Земскі начальнік
Зе́мскі ўчастко́вы нача́льнік (руск.: земский участковый начальник) — адміністрацыйна-службовая асоба, чыноўнік Расійскай імперыі ў 1889—1917 гадах. Улада земскага ўчастковага начальніка распаўсюджвалася на яго ўчастак, які быў меншы за павет. Пасада выконвала функцыі адміністрацыйнай улады ў дачыненні да сялянства і іх супольнасцей (сельскіх грамад і воласці) і абмежаванай судовай улады ў дачыненні да ўсяго насельніцтва.
Земскі ўчастковы начальнік кантраляваў дзейнасць сельскага і валаснога кіравання, зацвярджаў службовых асоб і сялянскіх валасных суддзяў. Мог вырашаць скаргі на службовых асоб валаснога і сельскага кіравання (валасных старшын, пісараў, сельскіх старастаў). Меў права прыпыняць рашэнні сельскіх і валасных сходаў. Да земскіх участковых начальнікаў перайшлі функцыі міравых суддзяў, фармальны скасаваныя законам ад 15 чэрвеня 1912 года. Земскі ўчастковы начальнік мог накладваць на сялян, без права абскарджання, штрафы памерам да 6 рублёў, арыштоўваць іх на тэрмін да 3 дзён, а валасных і сельскіх службовых асоб — адпаведна да 5 рублёў і да 7 дзён. Другой інстанцыяй інстытута земскіх участковых начальнікаў быў павятовы з’езд земскіх участковых начальнікаў пад старшынствам павятовага маршалка дваранства[1].
Паводле закона ад 12 чэрвеня 1900 года інстытут земскіх начальнікаў быў уведзены ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях, у 1904 годзе — у Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях. Ва Усходняй і Цэнтральнай Беларусі земскі ўчастковы начальнік першапачаткова прызначаўся (пераважна з мясцовых патомных дваран) губернатарам і зацвярджаўся міністрам унутраных спраў. З 1904 года ён стаў тут прызначацца міністрам унутраных спраў, а ў Заходняй Беларусі — генерал-губернатарам. З увядзеннем інстытута земскіх павятовых начальнікаў саслоўныя правы беларускага сялянства былі яшчэ больш абмежаваны, адміністрацыйна-паліцэйскае свавольства і панскі прыгнёт узмацніліся[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вячаслаў Панюціч. Земскі ўчастковы начальнік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 445. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Крапівін В. С. Дзейнасць інстытута земскіх начальнікаў у Расійскай імперыі (1889–1913 гг.) // Сборник научных статей студентов, магистрантов, аспирантов. Вып. 12 : зборнік. — 2013. — ISSN 2224-0845.
- Ганна Страленя Увядзенне пасады земскіх начальнікаў на тэрыторыі Беларусі і іх дзейнасць // Беларускі гістарычны часопіс : часопіс. — 2017. — № 5. — С. 29—38.