Му-цзун (дынастыя Ляа)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Му-цзун
кітайскі імператар[d] (Ляа[d])
11 кастрычніка 951 — 12 сакавіка 969
Папярэднік Emperor Shizong of Liao[d]
Пераемнік Цзін-цзун
Imperial prince[d]
939 — 11 кастрычніка 951

Нараджэнне 19 верасня 931(0931-09-19)
Смерць 12 сакавіка 969(0969-03-12) (37 гадоў)
Род Ляа[d]
Бацька Елюй Яагу[1]
Маці Xiao Wen[d][1]
Жонка Empress Xiao[d][1]
Дзейнасць арыстакрат

Му-цзун (19 верасня 931 — 12 сакавіка 969), кітайскае асабістае імя Елюй Цзін, кіданьскае імя Елюй Шулюй — 4-ы імператар кіданскай дынастыі Ляа. Старэйшы сын другога імператара Ляа Тай-цзуна. Заняў сталец пасля свайго стрыечнага брата Ляа Шы-цзуна  (руск.), пасля яго забойства ў 951 годзе.

Уступленне на прастол[правіць | правіць зыходнік]

Елюй Шулюй быў адным з кандыдатаў на трон пасля смерці бацькі Яагу, але армія падтрымала Шы-цзуна, бо Шулюй быў малалетнім. У 939 годзе быў надзелены тытулам Шоуань-вана[2].

На момант забойства Шы-цзуна займаў пасаду Шоуань-вана. Галоўны з князёў-змоўшчыкаў Елюй Чагэ  (кіт.), сын Елюй Аньдуаня  (кіт.), сам хацеў стаць імператарам і адразу пасля забойства Шы-цзуна стаў любавацца паходнай казной. Яго жонка заявіла, што пакуль жывы Елюй Шулюй і Елюй Учжы  (кіт.), які ўзначальваў партыю прыхільнікаў Елюй Яагу, Елюй Чагэ ўлады не відаць. Елюй Учжы памяняўся адзеннем з нейкім кіданем і збег ад аховы Елюй Чагэ. Ён хутка склікаў савет кіданьскіх камандзіраў. Елюй Шулюй быў не ў асноўным лагеры і, даведаўшыся пра забойства Шы-цзуна, збег. Неўзабаве брат Елюй Учжы — Елюй Чжун знайшоў яго і прывёў да Елюй Учжы. Той угаварыў Елюй Шулюя стаць імператарам.

Раніцай Елюй Шулюй і Елюй Учжы з войскамі атачылі лагер змоўшчыкаў. Елюй Чагэ забіў маці і жонак Шы-цзуна. Яго саўдзельнікі сталі па адным перабягаць да Елюй Шулюя. Елюй Дзіле  (кіт.), жадаючы выратавацца ад абвінавачвання ў саўдзеле, угаварыў Елюй Чагэ пайсці на перамовы. Елюй Дзіле вярнуўся з вернымі ваярамі і захапіў Елюй Чагэ жывым. Пасля гэтага Елюй Чагэ быў павольна парэзаны на кавалкі, а яго сыны былі забітыя. Елюй Шулюй абвясціў сябе імператарам Му-цзунам.

Сярод недахопаў новага імператара, што радніла яго з папярэднікам, была любоў да начных піроў. Звычайна ён прачынаўся толькі пасля поўдня, паколькі клаўся спаць раніцай пасля начных узліванняў. Таксама любіў паляванне. Норавам быў капрызны і жорсткі. З гадамі негатыўныя рысы яго характару толькі ўзмацняліся. У прыватнасці, ён загадваў сваім амбаням утрымліваць яго, калі ён у запале загадаў пакараць смерцю не толькі вінаватых, але і простых саўдзельнікаў.

У 958 годзе ван Елюй Дзіле[3] і чыноўнік будаўнічага ведамства Хайсы[4] задумалі змову. Му-цзун своечасова загадаў арыштаваць іх, але караць смерцю не стаў.

Унутраная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Му-цзун быў абавязаны стальцом Елюй Учжы і хацеў аддзячыць яму, аддаўшы ўсю маёмасць пакараных змоўшчыкаў, але той адмовіўся. На пахаванне Шы-цзуна прыбылі паслы з Хань, Чжоу, Паўднёвай Тан, якім было дазволена правесці памінкі па кітайскаму, а не кіданьскаму абраду. Праўленне пачаў з маштабных чыстак двара, змяніўшы многіх міністраў. Баяўся як прадстаўнікоў кіруючага роду Елюй, так і сям’і сваёй маці Сяа.

