Перайсці да зместу

Мікалай Аляксандравіч Даніловіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Аляксандравіч Даніловіч
Дата нараджэння 21 кастрычніка 1955(1955-10-21) (69 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера мовазнаўства
Месца працы
Навуковая ступень доктар філалагічных навук (2004)
Навуковае званне
Альма-матар

Даніловіч Мікалай Аляксандравіч (21 кастрычніка 1955 года, в. Бабіна, Гродзенскі раён) — доктар філалагічных навук (2004), прафесар кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Бабіна Гродзенскага раёна. Бацька і маці працавалі ў калгасе, а пазней бацька служыў лесніком у мясцовым лясніцтве. Пайшоў Даніловіч Мікалай у школу ў 1963 годзе. Васьмігадовая школа знаходзілася ў суседняй вёсцы Новая Руда.[1]

На долю бацькоў выпаў гаротны жыццёвы лёс. Бацька адпакутаваў сем гадоў нямецкага канцлагера (ад 1939 да 1945), усю сям’ю маці за сувязь з партызанамі ў 1943 годзе знішчылі немцы, а яе як непаўнагадовую пакінулі жыць, але вывезлі працаваць на баўэра ў Германію, адкуль вярнулася ў 1945 годзе і не застала «ні хаты, ні лапаты» — ўсё было знішчана нямецкімі карнікамі. Пасля вайны бацькі пачыналі з нуля: будавалі хату, заводзілі гаспадарку. Нарадзілі чатырох дзяцей. Мікалай быў самы малодшы з іх. Каб пракарміцца і неяк больш-менш прыстойна жыць, бацькі працавалі ад цямна да цямна, зараблялі працадні ў калгасе і глядзелі ўласную дапаможную гаспадарку. Дзеці таксама не пакідаліся без працы: пасвілі жывёлу, касілі, палолі, аралі, капалі бульбу, збіралі грыбы і ягады на продаж, кармілі жыўнасць, якая мелася ў сваёй гаспадарцы: каня, кароў, свіней, курэй, гусей. На гульні і забавы не было часу.[2]

Навучыўся чытаць Даніловіч М. А. яшчэ да школы. Калі пайшоў у першы клас, па дарозе са школы амаль кожны дзень забягаў у сельскую бібліятэку, каб здаць учора ўзятыя і выбраць новыя кнігі. Стараўся чытаць пры любым зручным выпадку. З пятага класа пачаў пісаць вершы ў агульны для гэтага сшытак. Аднойчы рашыўся паслаць адзін са сваіх вершаў у саюзную газету «Пионерская правда», што выдавалася ў Маскве. Праз колькі часу прыйшоў адказ, у якім рэдакцыя педагагічна тактоўна, узважана раіла больш чытаць класікаў літаратуры, назіраць, як яны абыходзяцца са словам, вучыцца пісаць у іх. Але жаданне апублікавацца пасля гэтага не прайшло. Таксама пісаў і празаічныя замалёўкі пра прыроду, пра цікавыя назіранні за дзікімі жывёламі, птушкамі. Адну з такіх замалёвак пад назвай «Лягушки-воровки» паслаў у «Гродзенскую праўду», дзе яна і была надрукавана. Пачынаў пісаць на рускай мове, хоць вучыўся ў беларускай школе. Але, здаецца, у сёмым класе, быў неверагодна ўражаны, калі адкрыў для сябе паэму «Новая зямля» Якуба Коласа. Пасля гэтага адчуў, зразумеў прыгажосць роднага слова і пачаў спрабаваць пісаць па-беларуску.[3]

