Міравы суд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Знак міравога суддзі Расійскай імперыі

Міравы́ суд — найніжэйшае звяно судовай сістэмы ў шэрагу дзяржаў. Узнік у XIV стагоддзі ў Англіі. У Расійскай імперыі створаны паводле Судовых статутаў у выніку судовай рэформы 1864 года. Складаўся з участковых і ганаровых суддзяў, якія разглядалі дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы паводле 1-й інстанцыі, але не ўваходзілі ў штаты Міністэрства юстыцыі і не атрымлівалі жалавання, і з’ездаў павятовых міравых суддзяў — 2-я інстанцыя, якія разглядалі апеляцыйныя скаргі на пастановы міравых суддзяў. Выбіраліся павятовымі, земскімі сходамі ці гарадскімі думамі[1].

У беларускіх губернях Расійскай імперыі міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся ўрадам, бо да 1911 года на Беларусі не было земскіх сходаў. На Беларусі міравыя суды пачалі ўтварацца ў 1871 годзе, міравымі суддзямі маглі быць мужчыны не маладзейшыя за 25 гадоў, якія мелі не менш чым 100 дзесяцін зямлі і адпаведную адукацыю. Міравым судам былі падсудныя цывільныя справы пры цане іску да 500 рублёў і крымінальныя, паводле якіх прадугледжваўся арышт да трох месяцаў, грашовыя спагнанні да 300 рублёў, зняволенне ў работны дом да 1 года. У 1872—1874 гадах у Мінскай губерні было створана 36 участкаў міравых судоў, у Гродзенскай — 28, Віленскай — 27, Віцебскай і Магілёўскай — па 35. Паводле закона 1889 года міравыя суды падлягалі скасаванню. У Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях міравыя суды былі скасаваны паводле закона 1900 года, замест іх уводзіліся земскія начальнікі, у гарадах — гарадскія суды. Былі адноўлены законам 1912 года, на Беларусі — у 1914 годзе, з адтэрміноўкай на адзін год праз пачатак Першай сусветнай вайны[1].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б ЭГБ 1999, с. 205.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]