Мінскае таварыства ўрачоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінскае таварыства ўрачоў
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі асацыяцыя[d]
Заснаванне
Дата заснавання 1862
Ліквідацыя
Дата скасавання 1933

Таварыства мінскіх урачоў было створана ў 1862 годзе па ініцыятыве інспектара Мінскай урачэбнай управы Д. В. Спасовіча з мэтай вывучэння санітарнага стану Мінскай губерні, барацьбы з эпідэміямі, арганізацыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, а таксама санітарнай асветы. На першае пасяджэнне таварыства сабралася 12 урачоў, 4 фармацэўты, 1 ветэрынарны ўрач і 1 кандыдат прыродазнаўства. У сувязі з падзеямі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў дзейнасць таварыства была прыпынена.

У 1867 годзе, дзякуючы высілкам інспектара Мінскай урачэбнай управы М. К. Берга, таварыства аднавіла сваю працу. Яго першае пасяджэнне адбылося 7 верасня 1867 г. На пасяджэннях таварыства яго члены выступалі з паведамленнямі, рэфератамі і артыкуламі па розных пытаннях медыцыны, разглядалі цікавыя з навуковага пункта гледжання выпадкі і назіранні з бальнічнай і прыватнай практыкі, абмяркоўвалі характар захворванняў і ўспышкі эпідэмій у Мінску і губерні.

У 1867 годзе таварыствам была заснавана медыцынская бібліятэка, а ў 1869 годзе ў г. Ігумене была адкрыта метэаралагічная станцыя. Членамі таварыства было праведзена абследаванне і падрыхтавана медыка-тапаграфічнае і санітарна-статыстычнае апісанне гарадоў і мястэчкаў Мінскай губерні, увесь час вяліся лабараторныя санітарна-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання. Былі створаны санітарна-бактэрыялагічная лабараторыя і дэзінфекцыйная камера.

Таварыства ўвесь час імкнулася аказваць пасільную дапамогу найбяднейшым слаям насельніцтва г. Мінска. У 1879 годзе была адкрыта бясплатная лячэбніца для прыходных бедных хворых, а ў 1898 годзе гарадская бальніца санітарнага камітэта. Роўна праз год была створана гарадская амбулаторыя.

У 1912 годзе была заснавана дача-калонія для хворых на сухотамі. Таварыства мінскіх урачоў актыўна ўдзельнічала ў стварэнні ў г. Мінску гарадскіх бібліятэк — імя А. С. Пушкіна (1900 г.), імя Л. М. Талстога (1911 г.), чыгуначнай бібліятэкі (1902 г.).

3-і з’езд урачоў Мінскай губерні. 1 верасня 1914. З газеты «Минские врачебные известия» (№ 1, 1914 г.).

У 1908, 1911, 1914 гадах былі арганізаваны і праведзены 3 з’езды ўрачоў Мінскай губерні. Таварыства мінскіх урачоў рэгулярна выдавала свае пратаколы, а ў 1892 годзе пачалі выходзіць «Труды Общества минских врачей». У 1910 годзе быў заснаваны спецыяльны штомесячны часопіс «Минские врачебные известия», які праіснаваў да 1915 года.

У 1919 годзе Таварыства мінскіх урачоў было вымушана спыніць сваю дзейнасць, але ў 1921 годзе яно было адноўлена як «Навуковае таварыства Мінскіх урачоў». У 1929 годзе таварыства ператворана ў навуковую асацыяцыю, якая ў сваю чаргу ў 1933 годзе падзялілася на профільныя медыцынскія таварыствы.

У 1940 годзе было створана Усебеларускае медыцынскае таварыства, якое праіснавала да 1941 года. У 1944 годзе быў створаны шэраг спецыялізаваных медыцынскіх таварыстваў, большасць з якіх існуе дагэтуль.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]