У 1973 годзе паступіў у Гродзенскім педінстытут на спецыяльнасць «настаўнік беларускай мовы і літаратуры». Вершы пісаць перастаў. Захапіўся журналістыкай і фотажурналістыкай. Дасылаў у газеты карэспандэнцыі пра сваіх землякоў, пра студэнцкае жыццё, пра знакамітых людзей Гродна. Матэрыялы друкаваліся ў «Чырвонай змене», «Настаўніцкай газеце», «Гродзенскай праўдзе», «Сельской нови» і інш. Скончыў двухгадовы вячэрні Універсітэт грамадскіх карэспандэнтаў пры газеце «Гродзенская праўда», атрымаў пасведчанне грамадскага карэспандэнта.[4]

Пасля сканчэння інстытута, Мікалая размеркавалі на працу ў школе. Паколькі па рэйтынгавых паказчыках ён значыўся адным з першых у спісе, камісія па размеркаванні прапанавала найбольш прэстыжнае месца працы — у Гродна. Але горад яго не прывабліваў, хацелася ў натуральную беларускамоўную стыхію — вёску. І тады ён адмоўвіўся ад горада. Трошкі здзіўленая камісія дала права выбару любога з прапанаваных раёнаў. І Мікалай выбраў Гарадзенскі раён. Раённы аддзел адукацыі вызначыў Цідовіцкую сярэднюю школу. Праца з вучнямі яму падабалася. Імкнуўся, каб дзеці не цураліся мовы, на якой размаўляюць іх бацькі, каб адчулі роднасць, прыгажосць і багацце беларускага слова. Пяць яго вучняў закончылі Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «беларуская філалогія». Праз год працы ў школе атрымаў пісьмо ад дэкана філалагічнага факультэта Лаўрынайціс Елізаветы Іосіфаўны, у якім было сказана, што Гарадзенскі педінстытут стаў універсітэтам, і ў сувязі з гэтым будуць адкрывацца аспірантуры, у тым ліку і па беларускай мове. На прапанову запісацца завочна спашукальнікам, каб здаць кандыдацкія мінімумы і затым паступіць у аспірантуру, Даніловіч М. А. з задавальненнем адгукнуўся. Такім чынам, у школе працаваў два гады і ў 1979 годзе стаў аспірантам.[5]

Абарона кандыдацкай дысертацыі праходзіла ў 1984 годзе ў БДУ. Дысертацыю падрыхтаваў за чатыры месяцы да сканчэння аспірантуры. Кіраўніком савета па абароне быў Л. М. Шакун, сакратаром — П. П. Шуба, апанентамі — А. Я. Міхневіч і Г. М. Малажай. Абараніў паспяхова, і праз чатыры месяцы ВАК СССР у Маскве зацвердзіў дыплом кандыдата навук.[6]

Працаўладкаваць як мэтавіка абавязана была кафедра беларускай мовы ГрДУ. Аднак стаўкі на кафедры не было, і часова аформілі лабарантам. Праз два месяцы пайшла на пенсію Шакурава Галіна Пятроўна, і яго ўзялі замест яе асістэнтам. [7]

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў — лексікалогія і фразеалогія беларускай мовы, супастаўляльная фразеалогія, беларуская дыялекталогія, методыка выкладання мовы, лінгвістычнае краязнаўства.

Апублікаваў больш за 220 навуковых прац (у іх ліку 3 манаграфіі, 10 навучальных дапаможнікаў, 2 слоўнікі). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1992, 2005), медалём ГрДУ імя Янкі Купалы «За заслугі»[8].

Сваёй першай сур’ёзнай кнігай Даніловіч лічыць манаграфію «Граматычная характарыстыка фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы», выдадзеную ў выдавецтве «Навука і тэхніка» ў 1991 годзе. У гэтым жа годзе ў выдавецтве «Народная асвета» была апублікавана кніга для настаўнікаў «Вывучэнне фразеалогіі на ўроках мовы»[9].

