Міхаіл Барысавіч
Міхаіл Барысавіч | |
---|---|
Нараджэнне |
1453 |
Смерць |
1505 |
Род | Рурыкавічы |
Бацька | Барыс Аляксандравіч[d] |
Маці | Анастасія[d] |
Жонка | Соф’я Сямёнаўна[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міхаі́л Бары́савіч (1453 або 1457, Цвер — не пазней за 1505) — апошні суверэнны вялікі князь цвярскі (1461—1485), пазней эмігрант у Вялікім Княстве Літоўскім.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Заняў велікакняжацкі сталец малалетнім па смерці бацькі, вялікага князя Барыса Аляксандравіча. Спрабаваў працягваць бацькаву палітыку захавання незалежнасці Цвяры з падтрымкай ВКЛ. Аднак кароль Казімір, нягледзячы на дамовы 1449 і 1484 гадоў, не аказаў дзейнай падтрымкі, што прычынілася да страты Цвер’ю незалежнасці.
У жніўні 1485 года вялікі князь маскоўскі Іван III, перакананы ў бяздзейнасці з боку ВКЛ, распачаў ваенныя дзеянні і аблажыў Цвер. Цвярское баярства здрадзіла вялікаму князю Міхаілу Барысавічу і ў большасці перайшло на бок Масквы. У ноч на 12 верасня 1485 года вялікі князь цвярскі ўцёк з абложанага горада ў ВКЛ. Такім чынам, апошняя традыцыйна саюзная ВКЛ дзяржава ва Усходняй Еўропе знікла, што неўзабаве дало магчымасць Маскве перайсці да наступальных дзеянняў непасрэдна супраць ВКЛ (вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 гадоў). У 1486 годзе вялікі князь Міхаіл Барысавіч з невялікім дапаможным вялікалітоўскім атрадам беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе сталец.
Апошнія 20 гадоў жыцця вялікі князь Міхаіл Барысавіч быў у ВКЛ, кампенсацыяй за страчаныя ўладанні атрымаў ад караля Казіміра значныя грашовыя сумы, а таксама маёнтак Пячыхвосты на Валыні і вялікую латыфундыю на поўдні Слонімскага павета (Ласасіная, Бялавічы, Гошчава і іншыя). Не адыгрываў заўважнай палітычнай ролі.
Першы шлюб (1470—1483) узяў з Соф’яй, дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча. Другі шлюб, паводле няпэўных звестак, з дачкой кагосьці з Радзівілаў. Застаўся, аднак, бяздзетным. Пасля смерці вялікага князя Міхаіла Барысавіча яго ўладанні ў ВКЛ перайшлі князю Васілю Глінскаму[1].
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца партрэт Міхаіла Барысавіча, які паходзіць з Нясвіжскай галерэі Радзівілаў. Ёсць думка, што такая атрыбуцыя хутчэй легендарная, бо партрэтаваны нагадвае магнатаў пачатку XVII ст.[2]
Зноскі
- ↑ Белы 2005, с. 316.
- ↑ Ярашэвіч 2004.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы А. Міхаіл Барысавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 316. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Борзаковский В. С. История Тверского княжества. — СПб., 1876.
- Жизневский А. К. Портрет тверского великого князя Михаила Борисовича. — Тверь, 1889.
- Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485) / Пер. с нем. — Тверь, 1994.
- Ярашэвіч А. Выстава «Нясвіжскія зборы Радзівілаў» у Нацыянальным мастацкім музеі // Наша Вера. — 2004. — № 4 (30).