Перайсці да зместу

Данііл Восіпавіч Спасовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Данііл Восіпавіч Спасовіч
польск.: Daniel Spasowicz
Дата нараджэння 1797
Месца нараджэння
Дата смерці 18 (30) снежня 1882
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Уладзімір Данілавіч Спасовіч
Род дзейнасці урач, медыцынскі адміністратар
Навуковая ступень доктар медыцыны[d]
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені ордэн Святой Ганны 2 ступені ордэн Святога Станіслава 2 ступені
Медаль «У памяць вайны 1853—1856»

Данііл Восіпавіч Спасовіч, таксама Даніэль Спасовіч (руск.: Даниил Осипович Спасович, польск.: Daniel Spasowicz; 1797, Мазыр, Мінская губерня18 (30) снежня 1882, Лемешыўка, Падольская губерня) — беларускі медык, арганізатар аховы здароўя. Кандыдат філасофіі, доктар медыцыны і хірургіі[1].

Дзяцінства і адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1797 годзе ў сям’і дыякана адной з уніяцкіх цэркваў Мінска, звестак пра маці не захавалася[2]. Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду герба «Ястрабец»[1]. Паступіў на факультэт фізіка-матэматычных навук Віленскага ўніверсітэта на казённы кошт, скончыў яго кандыдатам філасофіі 29 чэрвеня 1819 года[3]. Пасля гэтага Д. Спасовіч паступіў на медыцынскі факультэт таго ж універсітэта і скончыў яго лекарам 1-га аддзялення ў 1823 годзе[3]. У тым жа годзе, 29 чэрвеня, ён абараніў дысертацыю і атрымаў ступень доктара медыцыны[4].

Прафесійная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

У 1824 годзе прызначаны павятовым урачом Рэчыцкага павета Мінскай губерні, дзе праслужыў сем гадоў і ў гэты час атрымаў у 1828 годзе ад Віленскага ўніверсітэта званне доктара хірургіі[3][4].

Пад яго кіраўніцтвам ужо ў 1825 годзе Рэчыца мела бальніцу, разлічаную на 25 коек, якая была буйнейшай у ва ўсёй Мінскай губерні[5].

4 сакавіка 1828 года ён прызваны годным звання фізіката або інспектара ўрачэбнай управы[3]. Выдатная праца ў Рэчыцы і здадзеныя экзамены прывяла да даравання залатой табакеркай ад Манарха, а крыху пазней і да павышэння па службе.

У 1831 годзе прызначаны акушэрам мінскай урачэбнай управы. Праз год заняў там жа пасаду інспектара, а з 1836 года складаўся яшчэ ўрачом Мінскага праваслаўнага духоўнага вучылішча[4].

Падчас трэцяй пандэміі халеры «за асаблівыя працы, аказаныя падчас бушавання ў 1848 годзе халеры» пасля быў уганараваны ордэнам Св. Ганны 2-й ступені.

У дадатак да інспектарскіх абавязкаў Д. Спасовіч удзельнічаў таксама ў рабоце Мінскага губернскага турэмнага камітэта — па сваёй пасадзе ён аўтаматычна прызначаўся дырэктарам т. зв. 5-га аддзялення гэтага камітэта, якое займалася санітарнымі і медыцынскімі праблемамі месцаў зняволення. З 1844 года ён выконваў абавязкі дырэктара Мінскага дзіцячага прытулку[3].

Непасрэднай медыцынскай практыкай займаўся ў бальніцы Мінскага духоўнага праваслаўнага вучылішча, а з 1840 года стаў штатным урачом Мінскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, а яшчэ праз пяць гадоў пачаў выкладаць семінарыстам курс медыцыны. Таксама працаваў у Троіцкай бальніцы  (руск.) Мінска[3].

У адстаўку выйшаў у 1864 годзе. Пасля гэтага працягваў жыць у Мінску, але пасля смерці дачкі Леанціны ад халеры, яны з жонкай пераехалі да дачкі Аляксандры ў Махноўку, якая знаходзілася на рацэ Гнілапяць  (руск.) бліз мяжы Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губерняў[6]. Праз некалькі гадоў яны пераехалі ў Лэмэшыўку, дзе купіў маёнтак іх сын Уладзімір. Тэафіля Спасовіч памерла 17 верасня 1881 года ва ўзросце 79 гадоў, праз год і месяц, 30 кастрычніка 1882 года[7], не стала і самога Данііла Спасовіча. З некралога бачна, што медыцынскую практыку ён не спыняў да апошніх дзён.

