Мікалай Рыгоравіч Гартынскі
Мікалай Рыгоравіч Гартынскі | |
---|---|
Род дзейнасці | перакладчык, выдавец |
Дата нараджэння | 7 (18) снежня 1799 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 (15) лютага 1887 (87 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Альма-матар |
Мікалай Рыгоравіч Гартынскі (7 снежня 1799, Магілёў — 1887, Магілёў; Крыптанімы: Н. Г.) — археограф.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў з магілёўскай шляхты. Бацька — Рыгор Іванавіч Гартынскі, кіраўнік Магілёўскай губернскай канцылярыі, затым магілёўскі гарадскі галава.
Вучыўся ў лацінскай школе, скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, затым атрымаў юрыдычную адукацыю ва ўніверсітэце. Служыў перакладчыкам магілёўскага магістрацкага суда. Агулам адслужыў у судовым ведамстве 42 гады, у т.л. перакладчыкам Магілёўскай крымінальнай палаты ў чыне стацкага саветніка.
Пасля публікацыі першай часткі зборніка «Белорусский архив древних грамот» (Масква, 1824), М. Р. Гартынскага прыцягнулі да пошукаў матэрыялаў для наступных частак. Лютым 1825 года накіраваны ў Мсціслаў для апісання дакументаў мсціслаўскіх архіваў, за некалькі месяцаў апрацаваў 80 дакументаў XVII—XVIII стагоддзяў, затым стаў праглядаць бібліятэкі і архівы мсціслаўскіх касцёлаў і цэркваў, кляштароў. Аглядзеў нумізматычныя калекцыі, сабраныя каля Полацка і Оршы, і купіў іх для Румянцаўскага музея. У гэты ж перыяд зрабіў копіі 45 грамат з магілёўскага гарадскога магістрата. Арыгіналы грамат, напісаныя на пергаміне і з пячаткамі, ахоплівалі перыяд 1561—1661 гадоў, зніклі з магістрата да 1857 года.
У 1838 або 1839 годзе на свае сродкі пабудаваў Дом калек пры Магілёўскім Мікалаеўскім прытулку.
У 1887 годзе ў Маскве выдадзены ўрыўкі «Хронікі Магілёва», выбраныя і перакладзеныя на рускую мову М. Гартынскім, напэўна, ён не бачыў арыгіналу і працаваў з копіяй, зробленай спецыяльна для яго ў 1822 годзе. Арыгінал хронікі да 1872 года захоўваўся ў сям’і Трубніцкіх, затым трапіў у Імператарскую публічную бібліятэку (Санкт-Пецябург) і лічыўся страчаным, пакуль у 1968 годзе не быў знойдзены ў фондах бібліятэкі (тым часам імя Салтыкова-Шчадрына) І. Філіповічам.
Таксама М. Р. Гартынскі выдаў кнігу «О евреях», якая мела вялікае значэнне ў абмеркаванні стану яўрэяў Расійскай імперыі.

Пахаваны ў Магілёве на Успенскіх могілках па вуліцы Леванеўскага, дзе захаваліся 11 пахаванняў сям’і Гартынскіх з 1769 года.
У 1918 годзе Гартынскія з’ехалі за мяжу. У 1990 годзе ў Магілёў прыязджаў з Францыі прапраўнук М. Гартынскага.
Да пачатку XXI ст. па вуліцы Вароўскага ў Магілёве захаваліся некалькі дамоў, якія належалі сям’і Гартынскіх.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалай Рыгоравіч Гартынскі — гісторык і археограф / Яцкевіч З. Л. // Шляхі Магілёўскай гісторыі. ― Магілёў, 2005. — С. 159—164.
- Николай Григорьевич Гортынский // Міфы і праўда аб Магілёве / І. І. Філіповіч. — Магілёў, 1993. — С. 7—8.
- Пушкін І. Магілёўскі летапісец // Магілёўскія ведамасці. — 1999. — 25 лістап. — С. 5.
- Родословное древо Гортынских. Могилёв 27 января 1831 года // Из глубины веков. 1500—2001 / Т. В. Пищикова. — Калуга, 2001. — С. 209—232.