Мінскае таварыства ўрачоў
Мінскае таварыства ўрачоў | |
---|---|
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | |
Тып арганізацыі | асацыяцыя[d] |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1862 |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | 1933 |
Таварыства мінскіх урачоў было створана ў 1862 годзе па ініцыятыве інспектара Мінскай урачэбнай управы Д. В. Спасовіча з мэтай вывучэння санітарнага стану Мінскай губерні, барацьбы з эпідэміямі, арганізацыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, а таксама санітарнай асветы. На першае пасяджэнне таварыства сабралася 12 урачоў, 4 фармацэўты, 1 ветэрынарны ўрач і 1 кандыдат прыродазнаўства. У сувязі з падзеямі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў дзейнасць таварыства была прыпынена.
У 1867 годзе, дзякуючы высілкам інспектара Мінскай урачэбнай управы М. К. Берга, таварыства аднавіла сваю працу. Яго першае пасяджэнне адбылося 7 верасня 1867 г. На пасяджэннях таварыства яго члены выступалі з паведамленнямі, рэфератамі і артыкуламі па розных пытаннях медыцыны, разглядалі цікавыя з навуковага пункта гледжання выпадкі і назіранні з бальнічнай і прыватнай практыкі, абмяркоўвалі характар захворванняў і ўспышкі эпідэмій у Мінску і губерні.
У 1867 годзе таварыствам была заснавана медыцынская бібліятэка, а ў 1869 годзе ў г. Ігумене была адкрыта метэаралагічная станцыя. Членамі таварыства было праведзена абследаванне і падрыхтавана медыка-тапаграфічнае і санітарна-статыстычнае апісанне гарадоў і мястэчкаў Мінскай губерні, увесь час вяліся лабараторныя санітарна-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання. Былі створаны санітарна-бактэрыялагічная лабараторыя і дэзінфекцыйная камера.
Таварыства ўвесь час імкнулася аказваць пасільную дапамогу найбяднейшым слаям насельніцтва г. Мінска. У 1879 годзе была адкрыта бясплатная лячэбніца для прыходных бедных хворых, а ў 1898 годзе гарадская бальніца санітарнага камітэта. Роўна праз год была створана гарадская амбулаторыя.
У 1912 годзе была заснавана дача-калонія для хворых на сухотамі. Таварыства мінскіх урачоў актыўна ўдзельнічала ў стварэнні ў г. Мінску гарадскіх бібліятэк — імя А. С. Пушкіна (1900 г.), імя Л. М. Талстога (1911 г.), чыгуначнай бібліятэкі (1902 г.).
У 1908, 1911, 1914 гадах былі арганізаваны і праведзены 3 з’езды ўрачоў Мінскай губерні. Таварыства мінскіх урачоў рэгулярна выдавала свае пратаколы, а ў 1892 годзе пачалі выходзіць «Труды Общества минских врачей». У 1910 годзе быў заснаваны спецыяльны штомесячны часопіс «Минские врачебные известия», які праіснаваў да 1915 года.
У 1919 годзе Таварыства мінскіх урачоў было вымушана спыніць сваю дзейнасць, але ў 1921 годзе яно было адноўлена як «Навуковае таварыства Мінскіх урачоў». У 1929 годзе таварыства ператворана ў навуковую асацыяцыю, якая ў сваю чаргу ў 1933 годзе падзялілася на профільныя медыцынскія таварыствы.
У 1940 годзе было створана Усебеларускае медыцынскае таварыства, якое праіснавала да 1941 года. У 1944 годзе быў створаны шэраг спецыялізаваных медыцынскіх таварыстваў, большасць з якіх існуе дагэтуль.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Малчанаў А. П. Мі́нскае тавары́ства ўрачо́ў, Таварыства мінскіх ўрачоў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 417. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Тавары́ства мі́нскіх ўрачо́ў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 373. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Молчанов А. П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии.// Научные медицинские общества БССР. Мн., 1981;
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 640–641. — 714 с.: іл. — ISBN 985-6302-46-3.