Паслы Паўднёвай Тан даставілі ў пачатку 952 года таемнае пасланне, запячатанае ў васковым шарыку, і 10 000 камплектаў знакамітай паўднёва-кітайскай брані са скуры насарога, чым далі зразумець, што разлічваюць на сумесныя дзеянні супраць Чжоу.

У чэрвені 952 года імператару прынеслі ліст, напісаны адным з яго дзядзькаў імператару Чжоу, дзе было сказана, што «Му-цзун увесь час п’яны і не амбіцыйны». Імператар пакараў смерцю свайго дзядзьку. У наступным месяцы было раскрыта паўстанне Елюй Лого  (кіт.) (стрыечнага брата Му-цзуна), удзельнікі пакараныя. У кастрычніку 953 года была раскрыта чарговая змова некалькіх афіцэраў, на чале з родным братам Му-цзуна. Усе ўдзельнікі былі пакараныя смерцю, акрамя брата, які быў пасаджаны ў вязніцу. У лістападзе 959 іншы брат паплаціўся свабодай па той жа прычыне, шараговыя ўдзельнікі былі пакараныя.

У 957 годзе да імператара з’явілася шаманка Сяагу[5] і паднесла лекі, што даруюць даўгалецце. Му-цзун здагадаўся, што справа нячыстая. Аказалася, лекі рабіліся з чалавечай жоўці, для чаго шаманка забівала шмат людзей. Му-цзун не стаў браць лекі, але выдаў шаманку, і яе расстралялі з лукаў. Увосень 957 года імператар закінуў дзяржаўныя справы і з’ехаў у горы на паляванне.

У 960 годзе была выкрыта змова Елюй Ліху  (англ.) і яго сына Елюй Сііня  (англ.). Елюй Ліху быў арыштаваны і памёр у турме.

У 961 годзе Му-цзун зацвердзіў каляндар, складзены прыдворным астраномам.

У 962 годзе ў Ляа здарылася засуха.

У 964 годзе паўстала племя хуантоу-шывэй  (руск.). Му-цзун усё больш п’янстваваў і не займаўся дзяржаўнымі справамі. Неўзабаве паўсталі плямёны угу, спробы мясцовых кіданьскіх уладаў уціхамірыць іх скончыліся разгромам кіданьскага войска.

У 966 здарылася новая, яшчэ больш працяглая засуха.

Адносіны з кітайскімі дынастыямі[правіць | правіць зыходнік]

Позняя Чжоу  (руск.) рыхтавалася вярнуць сабе кантроль над Паўночным Кітаем, захоплены кіданямі ў пачатку стагоддзя. Бачачы хісткасць становішча Му-цзуна, чжоусцы чакалі зручнага моманту. З іншага боку, Паўночная Хань  (руск.) разлічвала заставацца пад пратэктаратам, што прынамсі гарантавала яе незалежнасць.

Чжоусцы самі пачалі ваенныя дзеянні, напаўшы ў пачатку лета 953 года на Ічжоу (у раёне цяперашняга павета Лаюань  (руск.)), але былі адбітыя ляаскім намеснікам Елюй Дзіле  (кіт.). Другая палова гэтага года была азмрочана смерцю ўдовай імператрыцы Шулюй  (руск.), удавы заснавальніка Ляа Абаацзі  (руск.). Яна памерла 1 жніўня і была пахавана з тытулам Чжэнь — ле Ін-Цянь Да-мін дзі хуанхоу. З-за жалобы імператар на некаторы час устрымаўся ад дзяржаўных спраў.

У 954 годзе памёр імператар Чжоу Го Вэй, яму ўспадкаваў прыёмны сын Чай Жун, які стаў імператарам Шы-Цзунам. Улады Хань  (руск.) спалохаліся хуткага ўварвання чжоусцаў і папрасілі Ляа аб дапамозе. Імператар адправіў Елюй Дзіле  (кіт.) з войскамі для падтрымкі. Улетку гарады Хань Сіньджоў і Дайсянь  (руск.) адкалоліся і перайшлі ў чжоускае падданства. Му-цзун адправіў на ўзмацненне Дзіле. Чжоускія войскі скарысталіся момантам і пачалі наступ. Ханьскія войскі наўмысна не сталі аказваць супраціву. Хоць пад камандаваннем чжоускіх генералаў Фу Янцына  (англ.) і Го Цун’і  (кіт.) знаходзіліся лепшыя войскі, кідані напалі на іх у горным праходзе і разбілі. Паўсталыя гарады былі вернутыя Хань. Войскі Ляа пажывіліся здабычай і на ханьскай зямлі, але па патрабаванні ханьскіх паслоў Му-цзун загадаў вярнуць усё нарабаванае.

