Навум Козіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Навум Козіч (1866, в. Хамікі, Гродзенскі павет — ?) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, педагог.

Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1908), вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце (1918). Удзельнік Першай сусветнай вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 далучыўся да беларускага вайсковага руху. На з'ездзе беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту 24 лістапада 1917 абраны ў склад Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. Удзельнік Усебеларускага з'езда 1917. У пачатку 1918 старшыня бежанскай камісіі Рады БНР, адзін з загадчыкаў друкарні Народнага сакратарыята Беларусі, член Беларускага настаўніцкага саюза. Восенню 1918 адзін з арганізатараў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, член яе ЦК. 3 кастрычніка 1918 выкладчык Будслаўскай беларускай гімназіі. Пасля яе закрыцця польскімі ўладамі вярнуўся ў Мінск, член Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта. 13 снежня 1919 на сесіі Рады БНР абраны яе сакратаром, прыхільнік урада В. Ластоўскага. У пачатку 1920-х г. удзельнік антыпольскага падполля і партызанскага руху на Гродзеншчыне. У 1922 уваходзіў у беларускі паўстанцкі штаб Гродзенскай акругі. На судовым працэсе «45-ці» ў Беластоку (май 1923), арганізаваным супраць беларускіх эсэраў, праходзіў па спісе «падазроньк». 3 1926 член Беларускай сялянска-работніцкай грамады (прыхільнік яе нацыянальнай плыні), кіраўнік гуртка Таварыства беларускай школы ў Свіслачы. У кастрычніку 1930 у складзе Беларускага нацыянальнага выбарчага камітэта ў Гродне. Далейшы лёс невядомы.