Беларуская чыгунка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Беларуская чыгунка
БЧ
Belarus-RW-Logo.svg
Поўная назва:

Беларуская чыгунка

Гады працы:

з 1862

Краіна:

Flag of Belarus.svg Беларусь

Горад кіравання:

Сцяг Мінска Мінск

Стан:

дзеючая

Падпарадкаванне:

Міністэрства транспарта і камунікацый

Афіцыйны сайт:

rw.by

Схема Беларускай чыгункі.      Мінскае аддзяленне      Баранавіцкае аддзяленне      Брэсцкае аддзяленне      Віцебскае аддзяленне      Гомельскае аддзяленне      Магілёўскае аддзяленне
Будаўніцтва ўчасткаў сучаснай Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка — дзяржаўны аператар чыгуначных ліній у Беларусі; дзяржаўнае беларускае аб'яднанне, падпарадкаванае Міністэрству Транспарту і Камунікацый Рэспублікі Беларусь, у склад якога ўключана 84 арганізацыі і 3 прадстаўніцтвы. У сучасных межах дзейнічае з 1953 года. У снежні 1991 года аддзялілася ад адзінай чыгункі былога СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўжыня чыгункі 5491,1 км, з іх 1012,3 км электрыфікавана (01.01.2015).

27 лістапада 1996 ўзнагароджана Ганаровай граматай Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь [1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Расійскай імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацию больш за 2 тыс. км чыгуначных ліній, на пачатку 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс. км. У 1913 даўжыня чыгуначнай сеткі перавышала 3,8 тыс. км. Паскоранае будаўніцтва чыгунак было абумоўлена эканамічнымі і ваенна-палітычнымі інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталістычнага развіцця і геаграфічным размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыгуначная лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—1869 пабудаваны чыгуначны ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). У 1871 годзе ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асноўныя кірункі фарміравання Беларускай чыгункі. У 2-й палове 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага завода (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыгуначны ўчастак Ковель—Брэст (частка чыгункі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся pyx паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—1887 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс. км), якія звязалі Прыбалтыку з заходнімі губернямі Украіны і цэнтральную Расію з Польшчай. На пачатку 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыгуначныя магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўднёвымі губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—1916) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск ( 1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясцовага значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.

Будаўніцтва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—1917 пабудаваны чыгуначныя лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы— Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і іншых участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыгуначныя лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў— Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка (кіраўніцтва ў Баранавічах) і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі.

У Вялікую Айчынную вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваеннай тэхнікі ворага на фронт, беларускія партызаны вялі на Беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т.л. рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыгуначнае. палатно, паравозы, дэпо, станцыі.

У пасляваенны перыяд Беларускай чыгунка ў асноўным адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Заходняй чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да Беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае адцзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыгуначная сетка рэспублікі супала з адміністрацыйнымі граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапрацоўчага аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. 3 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Хуткасць пасажырскіх цягнікоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыгуначных станцыях наладжана даведачна-інфармацыйная служба, з 1989 г. уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасажырскія паязды і даведачна-інфармацыйная сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) будаўніцтва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя цягнікі «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга” і інш. Дзейнічаюць 2 вылічальныя цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Шчыльнасць чыгуначнай сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс. км2. У складзе Беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў): Мінскае, Баранавіцкае, Брэсцкае, Гомельскае, Магілёўскае, Віцебскае, якія аб’ядноўваюць 370 станцый, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 13 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак транспартных сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-цягнікі, электрацягнікі і інш.).

Беларуская чыгунка — член міжнароднай Арганізацыі супра цоўніцтва чыгунак і Міжнароднага саюза чыгунак.

Аддзяленні Беларускай чыгункі[правіць | правіць зыходнік]

Кірункі прыгарадных цягнікоў Мінскага аддзялення[правіць | правіць зыходнік]

Фармат пасажырскіх перавозак [2][правіць | правіць зыходнік]

Лакаматыўная гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

На чыгунцы 16 асноўных, 4 адваротных і 1 маторавагоннае дэпо. Асноўныя лакаматыўныя дэпо:

  • ЦЧ-1 Мінск
  • ЦЧ-2 Маладэчна
  • ЦЧ-3 Баранавічы
  • ЦЧ-4 Лунінец
  • ЦЧ-5 Ліда
  • ЦЧ-6 Ваўкавыск
  • ЦЧ-7 Брэст
  • ЦЧ-8 Гомель
  • ЦЧ-10 Жлобін
  • ЦЧ-11 Калінкавічы
  • ЦЧ-12 Магілёў
  • ЦЧ-13 Асіповічы
  • ЦЧ-14 Крычаў
  • ЦЧ-15 Орша
  • ЦЧ-16 Віцебск
  • ЦЧ-17 Полацк

Маторавагоннае дэпо:

  • ЦЧ-9 Мінск

Начальнікі Беларускай чыгункі[правіць | правіць зыходнік]

  • Уладзімірскі Павел Мікалаевіч (1936-1937)
  • Панамароў Міхаіл Сямёнавіч (1937-1938)
  • Някрасаў Пётр Міхайлавіч (1938-1940)
  • Краснабаеў Ніл Іванавіч (1940-1942; 1943-1946)
  • Камароў Дзмітрый Якаўлевіч (1946-1952)
  • Мяркулаў Уладзімір Аляксеевіч (1952-1953)
  • Кацяш Гаўрыіл Іванавіч (1953-1969)
  • Юшкевіч Яўген Паўлавіч (1969-1981)
  • Андрэеў Андрэй Рыгоравіч (1981-1990)
  • Шкапіч Сцяпан Ільіч (1990-1993)
  • Валадзько Яўген Іванавіч (1993-1998)
  • Рахманько Віктар Рыгоравіч (1998-2002)
  • Гапееў Васіль Іванавіч (2002-2004)
  • Жарэла Уладзімір Ільіч (2004-2008)
  • Сівак Анатоль Аляксандравіч (2009-2012)
  • Марозаў Уладзімір Міхайлавіч (2012- ц.ч.)

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Вонкавыя спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Railroad-stub

Шаблон:Беларуская чыгунка

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8
  • История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В.В. Яновская и др. - Минск: “Мастацкая літаратура”, 2012. – 955с. ISBN 978-985-02-1375-4.
  • Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.