У 955 годзе памёр імператар Хань Чжыюань, і на пасад уступіў Лю Чэн’ю. Му-цзун зацвердзіў новага імператара. У сярэдзіне наступнага, 956 года прыбыло ханьскае пасольства для абмеркавання сумесных ваенных дзеянняў супраць Чжоу.

У 958 намеснік Пекіна Сяа Сывэнь[6] напаў на памежныя вобласці Чжоу. Му-цзун быў задаволены і ўзнагародзіў Сяа Сывэня.

У 959 годзе Чжоу пачала наступ у раёне Шаснаццаці акруг. Імператар Му-цзун перамясціў войска ў Паўднёвую сталіцу (цяпер Пекін) і прызначыў Сяа Сывэня галоўнакамандуючым. Чжоусцы ўзялі ў Ляа тры заставы. Улетку Чжоу захапіла Інчжоу  (руск.) і Мочжоу  (руск.). Му-цзун асабіста выступіў з арміяй з Пекіна, але чжоусцы павярнулі назад. Ляасцы вярнулі сабе некаторыя малаважныя паселішчы.

Смерць імператара Чжоу Чай Жуна прадухіліла далейшае разрастанне канфлікту. На прастол Чжоу ўступіў Чай Цзунсюнь.

У 960 годзе Чжаа Куан’інь  (руск.) зрынуў безуладнага імператара Чжоу і заснаваў імперыю Сун. Сун стаў першым стабільным палітычным утварэннем Кітая пасля распаду імперыі Тан. Пачалося збіранне зямель Кітая. Ужо ў сярэдзіне года сунскія войскі напалі на Шычжоу. Кідані чатырох плямёнаў і кітайскія войскі Сяа Сывэня сумесна абаранялі раён.

Му-цзун палічыў за лепшае заключыць мір з Сун, які падоўжыўся да яго смерці. Было заключана таксама і гандлёвае пагадненне. Мірныя адносіны паміж Ляа і Сун не маглі быць асабліва моцнымі, паколькі кідані да гэтага часу займалі стратэгічны рэгіён Шаснаццаці акруг і кантралявалі Паўночную Хань  (руск.).

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Му-цзун, як і яго папярэднік, быў алкаголікам. Паколькі значную частку дня ён праводзіў у п’яным стане, яго празвалі «спячы імператар». Часам ён загадваў пакараць смерцю каго-небудзь без прычыны. У 960 годзе ён без асаблівай прычыны забіў срэбным жазлом да смерці свайго слугу. У 964 ён забіў да смерці іншага слугу. Ад п’янства імператар не адрозніваў дзён і начэй. Іншай яго забаўкай было паляванне. Характар імператара станавіўся непрадказальным: сваіх улюбёнцаў ён узнагароджваў за ўяўныя заслугі, як, напрыклад, вылаў першай качкі на паляванні, іншых слуг пакараў смерцю і забіваў сам за найменшыя правіны, іншых загадваў катаваць. Ён забіў каля 70 чалавек даглядальнікаў за яго паляўнічымі сабакамі і птушкамі за тое, што яны недастаткова добра сачылі за жывёламі.

Незадоўга да смерці імператар казаў слузе, што яго супрацьзаконныя загады, аддадзеныя падчас п’янства, не павінны выконвацца.

У лютым 969 імператар выехаў на паляванне ў Хуайчжоу. Ён здабыў мядзведзя і напіўся разам са сваімі слугамі, пасля чаго вярнуўся ў палатку. Прачнуўшыся пасля паўночы, ён стаў клікаць слуг, каб яму прынеслі паесці. Паколькі ўсе спалі, Му-цзун раз’юшыўся і вырашыў забіць кухара, але адклаў справу да раніцы. Напалоханы кухар прачнуўся і, паклікаўшы на дапамогу шэсць іншых слуг, прабраўся ў імператарскі шацёр. Яны забілі Му-цзуна.

Зноскі

  1. а б в China Biographical Database
  2. 壽安王
  3. 敵烈
  4. 海思
  5. 肖古
  6. 蕭思溫

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]