Яшчэ з аспіранцкіх гадоў пачаў запісваць матэрыялы дыялектнай мовы, якая заўсёды выклікала да сябе пашану. Запісваў і звязнае маўленне, і малыя формы фальклору, і фразеалагізмы. Асаблівым захапленнем стала «паляванне» на фразеалагізмы. Іх збіраў пастаянна, дзе толькі можна: і на дыялекталагічных практыках, якімі кіраваў штолета ў розных раёнах Гарадзеншчыны, і ў экспедыцыях, якія арганізоўваў сам сабе ў выхадныя дні, і шляхам выпадковага падслухоўвання размовы людзей. Так быў створаны і апублікаваны ў 2000 годзе «Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны». Ён з’яўляецца дыферэнцыйным, змяшчае больш за дзве тысячы фразеалагізмаў рэгіянальнага характару, якія не фігуравалі ў літаратурных слоўніках[9].

У гэтым жа годзе была выдадзена кніга ў суаўтарстве з Н. К. Памецькай і І. В. Піваварчык «Беларускае вяселле». Задума кнігі ўзнікла, калі ў калекцыі Даніловіча была назапашана вялікая колькасць народных вясельных зычэнняў, такія зычэнні некалі былі абавязковым атрыбутам вяселля пры «дарэнні маладых». Яны настолькі арыгінальныя, прасякнутыя гумарам, забаўляльнай акрасай, што не пакідаюць абыякавым любога чалавека[9].

Адметная і гісторыя стварэння «Слоўніка рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны» (1999). Сектар дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства АН БССР распрацоўваў праекты недыферэнцыйных адносна поўных слоўнікаў асобных рэгіёнаў. Ішла праца над «Слоўнікам беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», «Тураўскім слоўнікам». Пры сустрэчы ў Мінску загадчык сектара і вучоны сакратар Інстытута П. А. Міхайлаў выказаў прапанову, каб кафедра беларускай мовы ГрДУ ўзялася распрацоўваць тэму «Слоўнік гаворак Навагрудчыны». Неабходнасць такога слоўніка ён матываваў тым, што Навагрудчына — гэта вельмі важны гістарычны рэгіён, што горад Навагрудак ужо згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе, што ён быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, што гэтая зямля была калыскай беларускай мовы. І для гісторыі мовы, і для сучаснага мовазнаўства меў бы вялікую каштоўнасць запісаны лексічны фонд гэтага арэалу. М. А. Даніловіч перадаў прапанову П. А. Міхайлава на кафедру, і ў хуткім часе тэма была зацверджана, праца пачалася ў 1983 годзе. Кожнае лета на працягу дзесяці гадоў М. А. Даніловіч і яго калегі вазілі студэнтаў на дыялекталагічную практыку ў Навагрудскі раён. Была сабрана вялікая картатэка. Можна было прыступаць да складання першага тома адносна поўнага слоўніка, але насталі неспрыяльныя часы. Пасля развалу СССР у краіне адбыўся фінансавы крах. Выдаць шматтомны слоўнік пры адсутнасці фінансавання нерэальна. І было прынята рашэнне напачатку стварыць дыферэнцыйны слоўнік на базе картатэкі Навагрудчыны і матэрыялаў з усіх раёнаў Гарадзенскай вобласці. Слоўнік атрымаўся арыгінальны, двойчы дыферэнцыйны, таму што для яго адбіралі лексічны неруш — толькі тыя словы, якіх няма ні ў літаратурных, ні ў дыялектных слоўніках. У рэспубліканскім навуковым друку ён атрымаў высокую ацэнку[9].

У 2003 годзе апублікавана манаграфія «Беларуская дыялектная фразеалогія і яе лексічная аснова». На базе яе падрыхтавана дысертацыя «Беларуская дыялектная фразеалогія: тыпалогія, лексічны склад», абарона якой адбылася ў 2004 годзе. Апанентамі па дысертацыі выступілі І. Я. Лепешаў, У. І. Коваль, М. Р. Прыгодзіч[9].

