі Созінаў В. А.

Да 1980 года музей знаходзіўся ў будынку Упраўлення Беларускай чыгункі (г. Мінск, вул. Леніна, 17), а з 1980 года — у будынку Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў (г. Мінск, вул. Чкалава, 7).

Экспазіцыя музея складаецца з дзвюх частак:

I частка (гістарычная) — нараджэнне чыгуначнага транспарту ў Расійскай імперыі і ў Беларусі з 1837 па 1917 гг.;

II частка (галіновая) — гісторыя развіцця чыгуначнага транспарту ў Беларусі з 1917 г. па цяперашні час.

Фонд музея гісторыі Беларускай чыгункі складаецца з больш як 12 тыс. адзінак захоўвання.

За 2010 год у фонды музея гісторыі Беларускай чыгункі паступіла больш за 300 экспанатаў. Асаблівае значэнне маюць натурныя і аб’ёмныя экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю тэхнічнага абсталявання чыгункі: апарат маршрутна-кантрольнага кіравання 30-х гадоў XX ст., тэлеграфныя апараты «Морзэ» і «Бадо», старадаўнія тэлефонныя апараты, пераходны двухзвёнавы ланцуг для счэпкі вагонаў, крук паравоза ФД 30-х гадоў XX стагоддзя, сігналы бачныя (ручныя ліхтары розных перыядаў эксплуатацыі, сігнальныя флажкі і г.д.), гукавыя сігналы (ражок, свісток, станцыйны звон, свісток паравозны і інш.). У музеі ёсць таксама жазловы апарат з жазлападавальнікам, шаблоны для вымярэння шырыні каляіны, таблічкі пабудовы вагонаў, па якіх можна прасачыць гісторыю вагонабудаўніцтва, ёсць i макеты адзінак рухомага саставу.

За апошні час музей папоўніўся экспанатамі:

  • форма дырэктара-палкоўніка службы пуці (40-50 гады ХХ стагоддзя);
  • тэлефон-камутатар 1978 г.в.;
  • паравозны хуткасцямер нямецкай вытворчасці фірмы «TELOK»;
  • эмблема «Звязда», якая чаплялася да дымавой скрыні катла паравоза;
  • інфармацыйныя шыльды з указаннем месца і даты выпуску паравоза, па якім можна вывучаць гісторыю паравозабудаўніцтва;

і іншыя рэдкія экспанаты.

У музеі ёсць шмат сапраўдных дакументаў і рэчавых матэрыялаў па гісторыі Беларускай чыгункі. Толькі за апошні час сабраны фатаграфіі і ўстаноўлены біяграфічныя дадзеныя 21 былога чыгуначніка, ўзнагароджаных званнем Героя Савецкага Саюза ў час Вялікай Айчыннай вайны, большасці з якіх гэтыя званні былі прысвоены пасмяротна. Ёсць 27 альбомаў працоўных дынастый Беларускай чыгункі.

  • История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В. В. Яновская и др. — Минск: «Мастацкая літаратура», 2012. — 955с. ISBN 978-985-02-1375-4.
  • Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.