Навуковая і літаратурная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

За навуковую дзейнасць Д. Спасовіча ў 1839 годзе Віленскае таварыства ўрачоў прыняло яго ў свой склад у якасці член-карэспандэнта[3]. Надрукаваўшы ў 1851 годзе ў «Medicinische Zeitung Russland’s» (№ 193) свой першы артыкул «Lienitis carbunculosa et carbun culus Sibiricus» («Ліеніт і сібірская язва»), потым, на працягу многіх гадоў, быў сталым супрацоўнікам гэтага выдання[4].

Асобныя творы

[правіць | правіць зыходнік]
  • «De labroraphia». Diss. inaug. Vilnae, typ. Dioecesanis. 1823. 8° 27. Гл. Józef Bieliński. Cesarskie Towarzystwo Lekarskie Wileńskie, jego prace i wydawnictwa (1805—1864). Warszawa, 1890. S. 335.

Грамадская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Па ініцыятыве Данііла Спасовіча 23 снежня 1862 года было заснавана Таварыства мінскіх урачоў. Яно праіснавала ўсяго год, але стварыла прэцэдэнт. Пасля паўторнага адкрыцця таварыства ў 1867 годзе Спасовіч, які ўжо быў у адстаўцы, передаў яму свой збор кніг па медыцыне[8].

Падчас працы ў Рэчыцы ажаніўся з немкай Феафілай (Тэафілай) Міхайлаўнай Крэйц (1802-81), дачкой Міхаіла Крэйца (Michał Wincenty Kreutz) і Цэцыліі Крэйц, народжанай Аскерка (Cecylia Oskierka). Яго жонка атрымала добрую адукацыю, ведала мовы і «належала да вяршкоў грамадства Міншчыны»[9].

16 студзеня 1829 года ў сям’і нарадзіўся першынец Уладзімір[3].

Паводле фармулярнага спісу, складзенага ў 1859 годзе, і польскага генеалагічнага сайта «Wielka Genealogia Minakowskiego» можна пералічыць наступных іх дзяцей[3]:

  • Уладзімір (16 студзеня 1829 — 26 кастрычніка 1906) — вядомы беларуска-расійска-польскі юрыст, грамадcкі дзеяч, публіцыст, крытык[3]
  • Міхаіл (29 верасня 1834 — 18 верасня 1835)
  • Кіпрыян (25 ліпеня 1836—1917) — пасля атрымання ваеннай адукацыі служыў па паштовым ведамстве[6], быў жанаты з Наталляй Набароўскай (1850—1922)
  • Аляксандра (17 ліпеня 1837 — не раней за 1909) — жонка адстаўнога маёра Браніслава Гаўсфорта (1819—1903)
  • Леанціна (28 чэрвеня 1842 — 4 жніўня 1867)
  • Адэлаіда (? — 1848)
  • Яўгенія (? — 1833)
  • Яўгенія (? — 1847)
  • Зоф’я (? — 1847)

Сям’я з 1854 года валодала невялікім маёнткам Сціклева непадалёку ад Мінска, фальварак не захаваўся[3].

  1. а б Спасович, Даниил Осипович (1797—1882) (руск.)
  2. Maciej Jankowski. Być liberałem w czasie trudnym: rzecz o Włodzimierzu Spasowiczu. Ibidem, 1996. S.13
  3. а б в г д е ё ж з і к Вадим Зеленков. Род Спасовичей в Минске // «Асоба і час». Беларускі біяграфічны альманах. — Выпуск 5. — Мінск: «Лімарыус». — 2013. — С. 328—344.
  4. а б в г Спасович, Даниил Осипович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  5. ЗДРАВООХРАНЕНИЕ РЕЧИЦКОГО РАЙОНА (руск.)
  6. а б Janina Kulczycka-Saloni. Wlodzimierz Spasowicz: zarys monograficzny. Warszawa, Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1975. S.12.
  7. Dziennik Poznański nr 267, 1882.
  8. Отчет о действиях Общества минских врачей за первый год существования, составленный президентом общества доктором Н. К. Бергом. Минск, 1868. С. 3.
  9. Janina Kulczycka-Saloni. Na polskich i europejskich szlakach literackich: z pism rozproszonych 1985—1998. Wydział Polonistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2000. S. 452.