Некалькі дзесяцігоддзяў, акрамя фразеалагізмаў, імкнуўся запісаць і розныя іншыя моўныя факты, асабліва тыя, што маюць рэгіянальную адметнасць. Найлепшыя з прыкладаў звязнага маўлення ўвайшлі ў хрэстаматыю «Дыялектная мова Гродзеншчыны» (2007). Ладную калекцыю рэгіянальных фанетычных, марфалагічных і іншых запісаў апублікаваў разам у асобным выданні. Так узнікла задума кнігі «Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны», якая выйшла ў свет у 2008 годзе[9].

Каб мовай Гарадзеншчыны, гэтай унікальнай з’явай, якая фарміравалася працай трох народаў (беларускага, польскага і літоўскага), займалася больш людзей, і навукоўцаў, і краязнаўцаў, М. А. Даніловіч арганізаваў выданне штогодніка «Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны»[9].

Для магістрантаў і аспірантаў, якія выбралі сабе тэму даследавання па супастаўляльнай фразеалогіі, падрыхтаваў у суаўтарстве дапаможнік «Праблемы супастаўляльнай фразеалогіі» (2013).

У 2020 годзе быў апублікаваны «Фразеалагічны слоўнік гаворак Гродзеншчыны»[9].

  • Граматычная характарыстыка фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы: манагр. Мн., 1991;
  • Вывучэнне фразеалогіі на ўроках мовы: дапам. Мн., 1991;
  • Беларуская дыялекталогія: практыкум. Гродна, 1995;
  • Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны / пад рэд. М. А. Даніловіча, П. У. Сцяцко. Гродна, 1999; [1]
  • Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. Гродна, 2000;
  • Дыялектныя фанетычныя асаблівасці фразеалагізмаў. Мінск, 2001; [2]
  • Фразеалагічны слоўнік гаворак Гродзеншчыны. 2002;[3]
  • Да вызначэння ўласнафразеалагічных дыялектызмаў. 2002;
  • Беларуская дыялектная фразеалогія і яе лексічная аснова: манагр. Гродна, 2003;
  • Агульнародныя словы ў структуры дыялектных фразеалагізмаў. 2003;
  • Вывучэнне і сістэматызацыя навуковых крыніц беларускай дыялектнай фразеалогіі. Гродна, 2003; [4]
  • Аказіянальныя кампаненты ў структуры дыялектных фразеалагізмаў. 2004;
  • Беларуская дыялектная фразеалогія: тыпалогія, лексічны склад. 2004; [5]
  • Збіранне лексікі і фразеалогіі ў пазаўрочны час. 2006;[6]
  • Дыялектныя фразеалагізмы ў мове твораў Янкі Купалы. Гродна, 2007;[7]
  • Дыялектная мова Гродзеншчыны: хрэстам. Гродна, 2007 (у суаўт.);
  • Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны: дапам. Гродна, 2008;[8]
  • Адлюстраванне фактаў гісторыі ў беларускай дыялектнай фразеалогіі. 2009;
  • Бінарныя фразеалагічныя спалучэнні ў беларускіх гаворках. 2010;
  • Асноўныя кірункі супастаўляльна-тыпалагічнага вывучэння фразеалогіі. 2011;
  • Выкарыстанне польскамоўных сродкаў у фразеалогіі гаворак Гродзеншчыны. 2012;
  • Дыялектная фразеалогія ў творах Янкі Купалы. Гродна, 2012;
  • З фразеалогіі гаворак Гродзеншчыны. Мінск, 2012;[9]
  • Аспекты супастаўляльнага вывучэння фразеалігічных сістэм. 2013;
  • Влияние контактных языков на фразеологию говоров Гродненщины. 2013;
  • Слова і фразеалагізм у беларускай мове. Гродна, 2015;[10]
  • Адфразеалагічнае словаўтварэнне ў беларускіх гаворках. Гродна, 2017;[11]
  • Фразеалагічны слоўнік гаворак Гродзеншчыны. Гродна, 2020;[12]
  • Вобраз жанчыны ў беларускай дыялектнай фразеалогіі. 2021.

Зноскі