Мінская балотная доследная станцыя
Мінская балотная доследная станцыя — першая навуковая ўстанова на Беларусі. Была заснавана паводле рашэння Мінскага земства 21 жніўня 1911 года. Першым дырэктарам быў А. Ф. Флёраў. Доследная гаспадарка станцыі знаходзілася ля прыпынку Лахва Палескай чыгункі.
Доследы вяліся на 7,5 дзесяцінах балотнай глебы. Вывучаліся пытанні земляробства, раслінаводства, лугаводства, меліярацыі, глебазнаўства, аграхіміі і агратэхнікі. У 1912—1917 гадах выдаваўся адмысловы навуковы часопіс «Болотоведение» (бел.: «Балотазнаўства») (з 1915 года выходзіў у Маскве), які друкаваў справаздачы пра дзейнасць станцыі, навуковыя артыкулы, прысвечаныя распрацоўцы і гаспадарчаму выкарыстанню балотаў, тарфянікаў, паведамленні пра новыя машыны па асушэнні забалочаных глебаў і здабычы торфу, агляды айчыннай і замежнай літаратуры па балотнай справе.
У 1912 годзе станцыя прыняла ўдзел у юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужнай выставе, арганізаванай Смаленскім таварыствам сельскай гаспадаркі. У навуковым аддзеле экспанаваліся фотаздымкі балотаў, узоры балотных глеб і расліннасці, чорнага (моранага) дуба, у навукова-прыкладным — фотаздымкі даследчай балотнай гаспадаркі ў Лахве, узоры культур, вырашчаных на даследчых дзялянках, адмысловыя прылады працы, балотныя чаравікі для коней. Тады ж супрацоўнікі станцыі ўдзельнічалі ў нарадзе па кармавых раслінах, лугаводству і асушэнні балотаў Беларусі.
У 1913 годзе Мінская балотная станцыя ператварылася ў раённую. Пад яе дзейнасць падпалі Мінская, Валынская, Гродзенская, Чарнігаўская і Магілёўская губерні.
У 1930 годзе на базе станцыі і аддзела асушэння і культуры балотаў Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай гаспадаркі арганізаваўся навукова-даследчы інстытут балотнай гаспадаркі. У 1950-х гг. дырэктар Мікалай Паўлавіч Калечыц.
Станцыя знаходзілася на рагу цяперашніх мінскіх вуліц Максіма Багдановіча і Сурганава[1].
Зноскі
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — С. 276—278.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.