Місаіл (Пструх)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Місаіл

Нараджэнне не пазней за 1420
Смерць 1480

Місаіл Пструх, свецкае імя невядома, таксама сустракаецца Пструг, Пястручы, Пяструцкі, Пструцкі (пачатак XV ст., Чарэя — пасля 1480) — вялікалітоўскі праваслаўны царкоўны дзеяч, епіскап смаленскі (да 1454—1480), нарачоны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі (1475—1480).

Сын баярына Івана Чарэйскага, які меў яшчэ чатырох сыноў і прынамсі адну дачку — «паноў Чарэйскіх»[1]. Да 1454 года Місаіл ужо быў епіскапам смаленскім. У 1454 годзе разам з братам Міхаілам Пстругам заснаваў Траецкі манастыр у Чарэі. У 1456 годзе вярнуў з Масквы ў Смаленск абраз Маці Божай Адзігітрыі Смаленскай, звезены ў 1404 годзе апошнім смаленскім суверэнам князем Юрыем Святаславічам.

Спачатку выступаў супраць прыхільніка царкоўнай уніі, свайго папярэдніка мітрапаліта Рыгора Балгарына, пазней сам падтрымаў ідэю ўніі. Каля 1475 года нарэчаны мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі, рэзідэнцыю трымаў у Наваградку. Не вядома як адбылося яго нарачэнне, напэўна, на саборы епіскапаў з удзелам вялікалітоўскай арыстакратыі.

Магчыма, мітрапаліт Місаіл быў ініцыятарам паслання Папе Сіксту як «сусветнаму папе» у 1476 годзе, падпісаў яго разам з архімандрытамі манастыроў Кіева-Пячэрскага — Іванам, і Віленскага Траецкага — Макарыем, а таксама 13 вялікалітоўскімі арыстакратамі, у пасланні выказвалася гатовасць прыняць унію, скарга на вялікалітоўскае і польскае каталіцкае духавенства, якое крыўдзіць «рускую царкву» і вінаваціць праваслаўных у ерасі, просьба ўраўняць праваслаўных з каталікамі, ухваленне Фларэнційскага сабора і філіокве. Папа не адказаў на пасленне.

Кіраваў Кіеўскай мітраполіяй з тытулам епіскапа смаленскага, канстанцінопальскі патрыях не ўхваляў яго сувязяў з Рымам і не пасвяціў у мітрапаліты, а яшчэ пры жыцці Місаіла пасвяціў у мітрапаліты кіеўскія Спірыдона (Сатану).

Апошні раз згадваецца ў 1480 годзе, напэўна, неўзабаве памёр.

Зноскі

  1. Маюцца на ўвазе 5 сыноў баярына Івана Чарэйскага, Місаіл — праваслаўны епіскап смаленскі, заснаваў у сваёй частцы Чарэйскага маёнтка, на возеры Галаўлі, манастыр у імя св. Троіцы, паводле тастамента Місаіла права апекі над манастыром атрымаў Багдан Сапега; Міхаіл Пструг — ахвяраваў у 1454 годзе на карысць Чарэйскага манастыра св. Троіцы землі каля азёр Галаўля і Чарэя; Дашка — яго сыны (Іван, Васіль, Алехна і Сенька) каля 1475 года ахвяравалі Чарэйскаму манастыру са складу Чарэйскага маёнтка ворыўную зямлю ва ўрочышчы Клубінічы. Адзін з сыноў Дашкі — Сенька Дашкавіч, меў сына Васька Сенькавіча (зг. да 1524); Сенька — меў дачку, жонку Фёдара Фёдаравіча Друцкага-Сакалінскага; Мікіта — меў сына Ждана і ўнука Льва Жданавіча (узг. 1602); дачка — жонка князя Андрэя Уладзіміравіча.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белы А. Місаіл // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. — Т.5. — Мн., 1999. — С. 210.
  • Гудзяк Б. Криза і реформа: Київська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейськоі унії: пер. з англ. — Львів, 2000.
  • Карташев А. В. Очерки по истории русской церкви. — Репринт. Париж, 1959. — М., 1991. — Т. 1. — С. 349—354.
  • Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Репринт. Буэнос-Айрес, 1966. — Мн., 1990. — С. 118—119.